03.06.2015 / 21:47

І яшчэ адзін: Сяргей Гайдукевіч зноў збіраецца ў кандыдаты 11

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі будзе вылучаць на прэзыдэнцкія выбары свайго лідэра — Сяргея Гайдукевіча. Пра гэта заявіў сёньня першы намесьнік старшыні партыі, сын Сяргея Гайдукевіча — Алег.

Гайдукевіч-малодшы сказаў, што па шэрагу пытаньняў ЛДПБ падтрымлівае дзейнага кіраўніка дзяржавы. Але разам з тым у партыі ёсьць і сур’ёзныя разыходжаньні з Аляксандрам Лукашэнкам.

Карэспандэнт Свабоды найперш запытаўся: чаму сёньня прэсавую канфэрэнцыю пад назвай «Уся праўда пра прэзыдэнцкія выбары» праводзіць не кандыдат на прэзыдэнта? На гэта Алег Гайдукевіч адказаў, што старшыня партыі цяпер у Маскве, дзе вядзе адпаведныя перамовы з расейскімі калегамі.

Алег Гайдукевіч заявіў, што партыя не падзяляе падыходы Аляксандра Лукашэнкі да эканомікі. Тут патрэбныя кардынальныя рэформы. Яны насьпелі і ў палітычнай сфэры. Выбары ў парлямэнт, як лічаць у ЛДПБ, павінны напалову праходзіць па партыйных сьпісах.

«І тады імгненна ўсе маргінальныя палітычныя сілы памруць. Ёсьць прафсаюзы, ёсьць «Белая Русь», жаночыя, моладзевыя арганізацыі. Але гэтага мала. Таму што ўсё гэта не апазыцыйныя структуры. Без апазыцыі разьвіцьцё дзяржавы будзе тармазіцца. Патрэбныя прадстаўнікі апазыцыі ў органах улады».

Алег Гайдукевіч заявіў, што ЛДПБ ня бачыць пагрозы сувэрэнітэту Беларусі ні з боку Расеі, ні з боку Эўразьвязу:

«Цяпер тэма нумар 1 ва ўсіх палітыкаў — незалежнасьць Беларусі. І я за незалежнасьць і за сувэрэнітэт. І прэзыдэнт за незалежнасьць і сувэрэнітэт. Але мы ня бачым пагрозы сувэрэнітэту Беларусі ні з боку Расеі, ні з боку Эўрапейскага Зьвязу. Усе — за незалежнасьць і сувэрэнітэт.

Многія кажуць пра «зялёных чалавечкаў». Гэта ня страшна да той пары, пакуль у краіне добра разьвіваецца эканоміка. А яна цяпер разьвіваецца дрэнна, і гэта першая праблема.

І другая — калі прыходзяць «зялёныя чалавечкі»? Калі ў краіне няма ўлады».

Паводле Алега Гайдукевіча, на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году першы фаварыт — гэта Аляксандар Лукашэнка. Другі — Сяргей Гайдукевіч. А трэцяга, на ягоную думку, няма наагул.

Паколькі ў Беларусі выбараў у сапраўдным разуменьні гэтага працэсу ўжо даўно няма, то ўсе размовы пра фаварытаў і ўдзельнікаў кампаніі — гэта толькі частка палітычнага спэктакля, — лічыць сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

«Расцэньваць сур’ёзна такія заявы не выпадае. Па-першае, з прычыны фарсавасьці так званых выбараў. Па-другое, з прычыны асобы заяўніка. Сяргей Гайдукевіч за апошнія 20 гадоў у Беларусі ўжо досыць вядомы.

Выбараў няма. Але рэжым робіць выгляд, што адбудзецца чарговае легітымнае абраньне на чарговы тэрмін нязьменнага кіраўніка Лукашэнкі. Дзеля гэтага рыхтуюцца фальсыфікацыі. І таму задача беларускага народу, незалежнага грамадзтва — гэтыя фальсыфікацыі ўскрыць і не дапусьціць легітымізацыі гэтага незаконнага рэжыму. Не дапусьціць трыюмфу беззаконнасьці ў Беларусі.

Таму пажадана ў гэтым наагул ня ўдзельнічаць».

0
Li / Адказаць
03.06.2015 / 22:09
Калі ўжо ім так карціць... Прапаную аб'явіць конкурс на самую разумную, яркую, дасціпную думку кандыдата. Пераможцу - прыз!!! Мы не будзем кпіць і жартаваць над ім )
0
ЭЛЕКТАРАТ / Адказаць
03.06.2015 / 22:44
У выбарчы Кодэкс абавязкова трэба ўнесьці папраўку аб тым, каб кандыдаты АБАВЯЗКОВА ўдзельнічалі ў публічных дэбатах. І толькі АСАБІСТА, без давераных асоб. І няхай там, адзін аднаму і выбаршчыкам, выказваюць свае разумныя думкі... А то некаторыя сьціплыя занадта. )
0
Леся / Адказаць
03.06.2015 / 23:55
Опять?!
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру