Супрацоўнікі аховы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту затрымалі актывістак незарэгістраванага моладзевага руху «Зубр» Натальлю Вушко і Алену Корпач. Дзяўчаты расклейвалі налепкі са зьместам рэзалюцыі Эўразьвязу датычна Ўладзімера Навумава, Зьмітра Паўлічэнкі, Віктара Шэймана і Юр’я Сівакова. Наша карэспандэнтка зьвязалася зь дзяўчатамі, калі тыя знаходзіліся ў пакоі ахоўнікаў.
Натальля Вушко і Алена Корпач распавялі, што клеілі налепкі на праспэкце Незалежнасьці (Францішка Скарыны). Ахоўнік БНТУ Юры Ануфрыеў убачыў іх з акна. Дзяўчаты паведамілі, што іх затрымалі вельмі груба. Натальлю і Алену зачынілі ў пакоі аховы. Я патэлефанавала на мабільны тэлефон Алены Корпач, каб яна распавяла пра тое, што здарылася.
Дзяўчаты сказалі, што ахоўнік вельмі раздражняўся, чуючы іхную беларускую гаворку.
(Корпач: ) «Мы цяпер сядзім у кабінэце… Гэта ахова ўнівэрсытэту. Мы клеілі налепкі на праспэкце. Ішлі й клеілі».
(Ануфрыеў: ) «Размаўляць, як я, на сваёй роднай мове! Я на сваёй роднай мове размаўляю».
(Вушко: ) «Ну так што ж вы тут робіце?»
Юры Ануфрыеў намагаўся забраць у дзяўчат мабільныя тэлефоны. Ён выклікаў міліцыю і пагражаў дзяўчатам, што ў іх будуць вялікія праблемы.
(Ануфрыеў: ) «Вы свабоду захацелі?! Я вам пакажу, якая ў вас будзе свабода! Я на вас напішу заяву за парушэньне грамадзкага парадку».
(Корпач: ) «Ня вы будзеце пісаць, а міліцыя».
(Ануфрыеў: ) «Я буду пісаць на вас!»
Дзяўчат ужо затрымлівалі падчас выбарчай кампаніі за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў. Натальля Вушко вучыцца ў БДУ. Там жа вучылася і Алена Корпач, пакуль яе ня выключылі.
За апошнія суткі супрацоўнікі Партызанскага, Цэнтральнага і Ленінскага ўпраўленьняў міліцыі затрымалі сямёх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» за расклейваньне налепак.
Ва ўсіх выпадках міліцыянты перапісалі ў затрыманых пашпартныя зьвесткі. Яны пагражалі студэнтам, што дашлюць паведамленьні ў дэканаты.
Любоў Лунёва, Радыё Свабода