Беларускі пасажырскі самалёт CRJ—100LR, які ўчора раніцай разбіўся і згарэў у ерэванскім аэрапорце, мог пацярпець аварыю яшчэ тры тыдні таму.

Як паведамляла Еўрарадыё, 21 студзеня ў самалёце «Белавія» на рэйсе Берлін‑Мінск амаль адразу пасля ўзлёту быў зафіксаваны сігнал пра разгерметызацыю салона. На борце тады знаходзілася 27 пасажыраў.

Лётчыкі прынялі рашэнне апусціць авіялайнер з 10 тыс. да 3 тыс. метраў. Самалёт паспяхова прызямліўся ў Мінску, было заяўлена, што трывога аказалася непраўдзівай — дала збой аўтаматыка.

Учора на борце самалёта было 18 пасажыраў і 3 члены экіпажу. Усе паспелі выратавацца.

Нагадаем, абодва самалёты CRJ—100LR канадскай вытворчасці паступілі ў парк «Белавія» летась на правах лізінга. Да таго з 1999 года яны лёталі ў Францыі, Нямеччыне, Канадзе і ЗША.

Планавалася, што Беларусь будзе іх эксплуатаваць на працягу 20 гадоў. Не выключалася набыццё яшчэ некалькіх самалётаў CRJ—100LR, разлічаных на 40‑50 пасажыраў.

Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0