Уладзімір Арлоў. Фота budzma.by.

Уладзімір Арлоў. Фота budzma.by.

2 чэрвеня на заключных занятках курсаў «Мова Нанова» Уладзімір Арлоў прэзентаваў кнігу «Patria Aeterna» — зборнік сваёй ранейшай прозы, напісаны беларускай лацінкай (поўнае відэа тут). У кнігу ўвайшлі апавяданні «Тры мужы спадарыні Дамінікі», «Каханак яе вялікасці» і «Пяць мужчын у леснічоўцы».

У інтэрв’ю радыё «Свабода» пісьменнік узгадаў даўнюю традыцыю беларускай лацінкі — ад Хронікі Быхаўца да Коласа, Купалы і першых нумароў «Нашай Нівы».

«Я лічу, што беларускую лацінку павінен ведаць кожны адукаваны беларус», — сказаў Арлоў ды адзначыў, што ведаючы беларускую лацінку, можна шмат прачытаць і зразумець на іншых славянскіх мовах.

Выказванне абурыла мовазнаўцу Віталя Станішэўскага. На яго думку, Арлоў «як і многія іншыя загуляўся ў інтэлектуальны элітарызм». «Дамагчыся б спачатку, каб беларусы перасталі баяцца звычайнай беларускай мовы, пазбыцца фобій перад тым, што яны будуць «павінны» яе ведаць», — напісаў ён на Facebook.

Словы Арлова Станішэўскі называе «пашырэннем новых страшылак», а аўтараў, што пішуць лацінкай — «выпяндрожнікамі, якія пішуць самі для сябе, каб ніхто не здагадаўся».

«Трэба народ (а перадусім яго інтэлектуальную частку) усімі сіламі засцерагаць ад спакусы шматведання», — іранічна пераказаў пазіцыю Станішэўскага шэф-рэдактар часопіса ARCHE Аляксандр Пашкевіч.

Станішэўскаму адказаў і скульптар і адзін з заснавальнікаў «Беларускай майстроўні» Генік Лойка. «Падача мовы ў крутой, пратэстнай аблямоўцы — страшылкі толькі для саплякоў, анучаў, балота, ляхтарату ці яшчэ як назаві, — піша Лойка. — А моцны чалавек тады толькі адгукнецца, калі пачуе моц, напрыклад, у мове».

«Нам патрэбныя ўсяго трыста спартанцаў. І ўсё. І астатні ляхтарат (ці народ) спакойненька загаворыць па-беларуску», — выказаў думку Лойка.

Яго зачапілі словы Станішэўскага пра «дамагчыся б спачатку»: на думку Лойкі, Арлоў якраз «дамагаецца спачатку» сваёй лацінкай.

Выдавец Аляксей Вараксін, якога Арлоў называе ініцыятарам выдання, прызнае, што кнігу на лацінцы зразумее менш людзей, чым на кірыліцы. Але прывёў свае аргументы за выданне кніг лацінкай.

«Па-першае, як я разумею беларускую гісторыю, мове ўласцівая поліварыянтнасць напісання, ужывання, — сказаў выдавец «Нашай Ніве». — Гэта робіць яе значна багацейшай за тыя мовы, што звязаныя адным спосабам ужывання».

Другі свой аргумент ён называе відавочным:

«Пры ўжыванні лацініцы ўзнікае цэлы шэраг нюансаў, уласцівых толькі беларускай мове, якія пры кірыліцы проста не праяўляюць сябе», — сцвярджае Вараксін.

Выдавец збіраецца працягваць выпуск кніг у тым ліку лацінкай (выдаць прынамсі яшчэ адну мастацкую кнігу і падручнік), бо яму цікава як выдаўцу і як грамадзяніну, ці выкліча гэта рэзананс у грамадстве. Хаця выданне кніг у Беларусі нельга, на думку Вараксіна, назваць бізнесам (калі толькі ты не звязаны з дзяржавай), выданне «Patria Aeterna» ён намагаецца зрабіць не стратным. Агульны наклад кнігі склаў 100 асобнікаў.

Чытайце таксама: Як правільна пісаць беларускай лацінкай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?