Кнігі, што трапілі ў шорт-ліст прэміі Гедройца.

Кнігі, што трапілі ў шорт-ліст прэміі Гедройца.

Увечары 1 чэрвеня будуць названыя пераможцы Літаратурнай прэміі імя Гедройца за найлепшую беларускамоўную кнігу ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі. За некалькі гадзін да цырымоніі арганізатары і сябры журы распавялі журналістам пра крытыку прэміі, жанравую разнастайнасць і ўплыў на рынак.

«Часта мова можа абараняць межы эфектыўней, чым танкі», — сцвярджае адзін з аўтараў прэміі, амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка. Па яго назіраннях, прэмія Гедройца стала адной з самых прэстыжных літаратурных прэмій Беларусі ды паспрыяла росту колькасці выданняў па-беларуску. Мова, кажа амбасадар, ёсць адным з сур’ёзных інструментаў фармавання самасвядомасці народа.

Ён падкрэсліў, што патронам прэміі нездарма быў абраны «чалавек-інстытут» Ежы Гедройц — ураджэнец Мінска ды адзін з самых вядомых польскіх публіцыстаў. Яго ідэі да ўзаемаадносін Польшчы з суседзямі цягам многіх год абумаўлялі замежную палітыку. Адна з найбольш важных з гэтых ідэй на думку амбасадара — ідэі аб нацыянальным адраджэнні і суверэнітэце ўсходніх суседзяў Польшчы.

Прэмія Гедройца стала не толькі адной з самых прэстыжных, але і самай абмеркаванай, заўважыў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які сёлета ўпершыню не ўвайшоў у склад журы.

Ён перакананы, што ў шорт-ліст увайшлі насамрэч найлепшыя кнігі года, хаця адзначыў нямала іншых кніг, на яго думку вартых увагі.

Андрэй Хадановіч (ПЭН-цэнтр), Лешак Шарэпка, Барыс Пятровіч (СБП)

Андрэй Хадановіч (ПЭН-цэнтр), Лешак Шарэпка, Барыс Пятровіч (СБП)

«Спрэчкі будуць заўсёды, калі пытанне будзе тычыцца вызначэння найлепшай кнігі, бо, безумоўна, густы ў людзей розныя», — дадала сябра журы Ганна Янкута. — Вынікі любой прэміі, у якой колькасць журы абмежаваная, вызначаная загадзя, будуць выклікаць спрэчкі, пытанні. І гэта, як для мяне, добра, карысна, неабходна. Калі няма спрэчак, значыць, літаратура нікому не цікавая».

Польская сябра журы Малгажата Бухалік выказвалася за зняццё з сайта прэміі рэцэнзіі Марыі Мартысевіч на кнігу Віктара Казько «Час збіраць косці», але рэцэнзія засталася на сайце. На думку Шарэпкі, трэба, каб на кожную кніжку шорт-ліста былі і негатыўныя, і пазітыўныя рэцэнзіі (да гэтага ўсё і ідзе). Свабода крытыкаў важная для прэміі, дадала Янкута: каб вызначыць найлепшую кнігу, журы параўноўвае свае меркаванні з меркаваннямі крытыкаў, а ў гэтым годзе і з чытацкім галасаваннем.

«Менавіта гэтае маштабнае, аб’ёмнае бачанне нашай літаратуры акурат цікавае», — тлумачыць яна.

У гэтым годзе арганізатарам удалося правезці аўтараў кніг-намінантаў па абласных цэнтрах Беларусі, адзначыў старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. Хаця сустрэчы з чытачамі праходзілі з ажыятажам, паездкі «за МКАД» пакінулі сумнае ўражанне ад візітаў у кнігарні — беларускай літаратуры бракуе ў продажы па-за межамі сталіцы.

Арганізатары прэміі тым часам заўважаюць актыўнасць выдаўцоў «пад прэмію»: пад канец года пачынаюць больш актыўна друкавацца кнігі, што падыходзяць пад фармат прэміі. Але наўрад ці самі кнігі пішуцца адмыслова «пад прэмію».

Журы адзначыла цяжкасць вызначэння пераможцаў пры вялікай разнастайнасці жанраў — цяжка параўноўваць, напрыклад, эсэ і гістарычны раман. У ідэальным свеце, кажа Янкута, мусілі бы існаваць асобныя прэміі для кожнага жанру і тыпу літаратуры. Але ў цяперашніх умовах мэтазгодна рабіць адну суцэльную нацыянальную прэмію для прозы. Пакуль рынак не настолькі насычаны беларускай літаратурай, каб драбіць прэміі на асобныя жанры, сцвярджае Шарэпка.

Ды агулам па Беларусі бракуе літаратуры пэўных жанраў — non-fiction, дзіцячай літаратуры, пэўных папулярных жанраў, адзначылі арганізатары.

Шарэпка прыводзіць у прыклад жанр навуковай фантастыкі — камерцыйна паспяховы, але не распаўсюджаны не толькі сярод беларускіх, але і для польскіх аўтараў. Але прэмія Гедройца нарадзілася, калі, па словах сябра журы Ціхана Чарнякевіча, была практычна «спустошаная зямля» — цяпер штогод расце жанравая разнастайнасць. Як расце і агульная колькасць выданняў па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?