02.06.2015 / 12:32

Адамчык, Аляхновіч, Багдановіч, Барадулін, Быкаў — у друк выходзіць серыя беларускіх класікаў у 26 тамах 33

23-24 чэрвеня ў крамы паступіць 26 тамоў серыі «Мая беларуская кніга», якую выпускае выдавецтва «Папуры». Серыя прадстаўляе з сябе зрэз беларускай літаратуры — ад старажытных легендаў, народных казак, хрэстаматыйных і малавядомых твораў класікаў да працаў сучасных пісьменнікаў.

19 чэрвеня наклад дадрукуюць, а 24 чэрвеня ў краме OZ.BY адбудзецца прэзентацыя серыі з удзелам крытыкаў і маладых літаратараў. Сумарны наклад складзе больш за 60 тысяч асобнікаў.

Кожная кніга выйдзе накладам 2—2,5 тысячы асобнікаў. Купіць творы можна будзе ва ўсіх крамах OZ.BY і «Белкніга», у якой больш за 70 кропак па Беларусі.

Кнігі будуць у мяккай вокладцы кішэннага фармату, і выдаўцы абяцаюць, што кошт аднаго асобніка не будзе перавышаць 100 тысяч рублёў.

«Мы хочам, каб беларускую класіку сапраўды чыталі і каб яна была даступная, таму выбралі дэмакратычны фармат выпуску. Дырэктары «даўно хацелі выдаць беларускую класіку. Мы беларускае выдавецтва, а беларускіх кніг да гэтага моманту не выдавалі», — кажуць у выдавецтве.

Над праектам на працягу двух гадоў працавалі гісторык, паэт, віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Арлоў, пісьменнік і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Пятро Васючэнка, філолаг і грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі, літаратуразнаўца, пісьменнік, доктар філалагічных навук Міхась Тычына і пісьменнік, перакладчык, выдавец Уладзімір Сіўчыкаў.

Мэта праекта — зрабіць айчынных пісьменнікаў бліжэй да беларусаў, а чытачам даць шанец зноўку прачытаць і ацаніць творы, прадстаўленыя сярэдняй школай не ў поўным аб'ёме, а часам «пройдзеныя» толькі фармальна.

0
Мікола / Адказаць
02.06.2015 / 12:40
Я бачу паважаныя прозвішчы распрацоўшчыкаў серыі... але... хочацца сказаць - "Рабяты, што вы робіце?" - ёсць жа серыя Беларускі Кнігазбор, навошта клоны пладзіць? Маеце рэсурсы - аб'яднайцеся. БК вельмі грунтоўная серыя і мае заслужаную увагу чытачоў.
0
ofa / Адказаць
02.06.2015 / 13:29
Кнігазбор ужо для калекцыянераў))))) Але ж кошт на дыхтоўныя кнігазбораўскія выданні больш прывабны, чым на новую серыю. І ўсё ж кніжак шмат быць не можа. Магчыма, акурат дыхтоўнасць Кнігазбора адштурхоўвае кагосьці. Я б на месцы стваральнікаў серыі толькі пастаралася уйсці ад класічнага стылю афармлення вокладкі. Хочацца нечага больш сучаснага. Тым больш калі гаворка ідзе пра кнігі для шырокага чытача.
0
Алёкса / Адказаць
02.06.2015 / 13:36
Мікола, ну навошта зноў казаць "навошта?" У мяне часам з'яўляецца меркаваньне, што каментары на НН пішуць адныя нубы, якія нічым незадаволеныя. Вы кошт кніг БК бачылі? асабіста я бачыў толькі пачынаючы ад 200 т.р. Скажыце, ці набудзе чалавек, які не фанат бел.літ-ры, такую кнігу? Думаю, што ён пойдзе і купіць Пелевіна ў мяккай вокладцы за 100 т.р. і пачытае. Мяркую, што выпуск падобнай серыі - цудоўна! Хадзіў па кнігарням і думаў, чаму б не выпусьціць беларускую серыю кшталту pocket. Рэспект выдаўцам. Сапраўды пашырэньне бел.літа.
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру