Старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ) аднагалосна выбраны намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кандыдат культуралогіі Алесь Суша.

Такое рашэнне прынялі 29 мая ў Мінску дэлегаты VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў.

На гэтай пасадзе Суша змяніў ранейшага кіраўніка асацыяцыі — акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гісторыка Міхаіла Касцюка.

Звяртаючыся да дэлегатаў форуму, Суша зазначыў, што яшчэ нядаўна меў намер адмовіцца ад магчымасці ўзначаліць МАБ, аднак зараз «гатовы пераняць гэтую адказную працу».

Ён з упэўненасцю заявіў, што «на працягу наступных пяці гадоў асацыяцыі трэба будзе мяняцца». МАБ, сказаў новаабраны старшыня арганізацыі, неабходна пашыраць геаграфію дзейнасці і «амалоджваць свае рады», а таксама «наладзіць супрацоўніцтва з дыпламатычнымі і культурнымі цэнтрамі Беларусі за мяжой».

«Мы павінны паказаць сваю неабходнасць для беларускай дзяржавы і партнёраў, — падкрэсліў Суша. — Трэба абгрунтаваць сваю важнасць і быць цікавымі для тых, хто гатовы нам дапамагаць».

Унутраная камунікацыя членаў МАБ, мяркуе ён, таксама павінна быць пераўтвораная: «Трэба ўваходзіць у сацыяльныя сеткі, праводзіць сустрэчы членаў камісіі дыстанцыйна ў рэжыме вэб-канферэнцый». «Карыстаючыся сучаснымі тэхналогіямі, асацыяцыя можа пашырыць кантакты з маладымі даследчыкамі за мяжой», — дадаў Суша.

Новы кіраўнік асацыяцыі беларусістаў зазначыў, што менавіта МАБ павінна стаць ініцыятарам правядзення многіх значных праектаў. Так, асацыяцыя павінна сама выйсці з прапановамі аб тым, як адзначыць найбліжэйшыя знакавыя даты, сярод якіх 25-годдзе МАБ, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 100-годдзе рэвалюцыі 1917 года, 950-годдзе Мінска.

***

Міжнародная асацыяцыя беларусістаў — грамадскае навукова і культурна-асветніцкае аб'яднанне, створанае ў маі 1991 года. Сузаснавальнікамі МАБ выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, а таксама шэраг міністэрстваў — адукацыі, культуры і замежных спраў. Арганізацыя аб'ядноўвае даследчыкаў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры і асветы, перакладчыкаў, якія даследуюць культурна-гістарычную спадчыну і сучаснае развіццё беларускага народа, іншых спецыялістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?