Трагедыя паблізу вёскі Лядзец Столінскага раёна здарылася вечарам 26 мая. Пра здарэнне не паведамлялася да высвятлення прычын смерці 44-гадовага веласіпедыста.
Начальнік Столінскага райаддзела Следчага камітэта Андрэй Сенькавец паведаміў, што труп знайшлі на дарозе непадалёк ад вёскі Лядзец, побач ляжаў і ровар. Судмедэкспертыза выявіла, што мужчына загінуў ад удару навальнічнай маланкі.
У той вечар мужчына вяртаўся ў Лядзец да сужыцелькі пасля таго, як наведаў маці ў Турах. Просьбы маці не выязджаць з дому, бо пачалася навальніца, сын праігнараваў. Да пункта прызначэння ён не дабраўся.
На зямлі побач з загінулым знайшлі мабільны тэлефон.
Мужчына не быў жанаты, дзяцей у яго няма.