Жанр: трылер, драма
Рэжысёр: Брэд Пейтан
У ролях: Дуэйн Джонсан, Карла Гуджына, Аляксандра Дадарыа, Ёан Грыфіт, Арчы Панджабі, Пол Джамаці, Х’юга Джостан-Барт, Арт Паркінсан, Уіл Юн Лі
ЗША, 107 хв.
Адзнака: 7.

У Каліфорніі адбываецца магутны землятрус, у выніку якога гінуць сотні людзей і ўтвараецца вялізная расколіна ў зямлі. Сярод панікі і хаосу Рэю, прафесійнаму ратавальніку і пілоту верталёта, трэба адшукаць сваю дачку Блэйк, якая паехала ў Сан-Францыска. Ён спадзяецца, што яго дзіця ўсё яшчэ жывое, і кіруецца ў смяротна небяспечнае падарожжа праз увесь штат. Тым часам землятрус не заканчваецца — падземныя штуршкі працягваюцца, утвараецца цунамі.

Канадскі рэжысёр Брэд Пейтан стварыў фільм-катастрофу, заснаваны на рэальных падзеях і навуковых дапушчэннях.

Сан-Андрэас — назва лініі тэктанічнага разлому, які праходзіць праз большую частку Каліфорніі. З разломам звязаны шэраг землятрусаў. Найбольш вядомыя з іх — землятрусы ў Сан-Францыска (1906, магнітуда 7,7) і Лома-Прыета (1989, магнітуда 7,1). У стужцы паказаныя разбурэнні, якія могуць адбыцца ў Каліфорніі, калі тэктанічныя пліты, што ўтвараюць разлом, пасунуцца. Землятрус можа дасягнуць магнітуды 9,6, а з мора прыйдзе магутнае цунамі.

Здымкі адбываліся ў Квінслендзе, Лос-Анджэлесе, Бейкерсфілдзе і Сан-Францыска. Аднак большасць кадраў створаная пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій: паступовае разбурэнне будынкаў Сан-Францыска, утварэнне разлому ў зямлі насамрэч уражваюць. Аднак фільм утрымлівае ўсе штампы фільма-катастрофы і цытуе сваіх папярэднікаў — вядомыя «Паслязаўтра» (2004) і «2012» (2009) Роланда Эмерыха. Тут таксама прысутнічае навуковец, які прадказвае блізкую катастрофу, але да яго папярэджанняў ніхто не прыслухоўваецца.

Асноўная ж сюжэтная лінія завязана на адносіны ў сям’і Рэя. Ратавальнік кідае свае службовыя абавязкі і вядзе верталёт на дапамогу былой жонцы і дачцэ.

Стужка ўражвае маштабам разбурэнняў і эмацыйным накалам з-за пастаяннай небяспекі, у якой апынаюцца героі. Спосабы, якімі яны ратуюць сваё жыццё, паказаныя цікава і слушна. Хочацца спадзявацца, што гледачам гэта інфармацыя ніколі не спатрэбіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?