01.06.2015 / 16:50

Амерыканка здала як смецце першы камп’ютар Apple 4

Іншыя прадалі яго за 200 тысяч даляраў — цяпер шукаюць гаспадыню, каб падзяліцца прыбыткам.

Apple I у рабочым стане, прададзены на аўкцыёне ў 2014 годзе. Фота: computerworld.com

Цэнтр перапрацоўкі электронных адкідаў Clean Bay Area у Маўнцін-В’ю, Каліфорнія, ЗША атрымаў у якасці смецця Apple I, адзін з 50 першых камп’ютараў сённяшняга ІТ-гіганта, паведамляе мясцовая газета San Jose Mercury News.

Apple I не падобны да сучасных камп’ютараў: яго збіралі літаральна на каленках у гаражы, а прадавалі ў выглядзе адной платы, да якой трэба было самастойна дадаць корпус, манітор, клавіятуру і блок сілкавання.

Кампанія прадала апарат калекцыянеру за 200 тысяч даляраў (на старце продажаў у 1976 годзе такі каштаваў 666 даляраў). Жанчыну, якая здала «смецце» ў закрытай каробцы і не пакінула свайго імя, шукаюць, каб выдаць ёй прынамсі палову атрыманай сумы. Кажуць, жанчына наводзіла парадак дома пасля смерці мужа.

Apple I быў адным з першых у свеце персанальным камп’ютараў, што прадаваўся ў практычна сабраным выглядзе (дагэтуль карыстальнікам трэба было збіраць няпросты «канструктар»). Такі камп’ютар у рабочым стане ў 2014 годзе прадалі на аўкцыёне за 905 тысяч даляраў.

Пасля таго, як заснавальнікі Apple пераканаліся ў цікаўнасці да іх прадукту, у 1977 годзе быў прадстаўлены Apple II — ужо ў пластыкавым корпусе з клавіятурай. Ён быў выраблены ў колькасці 5-6 млн асобнікаў і стаў адным з найбольш папулярных камп’ютараў свайго часу. Мадыфікацыі Apple II вырабляліся да 1990-х.

Аляксандр Арсёнаў

0
Announcer / Адказаць
01.06.2015 / 17:29
І сучасныя кампутары так прадаюцца. Пашукайце Barebone.
0
Віктар / Адказаць
01.06.2015 / 19:02
Аляксандр Арсёнаў - толькі два Вашых артыкулы прачытаў, і ўжо памылкі. Ды не граматычныя, а сэнсавыя. Вось тут, напрыклад, у адным абзацы напісана, што Apple I пастаўляўся толькі як плата, а праз абцац - тое, што гэты кампутар быў адным з першых, якія пастаўляліся ў сабраным выглядзе. Дык як гэта разумець?
0
Аляксандр Арсёнаў / Адказаць
01.06.2015 / 19:06
Віктар, разумець так, што да часоў Apple I камп'ютары да стану той адной платы трэба было яшчэ папярэдне збіраць па частках. У Apple I усё ўжо было ўсталяванае на адну плату, заставалася толькі гэтую плату ўставіць у корпус (гэта неабавязкова) і падключыць перэферыю.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру