1 чэрвеня адбылося ўручэнне штогадовай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Сёлета першы прыз атрымаў Віктар Казько за кнігу «Час збіраць косці». Ён стаў уладальнікам чэка на суму 10 тысяч еўра ад польскага «Ідэя Банка». Другое месца журы аддало Таццяне Барысік з Магілёва за кнігу «Жанчына і леапард», а трэцяе — Альгерду Бахарэвічу з раманам «Дзеці Аліндаркі». Барысік і Бахарэвіч атрымаюць магчымасць творчай стыпендыі ў Швецыі і Латвіі адпаведна.

«Наша Ніва»: У пераможцаў звычайна пытаюцца, на што будуць патрачаныя грошы.

Віктар Казько: Ой, столькі ўсякіх планаў. Трэба рамонт зрабіць у кватэры, на лецішчы. А яшчэ хачу паставіць помнікі на магілах палескіх сваякоў. Можа, і хопіць.

«НН»: Вы чакалі перамогі?

ВК: Я скажу, што гэта была такая нечаканая чаканка. Канечне, я спадзяваўся на найлепшае, але рыхтаваўся да горшага. Мы і жывём дзеля нечаканасцяў, яны намі рухаюць. Я не працую дзеля прэмій, але не магу сказаць, што яны не радуюць. Канечне, радуюць. Мая жонка заўважыла, як публіка рэагавала на мяне. І гэта мяне парадавала, бо публіка ў асноўным была маладая. Некалі ў рэцэнзіі на мой «Бунт незапатрабаванага праху» Анатоль Івашчанка напісаў, што чытаць Казько — «нялёгкая праца».

«НН»: У сваёй кнізе «Час збіраць косці» Вы пішаце аб 90- х гадах, а што ў сённяшнім грамадстве Вас больш за ўсё радуе і засмучае?

ВК: Засмучае прымітывізацыя. Тэлевізар замяніў людзям кнігу, развучыў іх думаць.

«НН»: А радуе?

ВК: Вось імпрэза да прэміі Гедройца парадавала. Мяне радуе, што, нягледзячы ні на што, беларуская мова становіцца элітарнай. Раней пра яе казалі «калхозная, дзеравенская». А сёння яна становіцца здабыткам гараджан. Усё болей моладзі гаворыць на ёй.

«НН»: Але ж на ёй у гарадах усё адно гаворыць вельмі мала людзей.

ВК: А гаварыла яшчэ меней! Я бачу, што працэс ідзе. Адбываюцца пераломныя змены ва ўспрыняцці беларускай мовы. Вось чаму мяне гэта радуе.

«НН»: Каго Вы сёння чытаеце?

ВК: Не заўсёды хапае часу на чытво нашых кніжак, ды і каб знайсці іх, трэба пабегаць. Я люблю шведскіх, японскіх і кітайскіх аўтараў, я іх аб’ядноўваю, бо бачу, што яны не адрываюцца ад сваіх каранёў. Не паддаюцца на постмадэрнісцкія гульні. Яшчэ чытаю часопіс «Дзеяслоў».

«НН»: Вы верыце, што беларускі пісьменнік у грамадскай іерархіі некалі зноў можа займаць такое высокае месца, як тое было пры СССР?

ВК: Канечне, не. Калі амерыканскі пісьменнік Джон Стэйнбек наведваў СССР у 1947 годзе, то гаворка зайшла пра ролю амерыканскага пісьменніка ў грамадстве, ён адказаў: «Недзе паміж цюленем і акрабатам». У савецкія часы пісьменнікі былі часткай дзяржаўнай ідэалогіі. Сёння мы адыходзім ад ідэалогіі, і гэта добра.

«НН»: На Захадзе, ды нават і ў Расіі, ёсць некаторыя аўтары, якія пішуць зусім не папсу, але зарабляюць добрыя грошы.

ВК: Я б не сказаў, што іх шмат. Там у асноўным літаратурны пра- цэс існуе за кошт мецэнатаў. Для пісьменнікаў знаходзяцца спонсары, ёсць фонды, гранты, каб яны маглі думаць толькі аб творчасці. Гэта і Расіі тычыцца. Там дзяржава ўкладвае грошы ў пісьменнікаў, можа, і для таго, каб адцягнуць увагу ад тых самых падзей ва Украіне, у Крыме, сфарміраваць грамадскую думку. У Беларусі ж нічога такога няма, ніхто не гатовы ўкладацца ў літаратуру.

«НН»: Вы неяк казалі, што ўсе гэтыя разборкі за прэмію Гедройца ад нашай беднасці.

ВК: Вядома! Я добра памятаю, што такое дэфіцыт, якія чэргі стаялі, калі ў крамы завозілі тавары. Сёння ў чэргах стаяць не па каўбасу, а па прэмію. Бо фактычна Гедройц — гэта адзіная грашовая ўзнагарода для пісьменнікаў у Беларусі, таму за ёй стаяць у чаргу. Калі б было болей такіх прэмій, то і кулуарнай гульні было б меней.

«НН»: Дзякуй за гутарку. Віншуем Вас ад Рэдакцыі з перамогай.

ВК: Дзякуй. Я заўсёды чытаю «Нашу Ніву». Мне падабаецца, што яна самая насычаная сярод нашых газет.

* * *

Віктар Казько нарадзіўся ў 1940 у Калінкавічах. У гады вайны ад выбуху бомбы загінула ягоная маці. Гадаваўся ў дзіцячых дамах Гомельскай вобласці. Працаваў шахцёрам на Кузбасе, там і пачаў пісаць першыя творы. У 1971 пераехаў у Мінск. Працаваў у літаратурных часопісах, газетах, Саюзе пісьменнікаў. За кнігу «Суд у Слабадзе» атрымаў дзяржпрэмію БССР. У 2015-м за кнігу «Час збіраць косці» ўзнагароджаны прэміяй імя Ежы Гедройца. Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?