2 чэрвеня фатограф Антон Матолька распавёў у сваім блогу пра «беларускую Ісландыю» — месца непадалёк ад Салігорска, у якім тэрыконы (рукатворныя горы з адходаў вытворчасці) ствараюць «касмічныя пейзажы». Свежыя здымкі з гэтых месцаў хутка набралі папулярнасць у сеціве.

Па словах Матолькі, адной з першых дзіўнае месца для шырокай публікі ў верасні 2014 адкрыла фатограф Ганна Іванова, апублікаваўшы фотасправаздачу пра паездку ў сваім блогу. Яна распавяла, што выпадкова ўбачыла «дзіўныя горы» з «атрутных адходаў» некалькі гадоў таму, калі ехала па трасе, якая злучае паміж сабой Мінск і Гомель, а затым вырашыла вярнуцца да іх. Гісторыю паездкі яна суправадзіла некалькімі дзесяткамі фотаздымкаў.

Саляныя адвалы ў Салігорску могуць дасягаць вышыні ў 120 метраў (на ўзроўні 40-павярховага дома). Праход у зону, дзе Іванова зрабіла свае здымкі, забаронены, аднак прабрацца ў гэтыя месцы ўсё ж магчыма, перахітрыўшы вартаўніка, і яны прыцягваюць да сябе ўсё больш турыстаў.

Свой запіс пра «беларускую Ісландыю» Матолька суправадзіў больш свежымі майскімі здымкамі фатографа Юліі Шурмялёвай, зробленымі на смартфон.

Папулярнасці «беларускай Ісландыі», піша Матолька, папярэднічала папулярнасць «беларускіх Мальдываў» — крэйдавых кар'ераў ў вытворчай зоне ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». У тую зону ўлады строга забаранілі ўязджаць турыстам і нават разбурылі асфальтаваную дарогу, якая дазваляе дабрацца да яе хутчэй.

Матолька лічыць, што з «Ісландыяй» можа адбыцца тое ж самае. Тым не меней фатограф не пакідае надзеі, што месца ўсё ж паспрабуюць зрабіць турыстычнай зонай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?