Сёння ў швейцарскім Цюрыху праходзіць кангрэс ФІФА. У яго рамках адбудуцца выбары новага прэзідэнта арганізацыі. На пасаду прэтэндуюць двое – сённяшні кіраўнік ФІФА, швейцарац Ёзэф Блатэр, і прынц Іарданіі Алі бін Аль-Хусэйн.

Выбары новага прэзідэнта ФІФА праходзяць на фоне гучных карупцыйных скандалаў. Літаральна пару дзён таму былі арыштаваныя дзевяцёра функцыянераў ФІФА, якія, як падазраецца, бралі хабар за вызначэнне краіны-гаспадара чэмпіянату свету па футболе. Расследаванне ініцыявалі ў ЗША.

Беларуская дэлегацыя, як амаль усе еўрапейскія краіны, а таксама ЗША і Аўстралія, на гэтым кангрэсе падтрымлівае кандыдатуру прынца Іарданіі. Еўрапейцы лічаць, што ФІФА загразла ў карупцыі, і цяпер самы час рабіць перамены.

Блатэр ужо немалады чалавек, яму 79 гадоў, а чарговы прэзідэнцкі тэрмін стане для яго пятым.

Кандыдатуру швейцарца падтрымліваюць абсалютна ўсе афрыканскія краіны, большасць краін Азіі, а таксама Расія, якая акурат і атрымала права на правядзення чэмпіянату свету – 2018.

Алі бін Аль-Хусэйну 39 гадоў, ён віцэ-прэзідэнт ФІФА, а таксама прэзідэнт Федэрацыі футбола Заходняй Азіі. Прынц Алі — другое дзіця трэцяй жонкі былога караля Іарданіі Хусэйна.

Пакуль перавага на баку Блатэра, але частка краін Карыбскага рэгіёна перайшлі на бок прынца Алі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?