Два гады таму грамадзянін Нідэрландаў Эдвін Люберс разам з сям'ёй вырашыў прыехаць у Беларусь. Да гэтага ён амаль 20 гадоў пражыў у Катары і Саудаўскай Аравіі, дзе працаваў топ-менеджарам у кампаніі Shell. Жонка Эдвіна Кацярына родам з Беларусі. У Катары яна працавала ў філармоніі, па вяртанні на радзіму стала выкладчыкам у Акадэміі музыкі па класе арфы, таксама працуе ў Вялікім тэатры оперы і балета. Сам Эдвін актыўна заняўся будаўніцтвам дома пад Мінскам і збіраўся пачаць тут бізнэс.

Але ў маі 2014-га адбыўся інцыдэнт, які змяніў яго меркаванне пра Беларусь як пра краіну, дзе замежнікі могуць камфортна жыць і працаваць.

Сям'я Люберс жыве за 20 км ад Мінска ў вёсцы Тарасава. І кожны дзень усе разам яны ездзяць у горад на машыне — дзеці на вучобу, муж і жонка па справах і на працу. 10 мая мінулага года Эдвіна спынілі супрацоўнікі ДАІ, ад якіх ён даведаўся, што кіраваць аўтамабілем па замежным пасведчанні ён не мае права — прайшло 90 дзён з моманту атрымання права на жыхарства. І па законе ён павінен быў замяніць замежнае пасведчанне кіроўцы на беларускае.

«Для мяне гэта стала шокам, таму што калі я атрымліваў права на жыхарства, ніхто не папярэдзіў мяне, што я абавязаны замяніць правы. У мяне міжнароднае пасведчанне кіроўцы. Сярод краін, дзе яно прымаецца, значыцца і Беларусь. Больш за 35 гадоў я кірую аўтамабілем, ні ў адной краіне свету ў мяне не ўзнікала праблем з дакументамі, — кажа Эдвін. — Я заплаціў штраф — 750 тысяч рублёў. І адправіўся да адваката, каб даведацца, як паводзіць сябе ў такой сітуацыі».

Згодна з арт. 5 закона «Аб дарожным руху», замежныя грамадзяне, якія атрымалі від на жыхарства ў Беларусі, праз 90 дзён павінны атрымаць беларускае пасведчанне кіроўцы, калі хочуць кіраваць аўтамабілем. Іх замежныя правы перастаюць дзейнічаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Каб атрымаць беларускае пасведчанне, замежнік павінен выканаць некалькі ўмоў. Першае — паспяхова здаць тэарэтычны экзамен у ДАІ.

«Каб атрымаць від на жыхарства ў Беларусі, ад замежніка не патрабуюць валодання рускай або беларускай мовай. Але калі хочаш кіраваць аўтамабілем у гэтай краіне, ты абавязаны валодаць рускай, таму што заданні тэсту ў ДАІ толькі на гэтай мове. Абсурдная сітуацыя», — лічыць Эдвін.

Ён вывучае рускую мову, але працэс ідзе не так хутка, як хацелася б. Каб здаць іспыт у ДАІ, павярхоўнага разумення недастаткова, бо многія пытанні складзеныя «са шпількай». А кіраваць аўтамабілем трэба кожны дзень — адвозіць дзяцей у горад, вырашаць пытанні з домам і працай.

Пакуль ён не можа сесці за руль свайго аўтамабіля ў Беларусі, яго жонка Кацярына працягвае ездзіць з пасведчаннем, выдадзеным у Катары. Паколькі яна з'яўляецца грамадзянкай Рэспублікі Беларусь, ад яе не патрабуюць замены пасведчання. Такая ж сітуацыя і з замежнікамі, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, па візе — яны колькі заўгодна могуць кіраваць аўтамабілем, маючы толькі замежнае пасведчанне.

«Я пытаюся супрацоўнікаў ДАІ: як можа быць такая супярэчнасць? Чаму я з правам на жыхарства павінен замяніць правы, а мая жонка, грамадзянка, па такіх жа правах можа ездзіць і далей? Інспектары толькі разводзяць рукамі.

Параілі мне адмовіцца ад права на жыхарства, атрымаць беларускую візу і жыць па ёй. Але прабачце, я пабудаваў тут дом, у які ўклаў некалькі сотняў тысяч даляраў. Тут жыве мая жонка і дзеці, яны — грамадзяне Рэспублікі Беларусь. У рэшце рэшт, атрымаць права на жыхарства было досыць складана, я прайшоў мноства бюракратычных працэдур.

Дык чаму я павінен ад яго адмовіцца? З-за таго, што адзін закон не адпавядае іншаму?» — задаецца пытаннем нідэрландзец.

Даць Эдвіну перакладчыка ў ДАІ адмовіліся — не прадугледжана законам.

На запыт БелаПАН ва ўпраўленні ДАІ МУС растлумачылі: асобы, якія не валодаюць рускай і (або) беларускай мовамі, маюць права выступаць на мове, якой яны валодаюць, толькі пры разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў, а таксама гаспадарчых спрэчак у судах. У судзе Маскоўскага раёна, куды Люберс таксама звяртаўся, прыйшлі да такой жа высновы — адмова ад прадастаўлення перакладчыка на экзамене ў ДАІ не з'яўляецца парушэннем закона.

Начальнік міжраённага экзаменацыйнага аддзела ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Савошчанка адзначыў, што прысутнічаць на экзамене маюць права толькі супрацоўнікі МУС, ДАІ, прадстаўнікі іншых зацікаўленых дзяржорганаў і навучальных арганізацый. Ці могуць яны дапамагчы з перакладам замежнаму грамадзяніну?

«Перакладаць пытанні не ўваходзіць у іх абавязкі, — заявіў Савошчанка. — Да нас прыходзяць замежнікі, якія ведаюць англійскую, нямецкую, іспанскую мовы. І што, член камісіі павінен усё гэта ведаць? Не, вядома. А раптам супрацоўнік ДАІ, які валодае замежнымі мовамі, будзе дапамагаць грамадзяніну здаваць тэст, будзе падказваць яму правільныя адказы? Астатнія сябры камісіі нават не змогуць улавіць сэнс, яны ж гэтую мову не ведаюць».

Прадстаўнікі МУС спасылаюцца на Канстытуцыю і закон «Аб мовах», тлумачачы, чаму экзаменацыйныя тэсты ў ДАІ толькі на рускай мове. На беларускай — у працэсе распрацоўкі. Пераклад на англійскую мову як асноўную міжнародную не прадугледжваецца.

Другая ўмова для абмену пасведчання — здаць у ДАІ замежныя правы кіроўцы.

«Я не разумею, на якой падставе я павінен аддаць правы, якія мне выдалі ў Нідэрландах, супрацоўнікам ДАІ ў Беларусі. І калі я збяруся на пару дзён з'ездзіць на радзіму, мне што, трэба кожны раз прыходзіць у ДАІ і прасіць, каб яны на час мне вярнулі мае дакументы?

Усе гэтыя пытанні я задаваў інспектарам. Ведаеце, што яны мне адказалі? Калі прыедзеш у Нідэрланды, скажы, што правы ў цябе скралі, каб табе выдалі новыя. Я быў у шоку, што супрацоўнікі праваахоўных органаў даюць такую параду», — кажа Эдвін.

Яшчэ нядаўна замежныя пасведчанні кіроўцы сапраўды трэба было аддаць у Дзяржаўтаінспекцыю. На запыт БелаПАН намеснік начальніка ДАІ Мінска Уладзімір Півульскі тлумачыць, што «вяртанне пасведчання, выдадзенага кампетэнтнымі органамі замежнай дзяржавы, пасля яго абмену на пасведчанне кіроўцы Рэспублікі Беларусь, дзеючым заканадаўствам не прадугледжана». Адказ датаваны 15 мая 2015 года.

Пазней начальнік міжраённага экзаменацыйнага аддзела ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Савошчанка растлумачыў, што літаральна тыдзень таму было прынята рашэнне ўсё ж такі не забіраць у замежнікаў іх ранейшае пасведчанне кіроўцы.

«У 2011 годзе, калі намеснікам начальніка УДАІ МУС быў Васіль Бульбянкоў, нідзе не было выразна прапісана, павінны мы вяртаць або пакідаць у сябе замежныя пасведчанні кіроўцы, — адзначае Савошчанка. — Да нас паступіла афіцыйнае тлумачэнне аб тым, што механізм такі — абмен замежнага дакумента на беларускі, пры гэтым замежнае павінна здавацца і захоўвацца ў нас, па заканчэнні двух гадоў знішчацца, а беларускае грамадзянін атрымлівае на рукі. Калі ён потым хоча зноў вярнуць сваё замежнае пасведчанне, то з беларускімі правамі ён для абмену звяртаецца ў кампетэнтны орган у сябе на радзіме».

Аднак нядаўна ў ДАІ звярнуўся замежнік са скаргай: на якой падставе інспекцыя пакідае ў сябе замежныя пасведчанні, калі ва ўказе № 200 выдача беларускага пасведчання прадугледжана на падставе прадастаўлення копіі замежнага дакумента разам з арыгіналам.

«Алгарытм быў перапрацаваны, — кажа Савошчанка. — Апошнія дзён дзесяць мы працуем па новых прынцыпах — замежнае пасведчанне застаецца на руках у кіроўцы».

Пры гэтым ва ўпраўленні ДАІ кажуць, што да канца гэтае пытанне не ўрэгуляванае.

Разглядаецца варыянт, што замежныя пасведчанні кіроўцаў па пошце будуць высылаць у краіну іх выдачы, каб грамадзянін па прыездзе змог іх там забраць.

Мы звярнуліся з запытамі не толькі ў ДАІ, але таксама ў Міністэрства юстыцыі, Генпракуратуру і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў з пытаннем — ці не бачаць дзяржорганы супярэчнасці ў тым, што для атрымання права на жыхарства замежніку неабавязкова ведаць рускую мову, але каб кіраваць ў Беларусі аўтамабілем ён абавязаны здаць тэст на веданне ПДР менавіта на рускай.

Але ўсе адказы зводзяцца да таго, што гэтае пытанне — у кампетэнцыі ДАІ. А тут настойваюць, што толькі выконваюць закон, а не шукаюць супярэчнасці.

Эдвін Люберс тым часам напісаў ліст прэзідэнту і рыхтуе зварот у Канстытуцыйны суд і парламент. Ён хоча звярнуць увагу на «непрымальны закон для замежнікаў у Беларусі».

«Прэзідэнт запрашае замежнікаў інвеставаць і жыць у Беларусі, але ў мяне склалася ўражанне, што не ўсе службовыя асобы падзяляюць гэты пасыл, — кажа Эдвін. — Калі на дарозе мяне спынялі шараговыя супрацоўнікі ДАІ, яны заўсёды ветліва звярталіся, хай і на ламанай англійскай. Але як толькі з'явілася праблема і я быў вымушаны звярнуцца да кіраўніцтва, адразу паўстала сцяна непаразумення. І так адбываецца не толькі ў сферы дарожнага руху.

Калі Беларусь чакае не толькі расійскія, але і еўрапейскія інвестыцыі, дзяржорганы павінны загаварыць хаця б на англійскай. І для выканання тэхнічных працэдур павінен быць зроблены пераклад.

Дыскрымінацыйныя законы прымушаюць такіх замежнікаў, як я, задумацца пра тое, каб з'ехаць і зрабіць унёсак у развіццё грамадства ў іншай краіне, больш добразычлівай да іншаземцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?