Нагадаем, што праз моцны вецер учорашняя індывідуальная гонка на 15 кілямэтраў у жанчын была перанесеная на чацьвер. У гэты ж дзень павінна была адбыцца і мужчынская гонка на 20 км з чатырма агнявымі рубяжамі.
Беларуска Вольга Кудрашова, якая прамахнулася толькі аднойчы, заняла высокае дзявятае месца. Выніковыя балы таксама набралі Вольга Назарава (19‑ая) і Людміла Калінчык (30‑ая). Найіацнейшай жа аказалася расіянка Кацярына Юр’ева, якая закрыла ўсе дваццаць «талерачак». Срэбра ў немкі Марціны Глагаў, з бронзай -- украінка Хвастэнка.
На двух верхніх прыступках п’едэсталу ў мужчын аказаліся нарвэжцы Свэндсэн (золата) і Б’ёрндален (срэбра), замкнуў тройку расеец Максімаў. Беларусы таксама годна выступілі ў гэтай дысцыпліне. Рустам Валіулін заняў восьмае месца, у яго два промахі, калі б адстраляў «чыста» быў бы першым. Сяргей Новікаў — 14‑ы, Аляксандар Сыман — 21‑ы.
Трэба адзначыць, што вынікі Валіуліна і Кудрашовай лепшыя ў гэтым сэзоне сярод беларусаў. Апошняя, дарэчы, ужо заваявала права выступіць у масстарце 16 лютага.
Зборная Беларусі з адным мэдалём, заваяваным у зьмешанай эстафэце, займае чацьвёртае месца ў агульным заліку чэмпіянату сьвету.