Ужо не першы год у Рэчыцы адчуваецца праблема з дашкольнымі дзіцячымі ўстановамі. Найбольш востра пытанне стаіць у самым буйным – Наварэчыцкім мікрараёне, побач з якім за апошнюю пяцігодку вырас яшчэ адзін такі ж вялікі мікрараён, названы гарадскімі ўладамі вельмі «арыгінальнай» назвай – «30А». А дзіцячых садкоў як было два на больш чым 15 тысяч жыхароў, так і засталося. Тым, чыім дзеткам месца ў садку паблізу з домам не хапіла, гарадскія ўлады прапануюць на спецыяльным аўтобусе дабірацца ў дзіцячыя ўстановы ў іншых раёнах горада. Але, як высвятляецца, нават завёзшы дзіця ў свет, бацькі не могуць быць упэўненымі ў яго бяспецы.

Дзіцячы садок № 1 размешчаны паблізу ад цэнтра горада ды будынкаў раённых органаў улады. А ўжо раённы аддзел адукацыі ўзвышаецца літаральна на супрацьлеглым баку вуліцы Леніна – у нейкіх лічаных дзясятках метраў ад праблемнай установы. Але такая блізкасць з чыноўнікамі ад адукацыі толькі замінае справе адстойвання бацькамі выхаванцаў сваіх правоў. Адчаіўшыся нечага чакаць ад начальства, занепакоеныя бацькі звярнуліся па дапамогу ў СМІ.

Дзіцячы садок у пачатку вуліцы Леніна ў Рэчыцы быў пабудаваны яшчэ ў 1937 годзе. Але на памяці яго цяперашніх работнікаў капітальных рамонтаў будынку не было. Спачатку непакой бацькоў выклікалі ваконныя шыбы – яны амаль цалкам згнілі, добра не зачыняюцца, а некаторыя нават не здольныя трымаць шкло. Па восені бацькі з выхавацелькамі ды нянечкамі старанна залепліваюць вокны, забіваючы шчыліны ватай, але тая вата вылазіць наскрозь на вуліцу. І вось каб выпрасіць замены вокнаў у кастрычніку мінулага года група бацькоў пайшла ў РайАА. Але тое, што яны пачулі ад намесніка начальніка аддзела адукацыі па гаспадарчай частцы Міхаіла Астапенкі, выклікала ў бацькоў сапраўдны шок. Паводле слоў бацькоў, чыноўнік патлумачыў, што мяняць вокны не мае сэнсу, бо калі пачаць іх мяняць, сцены могуць папросту абрынуцца. Ён сказаў, што неабходна мяняць бэлькі перакрыццяў і даху – яны цалкам зношаныя. А на сценах, маўляў, усталяваныя клямкі, якія не даюць пашырацца расколінам. Тады ў РайАА паабяцалі, што размеркаванне фінансавых сродкаў на капітальныя рамонты ўстаноў адукацыі адбудзецца ў студзені і, магчыма, знойдуцца грошы і на дзіцячы садок № 1 у Рэчыцы. Але грошы так і не знайшліся…

Дарэчы, калі тая група бацькоў выйшла з памяшкання аддзела адукацыі, пакуль яны перайшлі дарогу і вярнуліся ў садок, іх сустрэла перапужаная выхавацелька, сказала, што кіраўніцтва садка ўжо атрымала наганяй і загад «угаманіць» занадта актыўных бацькоў.

Потым людзі былі і на прыёме ў райвыканкаме, дзе іх спрабавала супакоіць старшыня раённага Савета, былая загадчыца раённага аддзела адукацыі Святлана Бадзюля.

Зараз адбываецца запужванне і бацькоў, што, маўляў, зусім зачыняць садок і пакінуць дзетак без месца ў дашкольнай установе, і супрацоўнікаў садка, якім пагражаюць звальненнем ды заменай на тых, хто «па-іншаму зможа растлумачыць бацькам, што краіна ў глыбокім крызісе і грошаў няма і не прадбачыцца». Бацькі, якія звярнуліся да нас, вельмі паважліва і з разуменнем ставяцца да сітуацыі, у якой апынуліся загадчыца дзіцячага садка ды яе падначаленыя. Яны бачаць, што супрацоўнікі ўстановы і так робяць для яе вельмі шмат, часам за ўласныя сродкі. Але калі стаў выбар паміж шкадаваннем кіраўніцтва садка і бяспекай сваіх дзетак, вядома ж, бацькі схіліліся да таго, што дзіцячая бяспека больш важная. Таму і вырашылі агучыць гэтую праблему ў СМІ.

Дарэчы, на касметычныя рамонты садка і набыццё неабходных санітарна-гігіенічных сродкаў ды канцылярскіх тавараў бацькі і так кожны год добраахвотна здаюць грошы. Але каб забяспечыць бяспеку будынка касметычнага рамонту не дастаткова. А ў чарзе на капітальны рамонт, як удалося высветліць бацькам, садок стаіць ажно з 2007 года. І грошы ўсё аніяк не знаходзяцца, у той час, як больш «маладыя» будынкі рамантуюцца. Пры гэтым, у 2012 годзе ва ўсім Рэчыцкім раёне праводзіўся агульнараённы суботнік. Сродкі, сабраныя на ім, меркавалася пусціць на рэканструкцыю пад дзіцячы садок аднаго з будынкаў у былым вайсковым гарадку каля згаданага ўжо Наварэчыцкага мікрараёна, каб крыху зняць напружанасць з месцамі ў дзіцячых дашкольных установах у гэтай частцы горада. Але новы дзіцячы садок у Наварэчыцкім так і не з’явіўся. Куды падзеліся сабраныя ўсім раёнам на суботніку грошы так і засталося невядомым. На рэканструкцыю ж будынка ўжо дзеючага садка іх таксама не палічылі патрэбным выдаткаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?