У першай палове мая Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне газеце Віцебскай епархіі БПЦ «Наше православіе». У сувязі з гэтым на некаторых праваслаўных сайтах, што знаходзяцца ў даменнай зоне.by (sobor.by, odigitria.by), а таксама на расейскіх сайтах, як zavtra.ru, нехта Анатоль Шлыкаў распаўсюджвае дзіўныя звароты.

Напрыклад, Шлыкаў выносіць пісьмовае папярэджанне беларускім чыноўнікам. «Нядаўняя правакацыйная заява чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі ў адрас газеты «Наше православіе» з'яўляецца недружалюбным выпадам супраць праваслаўных хрысціян і ставіць перад сабой мэту вывесці праваслаўных хрысціян на вуліцы. Таму мы, праваслаўныя хрысціяне, не сядзім склаўшы рукі. Мы рыхтуемся да антымайдану. Ніхто не зможа нам забараніць гэта рабіць. Мы выйдзем на вуліцы, але толькі для таго, каб разагнаць дзярждэпаўскі майдан».

Самае цікавае, што аўтар перакананы, што на дзярждэпаўскіх пайках сядзяць не толькі зненавідныя яму «свядомыя», але і дзяржаўныя ідэолагі. На думку Шлыкава, яны атрымалі непасрэдную задачу – «даводзіць да слёз праваслаўных вернікаў». «Але ці паслухаюць ідэолагі свой народ? Не. Бо для гэтага ім трэба адмовіцца ад дзярждэпаўскіх піражкоў, а гэта не ў сілах беларускіх ідэолагаў», — сцвярджае Шлыкаў.

«Калі раптам беларускаму прэзідэнту па нейкіх прычынах не ўдасца ўтрымаць у краіне сітуацыю пад кантролем, то мы, праваслаўныя хрысціяне, не будзем абыякава назіраць за падзеямі, што адбываюцца. Мы паступім гэтак жа, як і жыхары Данбаса. Але ў адрозненне ад іх, мы не будзем абмяжоўвацца адной або двума абласцямі — мы вызвалім ўсю Беларусь ад майданшчыкаў», — ад імя праваслаўных вернікаў гаворыць Шлыкаў.

У правіну беларускім чыноўнікам, якіх Шлыкаў проста дэманізуе, ён ставіць спробу расколу Беларускай праваслаўнай царквы. Пад расколам ён мае на ўвазе большую самакіраванасць БПЦ, пра якую казаў мітрапаліт Павел напрыканцы мінулага года. Іншы пункт – перапісванне гісторыі вайны 1812 года. Так склалася, што ў беларускай гістарыяграфіі тая вайна лічыцца хутчэй грамадзянскай, але зусім не айчыннай.

Адзінымі пазітыўнымі чыноўнікамі ў матэрыялах Анатоля Шлыкава паўстаюць былы кіраўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксандр Базанаў, а таксама ягоны намеснік Леў Крыштаповіч, якія летась былі пазбаўленыя пасад.

У іншай публікацыі аўтар адзначае: «Беларусы зайздросцяць расейцам. У іх ёсць тысячагадовая гісторыя. У нас, беларусаў, няма гісторыі, але ёсць гісторыкі, якія абвясцілі яе выдуманай».

«Застаёмся быць рускімі і мы, карэнныя жыхары Беларусі, таму што рускімі мы былі тысячу гадоў таму, рускімі мы застанемся і цяпер. На жаль, у самой Расіі не ўсе разумеюць, што мы, карэнныя беларусы, з’яўляемся такімі ж рускімі, як самі расіяне», - перакананы аўтар.

Шлыкаў катэгарычна супраць ушанавання ў Беларусі памяці аб вялікх князях літоўскіх. Ён параўноўвае гэта з тым, каб сёння ў Расіі пачалі ўшаноўваць татарскіх ханаў. А час знаходжання сённяшніх беларускіх земляў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай называе не інакш, як «літоўска-польскае ярмо».

У сваіх шматлікіх публікацыях Анатоль Шлыкаў называе сябе «выконваючым абавязкі панамара ў храме святой роўнаапостальнай Алены». У простай мове панамароў часам называюць «дзячкамі».

Просты пошук у інтэрнэце дазваляе знайсці, што асноўным месцам працы Анатоля Шлыкава з’яўляецца прыватнае прадпрыемства, якое займаецца продажам польскіх помпаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?