Пра магчымыя назвы станцый на трэцяй і чацвёртай лініях мінскага метрапалітэна мы пагаварылі з культуролагам, знаўцам гісторыі сталіцы Сяргеем Харэўскім.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

СХ: Калі гаварыць пра станцыі метро, то пачынаць трэба з першай лініі. Напрыклад, ніхто ніколі не здагадаецца, да чаго прывязаная назва станцыі метро «Маскоўская».

«НН»: Раскажыце.

СХ: Раней гэта быў аўтавакзал «Маскоўскі». Сёння кінатэатр «Масква» зусім у іншым баку, вуліца Маскоўская, дзе яшчэ застаўся адзін дарэвалюцыйны дамок, абсалютна ў іншым кутку Мінска на станцыі «Інстытут культуры». Чалавек, які першы раз у Мінску і спрабуе разабрацца, дзе тут Маскоўскі раён, дзе станцыя метро, а дзе Маскоўская вуліца, аказваецца ў цяжкой сітуацыі. Гэта абсалютны абсурд.

Ёсць стары анекдот пра плошчу Леніна, якую так не змаглі за гэтыя гады перайменаваць. Як у Мінску знайсці плошчу Леніна? Шырыню Леніна памножыць на даўжыню Леніна.

«НН»: А другая лінія?

СХ: Ну, тое ж самае! Заблыталіся з нашай ідэнтычнасцю і ідэалогіяй. Гэта тычыцца і назваў вуліцаў, і назваў станцый.

Думалі-думалі-думалі і не прыдумалі нічога лепшага за станцыю метро «Спартыўная». І што там спартыўнага? Чаму не на «Мінск-Арэне» «Спартыўная»? Абсалютнае размыванне сэнсаў. А што такое «Пралетарская»? Гэта значыць, што недзе павінна быць і «Сялянская».

«Маладзёжная», а дзе тады «Пенсіянерская»? Што азначаюць гэтыя назвы? Яны абсалютна не прывязаныя да мясцовасці. Такое ўражанне, што ёсць задача стварыць максімальна ніякія назвы. Існуе страх неяк самавыявіцца. Страшна баяцца гэтай гісторыі.

Вось давайце апытаем сто першых чалавек у Мінску ды запытаемся, хто такі Фрунзэ, у гонар якога названая станцыя метро. Ніхто ж не адкажа. 25 гадоў таму людзі яшчэ памяталі, хто гэта такі. Міхаіл Васілевіч Фрунзэ, які два месяцы быў першым мінскім міліцыянерам, а пасля ачоліў Вайсковую акадэмію. Трыманне за такія вось старыя імёны, сімвалы, без іх рэгулярнага ўзнаўлення ў медыя, у прапагандзе, у школе, яно памірае. Ніхто ж не скажа таксама, хто такі Валадарскі В., як яго звалі і чым ён быў харошы. Гэта факт.

«НН»: А як раней давалі назвы вуліцам?

СХ: Яны ўтвараліся самі. Афіцыйныя назвы вуліц – гэта вельмі позняя з’ява, яна ўзнікла толькі ў канцы ХІХ стагоддзя. Народ заўсёды разважаў лагічна. Вуліца, якая ідзе на могілкі, – гэта Цвінтарная, да касцёла – Касцельная, за мячэццю – Замячэтная. Калі жылі рыбакі, то Рыбацкая. У Мінску быў цудоўны завулак Лодачны. Я сам памятаю, што там у кожнай хаце было па чоўне. Цяпер жа назвы не нясуць ніякай нагрузкі.

«НН»: Давайце цяпер звернемся да трэцяй лініі метро. Будзем ісці па парадку. Станцыі на скрыжаванні вуліц Заслаўскай, Мельнікайце і праспекта Пераможцаў прапануюць прысвоіць назву «Прафсаюзная».

СХ: Гэта старажытны раён, дзе 600 з гакам гадоў жылі татары. Ёсць цудоўна задакументаваная гісторыя татараў у гэтым раёне ад часоў вялікага князя Аляксандра. Усё вядома!

Мячэць на месцы гасцініцы «Юбілейная» прастаяла на адным месцы 500 гадоў! Спачатку драўляная, пасля мураваная, была ўзарваная пры Машэраве без прычыны. Гэты квартал у розныя часы зваўся Татарскі канец, Татарская слабада, Татарскія агароды.

«НН»: І тым больш, што прафсаюзы асацыююцца хутчэй з Палацам прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы.

СХ: Рацыя! А па-другое, яны там сёння сядзяць, а заўтра ўжо сядзець не будуць. Наша нядаўняя гісторыя сведчыць, што без праблем можна зруйнаваць музей Вялікай Айчыннай вайны, можна зруйнаваць аўтавакзал «Маскоўскі». А мы будзем галаву ламаць, пры чым тут прафсаюзы ўнутры аднаго з самых старажытных раёнаў Мінска. Ідзем далей.

«НН»: Станцыі на скрыжаванні вуліцы Крапоткіна і праспекта Машэрава прысвоіць назву «Свіслач».

СХ: Ведаеце, з таго боку якраз не Свіслач, а Пярэспа ўпадае ў Свіслач. Свіслаччу можна назваць любую станцыю, бліжэйшую да ракі. Сёння гэтыя станцыі перасякаюць раку тройчы, а будуць перасякаць, мабыць, разоў дзесяць. Сама па сабе назва нармальная, нейтральная. Але чаму яна менавіта там, а не ніжэй ці вышэй, пытанне. Пярэспа — гэта старажытная вёсачка, якая была на тым месцы, ёсць такая рачулка.

«НН»: Здаецца, і аўтобусны прыпынак «Пярэспа» маецца.

СХ: Так. Менавіта з гэтым пятачком, дзе над рачулкай Пярэспай Старажоўская гара ўзвышаецца, звязваюць легенду пра Мянеска. Нібыта менавіта там стаяў ягоны млын. Чаму б не назваць «Млын Мянеска»? З гэтага імя пачынаюцца любыя кніжкі пра наш горад. Як у Кіеве Кій, Хорыў і Лебедзь, як у Вільні — воўк Ліздзейкі. Гэтак у нас Мянеск.

Лепшыя варыянты за «Свіслач» — гэта «Пярэспа», «Млын Мянеска», «Старажоўка».

«НН»: Станцыі на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай прысвоіць назву «Кірмаш».

СХ: «Кірмаш» — гэта назва сённяшняй крамы. Яна ў розны час называлася то «Зорачка», то «Генерал», цяпер «Кірмаш». Паслязаўтра краму зноў пераназавуць. Гэта раён на тэрыторыі былой вёскі Камароўка. Гэта і Камароўскае балота, якое цягнулася аж да плошчы Якуба Коласа. Славуты Камароўскі лес. І рынак сёння тут «Камароўскі».

«НН»: Дык і мясцовыя жыхары называюць гэты раён толькі «Камароўкай».

СХ: Абсалютна. Хто з тых, хто жыве ў Мінску, хто бывае ў Мінску, не ведае, што такое Камароўка? У вёскі Камароўка была вельмі цікавая і канкрэтная гісторыя, каму яна належала, хто там жыў.

«НН»: Станцыі на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Сурганава прысвоіць назву «Парк Дружбы народаў».

СХ: Раней там была першая ў Расійскай Імперыі балотная станцыя. Гэта такі навукова-даследчы цэнтр, падазраю, ці не першы ў свеце, па вывучэнні балот. Флоры, фаўны, лекавых якасцяў. Сапраўды ўнікальная станцыя. Можа быць, назваць «Балотная станцыя» сёння і не дужа добра.

«НН»: У Маскве ёсць жа Балотная плошча.

СХ: Хаця асабіста я б назваў. І не бачу тут ніякіх пярэчанняў. Парк Дружбы народаў названы даволі выпадкова, ён можа быць пераназваны 20 разоў — гэта факт.

«НН»: Імя Івана Мележа прапануюць даць станцыі на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Халтурына.

СХ: Было б найлепей там згадаць Цнянку. Назва возера, вёскі Цнянкі лёгка кладзецца ў любы рот. І зразумела да чаго яна прывязаная. Халтурын — мала хто ведае пра яго. Я ведаю, але расказваць не хачу, што гэта расійскі нарадаволец. Я вельмі супраць персаналізацыі гарадской анамастыкі. За рэдкім выключэннем — Колас, Купала, Багдановіч.

Бываюць такія анекдоты, як вуліцу Танкавую называюць вуліцай імя Максіма Танка. Хоць Танк там не жыў, там жыў Васіль Быкаў! Гэтыя прывязкі часам абсурдныя.

«НН»: «Зялёны Луг»?

СХ: Добрая назва.

«НН»: Далей «Лагойская»…

СХ: Куды цікавей было б назваць «Лагойскі тракт». Дарэчы, гэта добрая нагода ўспомніць, у гонар якіх гарадоў у нас названыя станцыі метро. У нас ёсць «Магілёўская», але чамусьці няма ні «Брэсцкай», ні «Гродзенскай», ні «Гомельскай». Калі з’яўляецца «Лагойская», то ўзнікае пытанне, а чаму няма «Полацкай», «Навагрудскай»? Канкрэтна гэта прывязана да Лагойскага тракта, не разумею, што замінае назваць менавіта так. Чаму менавіта «Лагойская», такім макарам можна назваць і «Докшыцкая», і «Бягомльская», туды ж гэтая дарога таксама вядзе.

«НН»: Цяпер пераходзім на чацвёртую лінію метро. Станцыі на скрыжаванні вуліц Галадзеда і Ташкенцкай прысвоіць назву «Чыжоўка».

СХ: Выдатная назва. Ёсць у гэтым сэнс.

«НН»: На скрыжаванні вуліцы Малініна і праспекта Ракасоўскага будзе станцыя «Азёрная».

СХ: А чаму «Азёрная»? Што замінае назваць «Серабранкай», што сціскае горла? Гэта ж на слыху ва ўсіх мінчукоў не адно дзесяцігоддзе. «Серабранка» – што можа быць лепей?

«НН»: «Шэйпічы» прапануюцца на скрыжаванні Пляханава і Ракасоўскага.

СХ: Класная назва. Шэйпічы – гэта старажытная назва. Вельмі цікавы раён, дзе пасля вайны ўтварылася камуна дэмабілізаваных людзей. Яны там без усялякіх дазволаў пабудаваліся, заставаліся, не плацілі падаткі, не плацілі за электрычнасць. Гэта вельмі добра апісана ў Томаса Бона «Новыя Шэйпічы: нічыйная зямля ці шэльмаўскі раман?». Як пасля пры Хрушчове агледзеліся, што існуе цэлы раён, дзе няма ніякай улады, а людзі даюць сабе рады. Гэта цудоўная назва.

«НН»: Вось мы ўжо казалі пра Серабранку, а станцыю метро з такой назвай прапануюць назваць на скрыжаванні вуліц Кашавога, Ванеева, Трасцянецкай і праспекта Ракасоўскага.

СХ: А чаму не назваць «Трасцянецкая»? Гэта накірунак у бок вёсак Малы і Вялікі Трасцянец. Як даехаць да будучага трасцянецкага мемарыялу? Да станцыі метро «Трасцянецкая».

«НН»: Можа, баяцца негатыўнай афарбоўкі?

СХ: Баяцца могуць толькі закамплексаваныя ідыёты. У старых еўрапейскіх гарадах ёсць і вуліца «Свіная», дзе калолі свіней, і «Казіная». Гэта тлумачыць, дзе што адбывалася. Няправільна будаваць гламурны горад, дзе табе нічога ні пра што не нагадвае. Я лічу, што абавязкова трэба настаяць на назве «Трасцянецкая». І гэта будзе правільна.

«НН»: Станцыя «Даўгабродская».

СХ: Цудоўная назва. Ёсць вялізныя даследаванні пра мінскі Даўгі Брод.

«НН»: Мы ўжо закраналі з вамі гэтую тэму. Назву «Рабочая» прапануюць надаць станцыі на скрыжаванні вуліц Уральская і Фролікава.

СХ: Ёсць «Пралетарская», то думаюць, хай будзе яшчэ і «Рабочая». Абсалютна недарэчная назва. Там недалёка ёсць Сляпянская водная сістэма. Калісьці недалёка было прадмесце «Тры карчмы». Я думаю, што над гэтай назвай трэба падумаць.

«НН»: «Батанічны сад».

СХ: Нармальна. Мне заўсёды падабаецца гэта з меркантыльнай пазіцыі. Ты шукаеш Батанічны сад — едзеш на станцыю метро «Батанічны сад».

«НН»: Мабыць, тое самае і да «Друкарскай» можна аднесці.

СХ: З аднаго боку — так. А з другога — Дома друку існуе з 1932 года. Таму назва «Дом друку» лепшая. 80 гадоў з гакам усе мінчукі ведаюць, дзе стаіць Дом друку. А назаві «Друкарская», я не ўпэўнены, што ўсе з ходу зразумеюць. Перамудрылі. «Дом друку» — добрая старая назва.

«НН»: На скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча, Арлоўскай і Сурганава будзе станцыя метро «Максіма Багдановіча».

СХ: У горадабудаўнічым плане, транспартным – гэта вельмі важны пункт, які лёгка звязваецца і з праспектам, і з кальцавой. Тысячы людзей праязджаюць там штодня. Калі б там была станцыя імя Максіма Багдановіча, а яшчэ, можа быць, нейкі мемарыял, дзе былі б адлюстраваныя сюжэты творчасці паэта, гэта было б сама правільна.

А яшчэ паралельна Арлоўскай пачынаецца старажытны Сморгаўскі тракт. Можна і так назваць, хай бы была зафіксаваная гэтая гістарычная назва.

«НН»: «Старавіленскі шлях», мабыць, пытанняў не выклікае?

СХ: Цудоўная назва.

«НН»: «Вяснянка»?

СХ: Таксама нармальна. Чаму і б не?

«НН»: Ну і апошняя – гэта «Алімпійская» каля «Мінск-Арэны». Алімпіяды ў нас не было, а станцыя метро будзе.

СХ: Калі камусьці хочацца, то чаму не? Але гэта такія адрыжкі Алімпіяды-80 для людзей з Масквой у галаве. «Мінск-Арэна» куды больш лагічна. Я вось прыехаў са Шчучына ці Мазыра, раз на пару гадоў бываю ў Мінску, і мне трэба на «Мінск-Арэну» білеты купіць. Тое, што «Мінск-Арэна» цягам бліжэйшага пакалення застанецца «Мінск-Арэнай» — гэта факт. А ці будзе ў нас цягам бліжэйшага пакалення Алімпіяда? Наўрад ці.

«НН»: Якая выснова напрошваецца пасля азнаямлення з гэтымі назвамі?

СХ: Калі ў нас баліць зуб, то мы ідзем не да гінеколага, не да акуліста, а да стаматолага. Ёсць выдатныя спецыялісты, якія гадамі займаліся гэтай тэматыкай — Іван Сацукевіч, Уладзімір Дзянісаў і многія іншыя. Чаму не скласці такую раду даверу і даручыць ім распрацоўку? Бо калі пачынаюць галасаваць усе запар — гэта не той выпадак. Гэта як галасаваць у дзіцячым садку, што есці: марожанае ці грэчневую кашу? Вынік ясны. Я б даручыў гэта камісіі, чыё рашэнне было б канчатковым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?