14 лютага суд Савецкага раёна Гомеля пакінуў у сіле рашэнне райваенкамату аб прызыве на службу мясцовага актывіста дэмакратычных сіл Змітра Жалезнічэнкі.

Нагадаем, намеснік старшыні абласной арганізацыі «Моладзь БНФ» Зміцер Жалезнічэнка быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны. Ён з’яўляўся выдатнікам вучобы і не прапускаў заняткі без уважлівай прычыны. Першае адлічэнне актывіст дэмакратычных сіл абскардзіў у судзе і дамогся аднаўлення ў ВНУ, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і прызваны ў армію.

8 лютага суддзя суду Савецкага раёна Гомеля Юрый Жораў задаволіў скаргу бацькоў юнака і прыпыніў рашэнне вайсковай камісіі аб прызыве Змітра Жалезнічэнкі ў войска. Актывіст на той момант ужо знаходзіўся ў частцы ў Жлобіне.

9 лютага адбылася прысяга маладога папаўнення. Аднак Жалезнічэнка, ужо ведаючы пра рашэнне суду, адмовіўся даць клятву вернасці радзіме.

Сёння падчас чарговага судовага паседжання высветлілася, што той жа самы суддзя Юрый Жораў яшчэ 8 лютага адмяніў уласнае рашэнне «ў сувязі з новымі абставінамі». Што гэта былі за абставіны на судзе не канкрэтызавалася. У якасці сведкі ў судзе таксама выступіў ўрач, які рабіў дагляд юнака падчас прызыву. Ён паведаміў, што дыягназ Змітра Жалезнічэнкі — гіпертэнзія, які даваў таму адтэрміноўку ад вайсковай службы, не пацвердзіўся.

«Што тут казаць — і так усё зразумела. Змітру трэба адмысловая дыета. Не ведаю, ці магчыма гэта зрабіць у вайсковай частцы», — пракаментавала Рацыі судовае рашэнне маці актывіста Алла Жалезнічэнка.

Адвакат юнака мае намер абскардзіць рашэнне Савецкага суду, а таксама падаць скаргу ў Цэнтральны суд у сувязі з незаконным адлічэннем Змітра Жалезнічэнкі з універсітэту.

Павал Катвіцкі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0