Міністр абароны, лідар Саюза зялёных і сялян Райманд Веёніс абраны новым прэзідэнтам Латвіі.

LETA

LETA

Выбары ў нашых паўночна-заходніх суседзяў праходзяць у парламенце, і першапачаткова ў агульным спісе таксама былі кандыдат ад Нацыянальнага адзінства, былы суддзя Еўрапейскага суда па правах чалавека Эгіл Левітс, а таксама прадстаўнік аб'яднання «Згода» Сяргей Далгаполаў і кандыдат ад Латвійскага аб'яднання рэгіёнаў Мартыньш Бондарс.

Выбары праходзілі так: 99 дэпутатаў Сейма (адзін, соты, не галасаваў, бо знаходзіцца пад следствам) галасуюць, выкідаючы найслабейшага.

Спачатку з дыстанцыі сышоў Бондарс, за яго наогул падалі галасы сем чалавек, потым выбыў Далгаполаў, у выніку ў «фінал» выйшлі Веёніс і Левітс. Але каб стаць прэзідэнтам, неабходна мець 51 голас.

За Веёніса ў апошнім туры падалі галасы 46 дэпутатаў, за Левітса — 25.

У выніку ў апошні тур выйшаў Веёніс, але яму таксама неабходна было заручыцца падтрымкай 51 парламентарыя. У Сейм прыехалі нават мэр Рыгі Ніл Ушакоў і прэм'ер Лаймдота Страўюма. Каб сёння Веёніс не набраў неабходнай колькасці, то выбары перанеслі б на канец чэрвеня.

У выніку за Веёніса прагаласавалі 55 дэпутатаў. Г.зн. за яго прагаласавалі або дэпутаты ад апазіцыі (тая ж «Згода»), або ад «Нацаб'яднання» (якія казалі, што будуць галасаваць выключна за Левітса). Але здаровы сэнс перамог.

***

Райманду Веёнісу — 49 гадоў, ён нарадзіўся ў Пскоўскай вобласці (там бацька служыў у войску).

Веёніс з адукацыі — біёлаг, быў міністрам навакольнага асяроддзя (2003—2011), са студзеня 2014 г. — міністр абароны. Выступае за большую інтэграцыю з Еўропай і НАТА.

Галоўным прыярытэтам новаабранага прэзідэнта будзе бяспека — унутраная і знешняя, у тым ліку ўмацаванне узброеных сіл і ўзмацненне прысутнасці НАТА ў Латвіі і Балтыйскім рэгіёне, а таксама ўмацаванне мяжы.

Пра гэта Райманд Веёніс сказаў на прэс-канферэнцыі пасля абвяшчэння вынікаў апошняга галасавання ў Сейме.

«Гэта вельмі важны час, бо сітуацыя моцна змянілася, незваротна… Бяспечная мяжа дасць магчымасць Латвіі развівацца, прыцягваць інвестыцыі, што азначае эканамічную бяспеку, якая дасць нам і сацыяльную абарону», — падкрэсліў Веёніс.

Па словах палітыка, у яго прыярытэты таксама ўваходзіць садзейнічанне развіццю рэгіёнаў і ўсёй дзяржавы, павышэнню дабрабыту насельніцтва і стварэнню добра аплатных рабочых месцаў. «Мы хочам стварыць у Латвіі такое бізнес-асяроддзе, якое стымулявала б стварэнне добра аплатных працоўных месцаў і прыпыніла б адток насельніцтва з Латвіі», — сказаў ён.

***

Роля прэзідэнта Латвіі апошнім часам паціху расце. У грамадстве, асабліва пасля падзей на ўсходзе Украіне, неаднаразова казалася пра тое, што ён павінен быць больш моцнай фігурай, якая ў выпадку форс-мажору павінна ўзяць лёс краіны ў свае рукі. Таксама вядзецца дыскусія, каб прэзідэнта абіралі на ўсеагульных выбарах.

Прэзідэнт Латвіі таксама можа ініцыяваць законапраекты або вяртаць у парламент, калі лічыць іх недапрацаванымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?