Серж Харытонаў — старшыня Асацыяцыі выпускнікоў ЕГУ. Ён нарадзіўся ў Гродне, цяпер жыве ў Брытаніі. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары. Для мяне было нечаканасцю, што ў сябе фэйсбуку ён не хавае сваёй прыналежнасці да масонства. 

«Наша Ніва»: У мяне быў стэрэатып, што гэта даволі таемная, закрытая арганізацыя. І ўжо тым больш нячасты выпадак, каб прыналежнасць да яе публічна афішавалі. Ці я памыляюся?

Серж Харытонаў: Я і ў рэальным жыцці не хаваю таго, што належу да вольнага мулярства — у Англіі да масонства ўжо даўно не ставяцца падазрона, асабліва на поўнач ад Лондана. У Шатландыі штогод адбываюцца масонскія парады. Нічога незвычайнага ў тым, што ты належыш да масонскай ложы няма… Дарэчы, многія мужчыны з манархічнага роду Брытаніі — масоны. Гэтак жа, як гэта было і ва ўсходнееўрапейскіх краінах 200 гадоў таму. Больш за тое, Вялікі Майстар Аб'яднанай Вялікай Ложы Англіі, найстарэйшай у свеце масонскай юрысдыкцыі, да якой належу і я, — гэта Яго Выскокасць Прынц Эдвард, Герцаг Кенцкі.

Серж Харытонаў на балконе свайго лонданскага офіса.

Серж Харытонаў на балконе свайго лонданскага офіса.

Не тайнае таварыства, але таварыства з тайнамі

Вакол масонства існуе мноства жахлівых легендаў — ад гісторыяў пра рытуальныя забойствы да «сусветнай жыдамасонскай змовы». Я разумею, што цяжка пераканаць людзей, што гэта не так. Тым не менш, трохі болей, чым усё, што вы чулі пра масонства, — няпраўда. У свеце каля 6 мільёнаў масонаў, з іх у Англіі каля 250 000. Мы, канечне, не тайнае таварыства, але можна сказаць, што мы таварыства з тайнамі — як і любое прыватнае таварыства ці кампанія ў свеце. Вольнае мулярства ў Англіі — гэта элітны закрыты мужчынскі клуб, які, тым не менш, «элітнасць» супастаўляе з інтэлектуальным багаццем кандыдатаў, а не таўшчынёй іх гаманца. Але, улічваючы, што мы перш за ўсё дабрачыннае таварыства, некалькі талераў ніколі не будуць залішнія.

Вольнае мулярства — вельмі кансерватыўнае таварыства, таму захаванне традыцыяў і сакрэтаў — важная частка масонскай культуры. Напрыклад, жалоба па загінулых масонах-жаўнерах Вялікай вайны 1914—1918 гадоў была спыненая толькі зусім нядаўна і былі дазволеныя правінцыйныя гальштукі, да гэтага масонам Брытаніі забаронена было завязваць на сустрэчы гальштукі іншага колеру, апроч чорнага. Традыцыяналізм захоўваецца, нягледзячы на прагрэсіўны характар большасці удзельнікаў. Тым не менш, цягам апошніх трох год масанерыя стала адкрытай як ніколі — кожны ахвотны можа наведаць бібліятэку, архіў ды музей у нашым галоўным будынку на Ковент-гардэн у Лондане.

«НН»: У колькі гадоў Вы прыйшлі да масонства? Як тое было? Вы самі прыйшлі ці Вам нехта прапанаваў?

СХ: Масонства і масонская этыка прываблівалі мяне з дзяцінства, гуманістычныя ідэі «каралеўскага майстэрства» для мяне ніколі не былі чужымі. Мяне вабіла інтэлектуальная глыбіня людзей, якія належалі да масонства ў мінулым, і гэты свет здаваўся мне загадкава-прывабным, на ўзроўні маёй жыццёвай філасофіі. 

У 2011 годзе падчас працы ў кансалтынгавай кампаніі ў Маскве я пазнаёміўся з ужо памерлым Леанідам Мацыхам — на той час найбольш уплывовым акадэмічным экспертам па масанерыі ў Расеі. Я рэгулярна наведваў ягоныя лекцыі па масонстве і тэалогіі пасля працы і вырашыў, што я маральна гатовы далучыцца да масонства. Неўзабаве я апынуўся ў Англіі — на радзіме «каралеўскага майстэрства» і быў пасвечаны ў першую ступень масанерыі напачатку 2015 года.

Пасвячэнне ў масоны ніколі не забуду

«НН»: Рытуал прыёму ў масоны сапраўды такі ўрачысты? Яго можна апісваць, ці ён сакрэтны?

СХ: На сёння рытуал пасвячэння ў масонства не сакрэт, і пры жаданні яго апісанне можна лёгка знайсці ў спецыялізаванай літаратуры. Але калі вам цікава далучыцца да «каралеўскага майстэрства», я прапаную перажыць цырымонію прысвячэння на сваім вопыце — гэта сапраўды яскравая і вельмі прыгожая традыцыя, пра якую вы будзеце ўзгадваць усё жыццё. Пасля прысвячэння я некалькі разоў наведваў цырымоніі іншых кандыдатаў, каб паглядзець, як гэта выглядае збоку.

«НН»: Што Вам дало масонства і што ад Вас патрабуецца ў якасці масона?

Серж Харытонаў (справа) з братам Алістэрам Скейлзам, які пазнаёміў яго са светам англійскага масонства. Сімвал «муляра» — фартушок і пальчаткі.

Серж Харытонаў (справа) з братам Алістэрам Скейлзам, які пазнаёміў яго са светам англійскага масонства. Сімвал «муляра» — фартушок і пальчаткі.

СХ: Масонства — гэта грамадскі рух вольных людзей, духоўная практыка і этычнае вучэнне. Мы не палітычная партыя і не рэлігійны рух. Размовы пра палітыку і рэлігію ў Ложы жорстка забароненыя — аж да выключэння з таварыства. Прыходзячы ў масонства, чалавек яднаецца з колам аднадумцаў-інаватараў, мэтаю якіх ёсць паляпшэнне свету. Я знайшоў вялікую колькасць сяброў і проста цікавых мне людзей, з якімі мы падзяляем супольныя інтарэсы і любім весела бавіць час. Апроч таго, я займаюся вывучэннем масонскай гісторыі і пошукам беларускіх масонскіх слядоў у Англіі. На жаль, інфармацыі па Беларусі тут вельмі мала, але ўдалося знайсці некаторыя ўнікальныя масонскія дакументы з узгадкамі пра ВКЛ.

Англійскае масонства — гэта такі ж унікальны феномен англійскае культуры, як брытанская манархія. Масонскія традыцыі і рытуалы захоўваюцца ў амаль нязменным выглядзе ўжо тры стагоддзі.

Пры гэтым у розных Брытанскіх правінцыях і нават у адной правінцыі рытуалы могуць адрознівацца ад Ложы да Ложы. Калі вы жадаеце сапраўды нешта зразумець пра Брытанію і брытанцаў, масонства — гэта ўнікальная магчымасць пабачыць краіну такой, якую яе ніколі не зведае турыст. Але патрапіць у масонства можа не кожны. Вам патрэбныя рэкамендацыі існых муляроў і біяграфія, у якой няма ані крымінальных запісаў, ані фактаў неналежных паводзінаў ці праблем з законам у любой краіне свету. Але нават пры гэткіх раскладах вас могуць не прыняць у Ложу, калі браты вырашаць, што вы не можаце далучыцца да іх клуба. Атрымаўшы адмову аднойчы, далей далучыцца цяжэй. Жанчынам і юнакам да 21 года, на жаль, таксама ўваход зачынены. Існуюць жаночыя ложы, але яны не прызнаюцца масонскай юрысдыкцыяй Аб'яднанай Вялікай Ложы Англіі.

Ёсць і Ladies Nights

Не падумайце толькі, што ўсё, чым мы займаемся, — гэта сур'ёзныя справы. Масонства — гэта не толькі сустрэчы інтэлектуалаў і бізнэс-прафесіяналаў, але і сумесныя святкаванні, летнія барбекю, некалькі келіхаў добрага піва ў пабе ды Ladies Nights — балі, якія ладзяцца некалькі разоў на год, каб пазнаёміць масонскіх выбранніц з жонкамі іншых удзельнікаў Ложы і проста пабыць у прыемнай кампаніі сяброў. Мы любім схадзіць разам на канцэрт, пасмяяцца (часам нават падчас афіцыйных цырымоніяў), паспяваць традыцыйныя масонскія песні ды добра паесці пасля сустрэчы Ложы. Не трэба думаць, што мы толькі і робім, што сядзім у фартухах і пальчатках цэлы дзень і вырашаем лёсы сусвету на сакрэтных сустрэчах, у нас ёсць цікавейшыя справы!

«НН»: І на Вашым асабістым жыцці гэта таксама адбілася? Кодэкс масона неяк рэгулюе Вашы паводзіны?

СХ: Персанальнае жыццё застаецца персанальным жыццём. Вольнае мулярства — не таталітарная секта і не мафіёзная структура. Любое ўмяшанне ў прыватнае жыцце ў Брытаніі забароненае, ніякіх выключэнняў для масонаў няма. Канечне, ёсць дадатковая адказнасць за свае паводзіны. Гэтаксама як афіцэры застаюцца афіцэрамі і зняўшы сваю форму пасля службы, як святары застаюцца святарамі, нават калі яны на адпачынку на моры. Вашы паводзіны па-за сценамі Ложы — гэта ваша асабістая справа як разумнага індывідуума. Існуе кодэкс англійскай масанерыі, «Кніга канстытуцый», яна рэгулюе масонскае жыццё. Першая з масонскіх Канстытуцый была сфармуляваная ў 1720-я гады, і з таго часу яна шмат разоў мянялася, але гуманістычныя прынцыпы захоўваліся ў аснове кожнай Канстытуцыі без зменаў. Апошнім разам масонская канстытуцыя была змененая ў 2014 годзе.

Зала Severn Street Masonic Hall — найстарэйшага масонскага цэнтра ў Бірмінгеме.

Зала Severn Street Masonic Hall — найстарэйшага масонскага цэнтра ў Бірмінгеме.

Светам мы не кіруем

«НН»: Падсумоўваючы, масонства дапамагло Вам у жыцці ці шкодзіла таксама?

СХ: Вольнае мулярства — гэта філасофская сістэма алегорыяў, містэрыяў і сімвалаў. Атрымоўваючы веды пра іх значэнне, інакш бачыш звыклыя рэчы і задаеш пытанні пра тое, ці правільна ты жывеш і як можна палепшыць жыцці людзей навокал цябе. Я расчарую тых, хто лічыць масонаў усёмагутнай арганізацыяй, якая кіруе светам. Гэта не так. 

Праз масонства я знайшоў для сябе цікавае хобі і мноства новых сяброў. Як масон англійскай юрысдыкцыі, я маю магчымасць вандраваць па краіне і наведваць любую «рэгулярную» Ложу (Ложу, прызнаную Англійскай юрысдыкцыяй) у Брытаніі і ва ўсім свеце. Гэткія Ложы існуюць амаль у кожным кутку свету. А якая можа быць шкода ад таго, што я займаюся самаразвіццём і баўлю час з сябрамі, мне цяжка ўявіць. 

На жаль, расчарую вас яшчэ раз: нават аніякіх фінансавых ці прафесійных прэферэнцыяў праз масанерыю шукаць няма патрэбы, бо вы іх не атрымаеце. Вялікая Аб'яднаная Ложа Англіі — гэта другая найбуйнейшая дабрачынная арганізацыя Брытаніі пасля National Lottery. Мне даспадобы тое, што мы выдаем фундацыі на навуку, напрыклад, з апошняга, на вывучэнне анкалагічных хваробаў і на гуманітарную дапамогу пацярпелым падчас прыродных катаклізмаў на Гаіці і ў Непале.

Апошнім быў Тарашкевіч

«НН»: Вы кіраўнік Асацыяцыі выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Сярод выпускнікоў ЕГУ шмат масонаў?

СХ: Я не думаю, што сярод выпускнікоў ёсць сябры масонскага таварыства. На самай справе, масонаў-беларусаў я ніколі не сустракаў і апошні беларускі масон, пра якога я ведаю дакладна, — Браніслаў Тарашкевіч [аўтар першай граматыкі беларускай мовы і лідар Беларускай сялянска-работніцкай грамады, самай папулярнай заходнебеларускай партыі 1920-х. Быў арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у турме ў 1927—1930, 1931—1933, выменяны ў Савецкі Саюз праз абмен зняволеных. Там быў закатаваны ў 1938 — Рэд.], які напачатку ХХ стагоддзя быў чальцом масонскіх ложаў «Тамаш Зан» у Вільні і «Праўда» ў Варшаве.

Але гэта не значыць, што за апошнія 100 гадоў беларусы не далучаліся да Ложаў у іншых краінах, таму мне было б цікава пазнаёміцца з іншымі масонамі-беларусамі і разам вывучаць гісторыю масонства ў Беларусі. Бо гэта таксама неад’емная частка нашай культуры, як у часы Рэчы Паспалітай, так і Расейскае Імперыі, БНР, БССР і часоў польскага панавання ў Заходняй Беларусі.

Добрыя даследаванні на тэму беларускага вольнага мулярства робіць глыбока паважаны мною прафесар Алесь Смалянчук. Дарэчы, некалі я быў на дужа цікавай выставе па беларускім масонстве ў Нясвіжскім замку, там была добрая калекцыя старажытных рэгаліяў беларускіх масонаў.

Гісторыя масонства на Беларусі ўражвае: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы — усе гэтыя людзі былі масонамі. Я спадзяюся, што ў беларусаў узнікне цікавасць да аднаўлення традыцыяў «каралеўскага майстэрства» на Беларусі і аднаўлення масонскай культуры дабрачыннасці.

«НН»: Чым адрозніваецца масонства брытанскай традыцыі ад французскай?

СХ: Англійскае масонства — эзатэрычна-маральная практыка, якая найвялікшую ролю надае духоўнаму росту і дабрачынным ахвяраванням. Французскае масонства, як кажуць, ангажавана грашыма і палітыкай, яно «рэвалюцыйнае», вера ў Бога там не з'яўляецца абавязковаю ўмоваю для прыняцця ў таварыства. І, апроч таго, у французскай традыцыі жанчыны могуць далучацца да масонства, што непрымальна ў Англіі.

Канфлікт між англійскай і французскай юрысдыкцыямі вельмі стары, і адзіная Ложа ў Францыі, якую прызнае англійскае масонства, — гэта Grande Loge Nationale Française. Прычым прызнанне адбылося толькі летась.

«НН»: З якім масонствам — брытанскага ці французскага тыпу — звязаныя амерыканскія масоны?

СХ: Роля масонаў у ЗША — тэма для асобнай кнігі. Увогуле, сучаснае масонства вельмі рознае, ёсць сур’ёзныя Ложы, а ёсць цалкам камічныя пародыі. Амерыканская традыцыя амаль цалкам збудаваная на англійскіх правілах.

«НН»: А масоны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы?

СХ: Таксама на брытанскіх.

«НН»: Вялікія скандалы былі ў 1970—80-я гады звязаныя з італьянскай масанерыяй. Ложа П-2, Ліча Джэлі, сувязі з аргенцінскімі генераламі… Брудныя сляды з Банка Амбразіяна, банкір, забіты пад лонданскім мостам. Гэта было выпадкова, невыпадкова? Масонства — гэта ўсё ж у аснове сваёй форма ажыццяўляць пэўную, хай сабе не прамую, уладу над светам, так ці не?

СХ: «Меня терзают смутные сомненья»… Вакол масонства існуе вялізная колькасць міфаў, якія ствараюцца рэакцыйнымі сіламі ці наўпрост неадукаванымі людзьмі, якім заўсёды трэба мець вінаватых альбо ворагаў, што не даюць ім жыць. Гэта могуць быць масоны, яўрэі, «чорныя», эмігранты, суседка Зіна… У Амерыцы кажуць, што масоны плануюць зруйнаваць Амерыку, у Францыі — што яны змагаюцца супраць Францыі, у Расеі — што супраць Расеі, а ў Англіі — супраць Англіі… Гэта ўсё дурасці, бо ўдзельнікам нашага таварыства катэгарычна забаронена якім бы ні было чынам выступаць супраць дзяржавы, дзе знаходзіцца Ложа. Усімі масонскімі Канстытуцыямі прадпісваецца абавязак безумоўнага падпарадкавання законам і ўладам той краіны, дзе знаходзіцца Ложа, а падчас святочнай вячэры заўжды прадпісваецца праспяваць дзяржаўны гімн і ўзняць тост за кіраўніка дзяржавы: у Брытаніі за каралеву, у Расеі — за прэзідэнта, і гэтак далей.

Удалечы ад вачэй пралетарыяту

Невуцтва, стэрэатыпы, зайздрасць — матывы нелюбові да масонства вельмі розныя. Масоны — гэта прагрэсіўны, калі пажадаеце, інавацыйны рух. Быць інаватарамі ніколі не было проста. І калі паспяховыя людзі збіраюцца недзе ўдалечыні ад вачэй пралетарыяту, «ды яшчэ і не клічуць на сустрэчы не тое, што мяне, але й нават брыгадзіра Міхалыча з трэцяга цэха, ну дык дакладна нешта нячыстае задумваюць, чэрці масонскія». 

Паглядзіце на спісы выбітных масонаў замежжа: Атацюрк, Пушкін, Гётэ, Моцарт, Оскар Уайльд, Генры Форд, Чэрчыль. І гэта толькі некалькі імёнаў! Сучасныя інтэрнацыянальная культура, навуковы прагрэс, мадэль плюралістычнага грамадства — усё гэта, сярод іншага, і многагадовая плынная праца вольных муляроў і проста добра адукаваных людзей, далёкіх ад масонства. 

Мы сапраўды многа робім для дабрачыннасці ў Англіі і па ўсім свеце, але ёсць рэчы, якія да масонства не маюць дачынення і існуюць толькі ў хворых фантазіях людзей, якія перагледзеліся тэлевізара: войны, палітычныя змовы, кантраляваныя крызісы, людажэрства, нізкія заробкі, дрэннае надвор'е, закладнікі ў падвале… Сапраўды, сярод масонаў ёсць вялікая колькасць паспяховых палітыкаў і бізнэсоўцаў, якія час ад часу робяць нядобрыя рэчы, але калі тыя ж людзі мелі чытацкі білет бібліятэкі, вы ж не будзеце казаць, што ўсе чытальнікі кніг — злодзеі? Гэтак жа і з масонствам — мы не можам адказваць за кожнага чалавека. 

Супраць Поліка

«НН»: Ваша масонства неяк уплывала на Ваша рашэнне выступіць супраць кандыдатуры Поліка ў ЕГУ? Увогуле, што Вы думаеце пра справы ў ЕГУ? Чаму Вы так асабіста ангажаваліся ў гэта?

СХ: Ніяк не паўплывала, я рабіў тое, што лічыў патрэбным як чалавек, і не шкадую аб тым, што распавёў праўду пра сітуацыю і яе ўдзельнікаў. Адміністрацыя, дарэчы, так і не адказала, чаму Полік са сваёй дзіравай біяграфіяй — найлепшы кандыдат на пазіцыю рэктара беларускага ўніверсітэта.

Гэтак жа не распавёў пра свой выбар і Арцём Анісімаў (прадстаўнік выпускнікоў падчас галасавання па кандыдатуры рэктара), які палічыў больш правільным хавацца ад адказнасці і рабіць выгляд, што нічога не адбылося.

Рашэнне прызначыць Поліка рэктарам выклікала ў многіх расчараванне, і я думаю, што зараз лепш за ўсё запытаць акадэміка Міхайлава і ягоную кампанію сівавалосых чараўнікоў ад адукацыі аб тым, чаго чакаць ад ЕГУ далей.

***

Бліц

Што для Вас малая радзіма?

— Я правёў у Гародні 18 гадоў, і я ганаруся любімым горадам. Я не занадта веру ў нацыяналізм вялікіх прастораў. Мне падаецца, што перш за ўсё трэба любіць тое месца, дзе твой дом, тваё сэрца, і рабіць яго лепшым. Як і ўсе гарадзенцы, я не люблю Менска. Гэта не «мой» горад. Пакуль што.

Чаму Вы выбралі ЕГУ?

— Віленскі вольны дух перамог акадэмічныя водары Менска. Я доўгі час марыў пабываць у Вільні, і тыя гады, што я правёў ва ўніверсітэце, незабыўныя. Дзякуй ЕГУ за гэта.

Ваш улюбёны футбольны клуб?

— Не захапляюся футболам. Адно што як гарадзенец падтрымліваю мясцовы «Нёман». І ганаруся Глебам. Калі я кажу, што нарадзіўся ў Беларусі, першае, аб чым узгадваюць замежнікі: «Ah, I know Belarus, you are the country of Alexander Hleb».

Што Вы звычайна ясцё на сняданак?

— Звычайна не снедаю ўвогуле.

Што Вы рэгулярна ясцё ў Брытаніі тое, чаго Вашы бацькі ў Беларусі не ядуць?

— Калі б мая сям'я пабачыла, што я тут ем, мяне б на вуліцу не выпускалі пагуляць… Усякае ем. Бывае і фаст-фуд з ранку да вечара. Такі тут хуткі рэжым жыцця. «Жудка-смачна». Па беларускай ежы сумую ў Брытаніі!

Як у Брытаніі тыпова адпачываюць на выхадных?

— Залежыць ад тэрыторыі і сацыяльнага класа. Многія сем'і выязджаюць з дзецьмі ў паркі ці на шопінг. Пралетарыят месцамі квасіць гэтак жа, як і ў нас.

— Апошняя кніга, якую Вы прачыталі?

— «Чазенія» Караткевіча са Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане.

Апошні серыял, які Вы глядзелі?

— True Detective, добрае кіно. Але не дужа часу маю на такія рэчы.

Ці праўда, што Вы працуеце на Катарскі фонд развіцця?

— Адразу скажу, што да маёй масонскай працы гэта не мае ніякага дачынення. Я быў першым беларусам, што ўзяў удзел у Сусветным саміце па інавацыях у адукацыі, які штогод арганізоўвае Катарскі фонд па адукацыі, інавацыях і развіцці. Апроч таго, з групай калег з працоўнай групы пад патранажам Катарскага фонду па адукацыі я займаюся праектам па імплементацыі інавацыйных тэхналогіяў у сферы спецыяльнай адукацыі на Бліжнім Усходзе. Кіраўніцтва Катара шмат сілаў укладвае ў развіццё жыхароў сваёй краіны, мы распрацоўваем стратэгію ўкаранення інавацыйных прыладаў для дзяцей з праблемамі слыху і маўлення у звычайных школьных класах, каб дапамагчы дзяржаве забяспечыць добры ўзровень адукацыі для ўсіх грамадзян. Мо праз нейкі час я змагу гэты вопыт перанесці ў беларускія школы і дапамагчы нашым дзеткам, што маюць праблемы са здароўем.

Лондан для Вас — гэта…

— Горад магчымасцяў.

Вільня для Вас — гэта…

— Горад-каханне.

Хто Ваша «яна»?

— Мы ведаем, што мы ёсць разам, і гэтага мне дастаткова. Цяпер мы жывём вельмі далёка і бачымся радзей, чым хацелася б. Гэткае яно, каханне на дыстанцыі.

Беларусь для Вас гэта «праект» ці «Богам дадзеная рэальнасць»?

— Як казаў класік, «на Беларусі Бог жыве». У нас добрыя людзі, можа, крыху інфантыльныя часам, але ад гэтага не менш цікавыя, чым іншыя еўрапейцы. Я вандраваў па свеце і маю з чым параўнаць. Не горшыя і не лепшыя за іншых. Жыхары Англіі — гэта японцы Еўропы. А вось загадкавую беларускую душу я так і не зразумеў да канца. «А хто там ідзе?» — гэта пытанне, на якое нам усім цяжка адказаць.

Бог для Вас гэта… Ці яго няма?

— Рэлігія — гэта далікатнае і вельмі асабістае пытанне для кожнага чалавека. Я не гавару на рэлігійныя тэмы. Але абавязковае патрабаванне пры прыняцці ў англійскую масанерыю — вера ў вышэйшую сутнасць, 'the Supreme Being'. Абмяркоўванне рэлігійных пытанняў у Ложы забаронена, але падчас ініцыяцыі кожны масон прыносіць сваю Святую Кнігу — Біблію, Каран, Тору — і на ей прысягае сваім масонскім братам трымаць у тайне супольныя сакрэты… Напачатку гісторыі брытанскага масонства прымаліся толькі хрысціяне, але з цягам часу правілы змяніліся.

***

Серж Харытонаў

нарадзіўся ў 1989 у Гродне. Скончыў факультэт міжнароднага і еўрапейскага права Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні ў 2011. Удзельнік гуманітарнай аперацыі па выратаванні ахвяр паводкі 2012 года ў Крымску (Расея). Працаваў у HR-кансалтынгу, медыя і адукацыі. Лаўрэат стыпендыі для міжнародных аспірантаў Бірмінгемскага ўніверсітэта (найлепшы брытанскі ўніверсітэт 2014 года па версіі The Times і The Sunday Times), жыве ў Брытаніі. Серж Харытонаў у Фэйсбуку — тут.

***

Колькі іх?

Паводле словаў Сержа Харытонава, у свеце налічваецца каля 6 мільёнаў масонаў, з іх у Англіі каля 250 000. Французскамоўная «Вікіпедыя» падае звесткі пра наяўнасць на 2005 год у свеце ад 2 да 4 мільёнаў масонаў. Гэта нашмат менш проці 1950 года, калі іх было каля 7 мільёнаў.

Царква і масонства

Каталіцкі касцёл асуджаў масонства на ўсіх яго этапах. Па-першае, за рэлігійны рэлятывізм. Па-другое, за таямнічасць. Пратэстанты асуджаюць містычнае і акультнае ў масонстве. Грэчаская праваслаўная царква афіцыйна прылічыла масонаў да блюзнераў. Мусульмане падазраюць масонаў у пра-сіянізме.

 ***

Калі масоны з іншых ложаў і традыцый хочуць расказаць пра сябе, пішыце на [email protected], ці ў скайп nashaniva, ці на прыватныя кантакты рэдактараў.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?