Ігар Гермянчук, сьнежань 2001
Здымак Беларусь-Фота
Захоплены палётам Iкар занадта наблізіўся да сонца. Воск, што змацоўваў ягоныя крылы, расплавіўся ў гарачых промнях. Iкар упаў у мора і загінуў. Тое мора назвалі Iкарыйскім, а той востраў, дзе пахавалі Iкара, — Iкарыя. (Міф пра Дзядала і Ікара)

***

Ніколі не думаў, што буду пісаць успаміны, тым больш пра Ігара Герменчука. Зрэшты, і цяпер, спрабуючы расказаць пра нашы з ім супольныя справы, я таксама не «пішу ўспаміны». І зусім не таму, што няма чаго прыгадаць. Якраз наадварот. Гэта ўсё адно, што апісваць мацярык ці, прынамсі, востраў. Дзесяткі і сотні эпізодаў, вартых таго, каб іх распавесці, усплываюць у памяці. На кнігу хопіць, і не на адну. Але… Сам працэс апісання былога супярэчыць майму трываламу перакананню, што жыццё заўсёды — наперадзе. Тое, што ззаду, зараз жа пагружаецца ў змрок, нібы ў пакоі, з якога сышлі і выключылі святло. Толькі тое, што наперадзе, вартае нашага клопату, затрачанага часу, высілкаў. Тое, што ззаду, мусіць афармляцца ў вобразы, сюжэты і міфы, зноў жа для таго, каб спатрэбіцца нам заўтра ў якасці прыкладаў найбольш светлых і выніковых учынкаў і найбольш характэрных памылак, якія не варта паўтараць зноў. Няма ніякага сэнсу ў служэнні мінулым дням. Сэнс толькі ў тым, што наперадзе. Ігар Гермянчук цалкам падзяляў такое светаадчуванне.

Магчыма, у іншым часе, у іншым пераламленні святла і напішуцца мемуары, але не ў нас і не цяпер. Бо тое, пра што былі нашы мроі і дзеля чаго былі нашы высілкі, засталося недаробленым, незавершаным, незакрытым як тэма. Гэта яшчэ не тая кніга, якую можна было б паставіць на паліцу. Таму сёння я паспрабую не столькі ўспамінаць, колькі акрэсліць, кім стаў і кім застаецца Ігар Гермянчук для мяне і для сваёй краіны, якой ён служыў беззапаветна і безаглядна.

Правобраз героя

Паводле сваёй прыроды Ігар ніколі не быў сузіральнікам або статыстам, персанажам масоўкі, пятым ці нават другім у нейкай справе, а толькі першым ува ўсім, за што браўся. Калі б нам спатрэбіўся герой нашага часу, ягонае імя і тут прыгадалася б першым.

Герой — асоба настолькі ж рэдкая, наколькі знаёмая і пазнавальная. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо ўсе героі, якіх ведала чалавецтва, маюць свой «модуль» і апісаныя яшчэ ў антычнасці. Таму, вызначыўшы Ігара як героя, мне заставалася толькі знайсці ягоны правобраз. Гэта Ікар. Такі самы безаглядны і адданы свайму палёту, як безаглядны і адданы сваёй справе быў Ігар Гермянчук. І скончыліся абедзве гісторыі аднолькава. Але пра гэта пазней.

Мы і не заўважаем, як часта паўтараюцца ў нашым жыцці антычныя лёсы. Тут няма перабольшання. Бо што ў антычнасці, што цяпер чалавек мае адно жыццё і адну смерць, ён зведвае любоў і роспач — у іх абсалютных велічынях. Толькі не задумваецца пра гэта, каб не спалохаць гэтымі велічынямі сябе самога і сваіх блізкіх. Але сутнасць ад гэтага не змяняецца.

Чалавек, які распавёў нам гісторыю Ікара, — рымскі паэт Авідзій — яшчэ адзін персанаж, без якога не абыдзецца маё апавяданне пра Ігара Герменчука. У Авідзія мы прачыталі, што бацька Ікара Дзядал быў геніяльным скульптарам ды вынаходнікам. Каб вырвацца з няволі на востраве Крыт, ён зрабіў сабе і сыну крылы. Ён зляпіў іх з пер’я і воску. «Ляці не занадта нізка, каб пер’е не набрыняла вадою, — настаўляў ён Ікара, — і не занадта высока, каб сонца не растапіла воск».

Яны падняліся ў неба. Людзі, што бачылі іх з зямлі, прымалі іх за багоў, бо толькі багі ўмеюць лятаць. Гэта быў цудоўны палёт. Мала таго, што ён вёў іх да вызвалення, дык сам працэс быў настолькі фантастычным, а Ікар настолькі захапіўся ім, што ўрэшце забыўся на бацькава папярэджанне — не набліжацца да сонца. Калі ты захоплены сваёй справай напоўніцу, цябе заўсёды вабяць новыя вышыні. Так тое і адбылося. Ікар стаў ахвярай свайго захаплення. Ён падняўся занадта высока, сонца растапіла воск, і юнак упаў у мора.

Разважаючы пра Ігара Герменчука, я ўвесь час сутыкаюся з гульнёй гукаў, з алітэрацыямі і супадзеннямі, якія то падказваюць мне накірунак думкі, то замінаюць выкладаць думку стройным празаічным тэкстам. І я разумею, што сёння найлепей было б ягоны лёс апісаць вершам.

Ролю Дзядала ў Ігаравай версіі міфа адыграў ягоны родны дзед, або дзядуля, які быў для Ігара самым вялікім аўтарытэтам у сям’і — тым першачалавекам, на ўзор якога Ігар арыентаваўся заўсёды і ва ўсім. Ён наогул быў гадаванцам не асяроддзя, а гэтага самага свайго канкрэтнага дзеда, пра якога ўвесь час згадваў як пра апошнюю інстанцыю, маральны аўтарытэт і ўзор паводзінаў.

Між іншым, гэтаксама, як ён багоміў свайго вясковага дзеда, я багоміў сваю вясковую бабулю. І гэта таксама лучыла нас, быццам пэўнае адзінства базавых звестак і пачуццяў. Але і пра гэта я скажу пазней.

Чамусьці ў гісторыі Ікара нас зусім не бянтэжыць тое, што з павелічэннем вышыні палёту тэмпература паветра насамрэч робіцца не вышэйшай, а ніжэйшай. Нас гэта не бянтэжыць, нібы гэта ўсяго толькі прыклад аксюмарана, такіх мы штодня студэнтамі шмат чулі на занятках, і яны для нас станавіліся ледзьве не галоўнымі прыкметамі журналістыкі: гарачы снег, звонкая цішыня, жывы труп…

Праўда, я ўсё ж зраблю закладку на гэтым эпізодзе. І каб лішні раз разбурыць статычную скамянеласць, у якой звычайна малююцца нам персанажы антычнага свету. І каб даць большую прастору гэтаму параўнанню Ігара з Ікарам.

Немагчыма паверыць, што насельнікі гор, вынаходнікі такарных станкоў, прагматычныя бегуны‑атлеты і будаўнікі Парфенона не ведалі мяжы чалавечых сіл і элементарных законаў фізікі ды наіўна верылі, што варта табе ўзляцець на сотню‑другую метраў, як ты наблізішся да спякотнага дыска сонца. А нават калі яны так думалі, дык мы ж разумеем, што сам факт гібелі легендарнага Ікара ніяк не мог быць абумоўлены сонечнай спякотай. Версіі пераахалоджання, браку паветра, страты сіл або нечага старонняга ўмяшання ў палёт гучаць больш праўдападобна, хоць і не так паэтычна.

Кажу гэта для таго, каб сцвердзіць, што і ў жыцці Ігара Герменчука засталося шмат загадак, да якіх мы яшчэ будзем вяртацца не аднойчы менавіта таму, што маем справу не з простым персанажам ці фігурантам, а з героем нашага часу.

Нараджэнне творцы

З Ігарам мяне звёў лёс. Так бывае. Два нібыта зусім розныя чалавекі з розных асяроддзяў, якіх, апроч узросту, нічога не аб’ядноўвае, пачынаюць адчуваць адзінства і інтуітыўна прыцягваюцца між сабой. Што цікава аднаму, робіцца цікава другому. Скажам, я спяваў, і Ігар з усіх сіл імкнуўся спяваць, я цікавіўся польскай мовай, і Ігар браўся за пальшчызну. Я слухаў «Deep Purple», і ён настройваў свае «рэцэптары» на ўспрыманне такой музыкі. Недзе ў падсвядомасці я часам адчуваў, наколькі ўсё гэта «не туды» для майго светлагорскага прыяцеля, асабліва калі бачыць яго ў рамках пэўнага сацыяльнага і культурнага стэрэатыпу. Але Ігар ніколі і не спрабаваў адпавядаць гэтаму «свайму» стэрэатыпу, з міжвольнымі адзнакамі якога ён прыехаў у сталіцу. Ён літаральна рабіў сам сябе з чыстага ліста. І ў якасці напарніка яму падвярнуўся я.

Стварэнне самога сябе не выяўлялася ў пераймальніцтве. Было інакш. Дай мне гэта, скажы, чаму гэта так, а не інакш, чаму табе гэта падабаецца. Ён не мог дазволіць сабе быць хоць на паўпрыступкі ніжэй. Ягоны ўнутраны зарад — я магу ўсё! А хто можа ўсё? Усё можа герой.

Магу ўсё — гэта не абавязкова ведаю і ўмею, але — гатовы. Да прыкладу, я не магу сцвярджаць, што Ігар умеў рабіць норы для сну ў стагах, распальваць агонь пад зліваю ў лесе альбо, скажам, даіць карову. Але ўсяму гэтаму я навучыўся ад яго. Гэта была прыродная воля да выжывання ў любых умовах.

Мы пазнаёміліся на ўступных іспытах на факультэт журналістыкі. Выйшла так, што нам абодвум не хапіла балаў, каб патрапіць на дзённае навучанне, але хапіла на тое, каб залічыцца на вечаровае. Мне пра гэта абвясцілі, я выйшаў з кабінета, а ён у калідоры складаў свой дыпламат і сказаў, што яму вынеслі той самы вердыкт. Так вось нас адно з адным жыццё і звяло. З гэтага ўсё і пачалося.

У нас з ім не было таго, што называецца «шмат агульнага». Хутчэй, наадварот. Але нейкая невядомая сіла быццам выцягвала з нас нешта агульнае і, на першы погляд, нязначнае, каб ператварыць гэта нешта ў галоўнае. Так мы абодва загаварылі па‑беларуску ў гэтым чужым для беларушчыны свеце. Але мова — толькі адзін прыклад. Пасля будзе яшчэ мноства знакаў лёсу, якому было заўгодна звесці нас разам. І гэта тычылася не толькі нас саміх, але і нашых блізкіх або знаёмых. Калі на пачатку 1980‑х майму бацьку рабілі серыю складаных аперацый, аказалася, што доктарка, якая апякуецца бацькам, — родная сястра Ігара.

Яшчэ адзін прыклад — з часоў Ігаравай службы ў войску ў Архангельску. Варта было мне даслаць яму выразаны з «ЛіМа» артыкул Пятра Садоўскага пра культуру мовы, як неўзабаве я атрымаў ад Ігара адказ. У нейкай архангельскай сталоўцы ён апынуўся ў адной чарзе з гэтым самым Садоўскім, якога вылучыў з групы турыстаў па яго беларускай мове. І хто тады мог падумаць, што гэтыя два занесеныя на край свету салдацік і турыст стануць калісьці дэпутатамі Вярхоўнага Савета і ініцыятарамі незалежнасці сваёй краіны…

А тады, паступіўшы на вечаровы журфак… Удзень мы працавалі, а вечарамі на занятках далучаліся да сваёй групы, дзе каго толькі не было з сённяшніх зорак ды майстроў, прызнаных у сваёй прафесіі. У той час — ад восені 1977 года — з нас літаральна фантанавалі ўсялякія ідэі і прага пазнання ды творчасці. Проста на лекцыях мы пісалі «парадковыя» апавяданні, аповесці і нават раманы. Радок Ігар, радок я, радок Ігар, радок я… Выходзіла і смешна, і рызыкоўна, і заўсёды нечакана. Сёння мяне шчыра ўражваюць аб’ёмы напісанага разам за які‑небудзь год‑паўтара. Быццам мы кудысьці спяшаліся, быццам інтуітыўна імкнуліся акрэсліць сваю жыццёвую прастору, сваю тэрыторыю. Цяпер, з вышыні часу, я, здаецца, разумею, у чым тут справа.

Толькі дапаўшы да беларушчыны, мы імкнуліся збудаваць свой форт, свой замак, заняць свой востраў, дзе ў моры навакольнае варожасці і абыякавасці наша захапленне магло б выжыць і развівацца. Але беларушчына заўжды была такім востравам у моры ўсеагульнай ніякавасці, як вольная краіна і вольная нацыя пасярод нічым не абазначанага насельніцтва.

Малалікасць нацыі адносна насельніцтва перадвызначыла для Беларусі гэты сіндром «астраўной дзяржавы». Усе, хто тут гаворыць па‑беларуску, думае і жыве па‑беларуску і пачуваецца адзіным арганізмам — гэта ўсяго толькі група сярод асноўнай масы. Гэта іх ідэал — незалежная Беларусь, гэта ім яна патрэбная ўсвядомлена і безумоўна. Гэта іх мільён галасаваў супраць білінгвізму і замены дзяржаўнай сімволікі на рэферэндуме 1995 года. Але іх меншасць. І сёння яны — пакуль толькі востраў пасярод афіцыйна абвешчанай незалежнай дзяржавы. Тыя лідэры насельніцтва, што прыўласцілі іх ідэал, не маглі разам з ім не прыўласціць і гэты сіндром астраўной дзяржавы, што ў перакасабочаным выглядзе праявіўся ў сённяшніх арыентацыях Беларусі на дзяржавы‑ізгоі і ў адчуванні сябе востравам у варожым моры паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем. Але трыццаць гадоў таму ў нас было толькі ўласнае адчуванне сябе першаадкрывальнікамі гэтага ці то няжылага ці то пакінутага вострава, што распраўляла нам крылы.

Але супольнае пісанне мусіла ў нешта трансфармавацца. І тады прыйшло захапленне радыёп’есамі. Мы інсцэніравалі свае раманы ў гукавым фармаце — з рознымі галасамі, музыкай і спецэфектамі. Вядома, што там асаблівага можна было запісаць у мяне дома на бабінавы магнітафон. Але трэба было бачыць, колькі з нас прамянілася жывога жадання! Думаю, што якраз тады ў маім светлавалосым прыяцелю пасяліўся дух творчасці, які пасля ніколі не дасць Ігару ператварыцца ў кандовага савецкага журналюгу, што правільнымі штампамі піша правільныя перадавіцы. Словам, тады і пачаўся ягоны фантастычны палёт, які ўжо не адпусціць Ікара да самае смерці.

Нашы апавяданні і радыёп’есы былі поўным хуліганствам, але толькі на першы погляд. Па сутнасці гэта было выпрабаванне межаў этычнага і эстэтычнага, таго, што ты сам можаш сабе дазволіць і лічыш вартасным, і таго, што не. Гэта і была «пастаноўка голасу», якую ў найбольшай меры давала нам такая вось «адвязаная» творчасць — без цэнзуры, без рэдактуры, без досведу. Гэта і быў пачатак нашага досведу.

Некалі адзін оперны спявак распавядаў, што юнаком для таго, каб паставіць сабе голас, ён ішоў у горы і там крычаў, пішчаў, рохкаў — выдаваў з сябе ўсе магчымыя гукі, у выніку чаго пазнаў сам сябе — свае магчымасці, свае моцныя і свае слабыя бакі. Нешта падобнае адбывалася з намі, калі мы чыталі на мікрафон уласныя «парадковыя» радыёп’есы — такія сабе шкалярскія трылеры — з пагонямі, крыкамі, забойствамі ды безліччу ўсяго падобнага.

Але аднаго самапазнання было мала. Хацелася новых ведаў і адчуванняў. Многія нашы калегі часта кажуць замест «я скончыў БДУ» — «я скончыў нацыянальную бібліятэку» («ленінку» — як яе тады называлі). Тое самае маглі б сказаць і мы з Ігарам. Але тут патрэбнае ўдакладненне. Захапленне кнігамі чакала нас у канцы доўгага падарожжа.

Выпрабаванне крылаў

Мы падарожнічалі бясконца. Адразу нават без усялякай мэты. Бо таго, што мы бачылі ў вандроўках, было так шмат, і мэтаю станавілася сама Беларусь. Вось мы аўтастопам выпраўляемся ў Браслаў. А вось вырашаем проста па дыяганалі прайсці Шаркоўшчынскі раён. Бальшыню пешага шляху займае непралазная пушча, і нам насустрач выбягае цэлы вывадак малых янотаў… І, натуральна, паўсюль людзі — сапраўдныя вясковыя людзі, да якіх так цягнуцца нашы душы і праз якіх мы ў поўнай меры і пазнаем сваю Беларусь.

Вёска прываблівала сваёй завершанай карцінай чалавечага свету. Скажаш «дзядзька» або «цётка» — і адразу перад вачыма вобраз чалавека. У горадзе такога не было. За гарадскімі звароткамі «молодой человек» ці «женщина» ніхто канкрэтна не прамалёўваўся. Вось чаму нас прыцягвала і захапляла вёска. І, натуральна, прырода. І, зразумела, старая архітэктура. Ды, зрэшты, усё, што трапляла ў поле зроку, было цікавае.

Вось пасля «бульбы» з‑пад Клімавічаў мы выпраўляемся ў сталіцу без капейкі грошай і не магістральнымі, а ўсялякімі бакавымі дарогамі, дзе пад’язджаем, дзе проста ідзем, начуем у сціртах, харчуемся папрашайніцтвам. І ні ў чым не маем адмовы. І ні ў чым няма недахопу.

З часам вандроўкі становяцца мэтавымі і асэнсаванымі. Вось мы цэлую ноч сядзім у гасцях у Лявона Луцкевіча ў Вільні, разглядаючы старыя фотаздымкі і канспектуючы расповед гаспадара — факты абсалютна новай для нас беларускай гісторыі ХХ ст. А вось мы малюем у сіні колер ліштвы на хаце Ларысы Геніюш у Зэльве. Вакол — сад і мора кветак. Пасля гаспадыня частуе нас яешняй, доўга чытае свае вершы і дорыць кніжкі са сваёй бібліятэкі… А вось у майстэрні Кастуся Харашэвіча ў Маладзечне мы разглядаем на карцінах ветракі. Вятрак — незвычайны сімвал…

А паваротным уражаннем у вандроўках стаў Мір. Руіна замка і само мястэчка ўразілі настолькі, што мы кінуліся да кніг. Тады і пачалася «ленінка». Бо нічога асаблівага ў даведніках, што пад рукой, мы не знайшлі. І нават падалося нам, што пра гэткае дзіва людзі проста нічога не ведаюць (а так яно і было), і наша чытацкая цікавасць ператварылася ў даследніцкую. У «ленінцы» былі перагорнутыя сотні тамоў. Мы шукалі і выпісвалі са старых беларускіх, польскіх, расійскіх кніг звесткі пра Мір, але можаце сабе ўявяць, колькі ўсяго мы прачытвалі і выпісвалі адначасова. Гэтак паралельна вывучалася гісторыя Уніі, мы зразумелі, якое месца ў беларускай культуры займае Вільня, складалі радаводы князёў — сярэднявечных кіраўнікоў Беларусі, даведаліся пра беларусізацыю 1920‑х гадоў, якую ў трыццатыя спынілі сталінскія рэпрэсіі…

А колькі «паралельна» было выпісана ў нататнікі вершаў, цытат, фактаў!.. Аднак цэнтральнай тэмай заставаўся Мір. Ужо не проста гісторыя, а мноства пытанняў, адказу на якія няма і дагэтуль. Асабліва нас, дваццацігадовых, уразіў факт змены ўладальніка Міра, калі гаспадар замка, наш раўналетак, але ўжо дасведчаны ваяр і дужы чалавек князь Юры Іллініч піша запавет, якім пасля сваёй смерці перадае Мір сябру дзяцінства і таксама дваццацігадоваму, але хвораму і слабому Радзівілу Сіротку. Чаму? — не можам зразумець мы, — чаму Іллініч у свае дваццаць гадоў думае пра смерць? Мы быццам гатовыя рынуцца ў тую эпоху, каб папярэдзіць нейкую няясную пагрозу і бяду. Але не паспяваем. І праз год наш Іллініч раптоўна памірае…

Пагрузіўшыся ў тыя колішнія часы, я зноў думаю пра эфемернасць успамінаў. Проста нерэальна, каб за нейкі адзін толькі год было зроблена і перажыта столькі ўсяго‑усякага. Згадваю свой тагачасны «графік» і дзіўлюся яго перапоўненасці. Раніцою праца слесарам на заводзе «Гарызонт», потым заняткі на саксафоне ў заводскім клубе, потым лекцыі на журфаку, потым вечарынка нашай групы на прыватнай кватэры. Гадзіне а чацвёртай вяртаюся дахаты, а сёмай маці будзіць на завод. Так кожны дзень. І пры гэтым я, бадай, ніколі не чытаў і не адкрываў для сябе ў літаратуры столькі новага, колькі ў той год. Сітуацыя Ігара была яшчэ больш насычанай, бо ён мусіў сам дбаць пра свой мінскі быт.

А яшчэ… Ігар працаваў тады на паліграфкамбінаце — развозіў электракарам тыражы і пільна сачыў за ўсім, што выходзіла новага, а мы атрымлівалі ўсе цікавыя нам кнігі проста са станка. Але выносіў Ігар з камбіната не толькі кнігі. Тады, яшчэ да таго, як забяруць у войска мяне, а пасля і яго, мы пачалі камплектаваць сваю ўласную падпольную друкарню. Праўда, гэта асобная вялікая тэма.

Супраціўленне паветра

Па шчырасці, не магу адназначна сказаць, што я ставіўся да Ігара як да сябра. Але ў тым, што ён ставіўся да мяне так, сумневаў у мяне ніколі не было і няма. Не адзін раз Ігар рэальна падтрымліваў і ратаваў мяне, затуляючы ад небяспек. Ён быццам апекаваўся мною.

Сяброўства — гэта ўвогуле феномен не таго, хто думае, што ён камусьці сябра, а — таго, другога, каму ён сапраўды сябра. Нездарма ж чалавек заўсёды задумваецца, калі яго просяць назваць сапраўдных сяброў.

Пра тое, хто нам сябры, ведаюць нашы сябры, мы пра гэта ведаць не можам.

Напэўна, я ставіўся да Ігара як да брата. Брат — гэта чалавек, такі самы, як я. І ў такой ступені, як да сябе, я магу быць не толькі ўважлівым і абярэжным, але і забыўлівым ці няпільным у дачыненні да свайго брата. Сяброўства — з’ява нашмат больш тонкая.

У дзяцінстве шмат сяброў. Кожнага, з кім гуляеш у пясочніцы, называеш сябрам. Праўда, мая бабуля маіх першых выпадковых дружбаноў, з якімі сыходзіўся на мазырскім рынку, пагрозліва называла «дружкамі». Так панятак «сябра» пачынаў дзяліцца і крышталізавацца.

У даросласці сяброў не бывае шмат. Прычым у гэты панятак не абавязкова ўваходзяць міндальныя дачыненні альбо тая кніжная «ўзаемавыручка». З гадамі ў мяне склаўся свой вобраз сябра. Сябра — той, хто табе ніколі не адкажа адмовай. Вось і ўсё. Можна не выказваць адзін аднаму сімпатыяў, можна не бачыцца гадамі. Але калі з’явілася гэтая настроенасць на адну хвалю і пакуль яна не прападае, існуе сяброўства — самы цяжкі, дарэчы, тып дачыненняў, яго не падробіш.

Сябра — больш, чым знаёмы, больш, чым брат, і больш, чым ты сам. Мне даводзілася сустракаць думку, што найлепшае сяброўства — па перапісцы. Тады, маўляў, чыстая сувязь, якая існуе паміж людзьмі (нават знешне незнаёмымі), можа захоўваць тую формулу адносінаў. Я разумею, адкуль такая «стэрыльнасць». Калі людзі ўвесь час побач, дык увесь час узнікае спакуса выпрабаваць сяброўства — зрабі мне то, зрабі мне гэта. І такім чынам унутраная повязь загаворваецца, разыходзіцца на дробязі і ўрэшце прападае.

Нашы два гады войска — гэта і была перапіска. Прызнаюся, сёння на перачытванне Ігаравых лістоў мне давялося патраціць не дзень і нават не тыдзень. А колькі перасылалася бандэроляў з газетамі, часопісамі і кнігамі. А яшчэ — працяг нашых парадковых, дакладней, цяпер ужо пастаронкавых раманаў. Старонка туды, дзве назад, тры туды, чатыры назад… Лісты хутка ператвараюцца ў бандэролі, якія ўрэшце губляюцца недзе ў паштовай прорве ўсесаюзнага ведамства. Мы пачынаем спачатку…

Перапіска скончылася разам з арміяй. Але Ігар захаваў сваё стаўленне да мяне да канца жыцця.

Як толькі ў мінскім студэнцкім асяродку ўтварылася «Майстроўня», нашых таварышаў пачалі «цягаць» на «гутаркі» супрацоўнікі КДБ. Прапаноўвалі «супрацоўнічаць», абяцалі дапамагчы з вучобай, з працай, з жыллём, ці, наадварот, у выпадку адмовы — ускладніць сітуацыю з вучобай, працай, жыллём. Пасля такой сустрэчы Ігар адразу распавёў, што яго «цягалі» і прапаноўвалі, і пагражалі. Што рабіць? Займець свайго «казачка» ў органах для нас, нашчадкаў партызан‑падпольшчыкаў, выглядала справай само сабой зразумелай. Якраз Ігар сумняваўся найболей. Але наша ўпартасць і бяскрайняя вера Ігара ва ўласныя сілы перамаглі.

Гутаркі‑шпацыры з асабістам доўжыліся іншы раз аж чатыры гадзіны і страшэнна вымотвалі. Тым больш што ніякага асаблівага плёну для нас ад іх не было. Ігар казаў пра гэта кожны раз, калі вяртаўся з такой «прагулянкі». Пакуль урэшце сам не прыняў рашэнне спыніць гэтыя сустрэчы.

Набліжэнне да сонца

Не раз мы з Ігарам абмяркоўвалі гэтую тэму яшчэ ў часы ягонага дэпутацтва. І абодва пагаджаліся, што найлепшай кандыдатуры наступнага прэзідэнта Беларусі не знайсці. І не толькі таму, што Гермянчук стаў прызнаным рэдактарам самай масавай недзяржаўнай газеты «Свабода», здолеў наладзіць газетнае прадпрыемства, быў абазнаны ва ўсіх сферах жыцця краіны і меў свой погляд на тое, куды трэба рухацца, як разбірацца з праблемамі. Ён добра ведаў і цяперашняга прэзідэнта і мог дастаткова аб’ектыўна параўноўваць ягоны досвед, стыль, ідэалогію са сваімі ўласнымі і бачыў поўную перавагу свайго яснага бачання шляху краіны над тым пакручастым і нікому не зразумелым намацваннем дарогі, якім мы ўсе займаемся гэтыя трынаццаць гадоў. Пры гэтым мы ніколі не ведаем, што з намі будзе праз год і ў які бок ужо заўтра павядзе нас усіх наш кіраўнік.

Мабыць у гэтым была галоўная перавага Ігара. Чалавек, які любіць і ведае сваю краіну і свой народ, які мае волю і зразумелае бачанне таго, што ў краіне павінна адбывацца, ніколі не стане цямніць і ашарашваць людзей сваімі рашэннямі. Навошта, калі ты ўпэўнены ў сабе і ведаеш, што трэба рабіць?

Ігар разумеў, што ён здолее перацягнуць сімпатыі народа на свой бок, прычым не злоўжываючы папулісцкай рыторыкай, не падманваючы людзей і не робячы з прэзідэнцтва фетышу асабістае ўлады. Такіх амбіцыяў у Герменчука не было.

З усіх чалавечых якасцяў у ім была толькі адна, якую часам называюць як адмоўную — гэта зацятасць у працы. Але без гэтага ці магчыма было б на пустым фактычна месцы ствараць нешта?

Ігар не быў зацятым у палітыцы — вось што галоўнае. Як творца, ён прагнуў гармоніі, а не парадку. Згарманізаваць інтарэсы розных грамадскіх сіл — нашмат больш складаная задача, чым усіх паставіць на лінейку гатоўнасці. Вось жа, Герменчук ведаў, што ягонаму патэнцыялу адпавядае больш складаная задача.

Пасля смерці Ігара Беларусь не стала бліжэй да ягонага ідэалу. Не стала яна і якойсьці іншай. Яна нібы застыла ў сваім шляху.

Востраў Ікарыя сёння — ціхі прытулак курортнікаў. Хоць і тут некалі кіпелі страсці. У 1912 годзе ікарыйцы абвясцілі незалежнасць ад Турцыі. Новую краіну так і назвалі — Ікарыя. Нават марку сваю выпусцілі (амаль як БНР). Але неўзабаве востраў занялі грэкі, і ўсё скончылася. Вось такая сумная гісторыя. Хоць да нашага міфічнага вострава яна мае такое ж дачыненне, як сучасныя грэкі да міфічнага Ікара. І як сучасная РБ да той, якая мроілася Ігару Герменчуку.

Існуе версія, паводле якой сам Авідзій, у якога мы і прачыталі пра Ікара, знайшоў свой уласны апошні прыстанак недзе на Палессі, там, адкуль родам Ігар. Згадваецца верш Уладзіслава Сыракомлі «Авідзій на Палессі». Кажуць, там дагэтуль ёсць узгоркі, якія людзі называюць гарамі Авідзія…

Гібель Iкара

Мне, як рэдактару, хацелася рабіць нешта такое, што пераверне гэты свет і нарэшце зробіць беларусаў нацыяй, і ўсё зайграе, запяе і будзе шчасце. Рабіць без ніякіх бізнесаў, рэкламы ды іншых рацыянальных пралікаў. Але нармальныя газеты ў нармальным свеце так не робяцца. І гэта разумеў Ігар. Які проста стаяў на зямлі, як бы высока ні лятала ягоная душа.

Калі чалавек дасягнуў завершанае цэльнасці ў сваёй прафесіі і ў жыцці, пра яго ўжо не кажаш — цалкам выкладаўся ці там — працаголік. Можна выкладацца разбэрсана і нічога пры гэтым не дасягаць. Але калі ты прафесіянал і цэльная натура, дык само сабой зразумела, што ты — выклаўся цалкам. Так было з Ігарам.

Створаную ў 1990 годзе газету «Свабода» я разглядаў як пляцоўку для адраджэння «Нашай Нівы» — беларускай газеты на ўсе часы, пра якую я марыў, але не пачуваўся гатовым адразу ўзяцца за такую адказную справу. Трэба было стварыць калектыў, паклікаць аўтараў, скласці канцэпцыю і ўвогуле адчуць гэта ўсё ў працы. На тое і прызначалася газета «Свабода». Праз год мне ўжо здавалася, што ўсё гатова для адраджэння «Нашай Нівы». Але і «Свабода» тым часам пачала афармляцца ў самастойнае выданне, хаваць якое не было ніякага сэнсу. Тады і прыйшла ў галаву думка перадаць гэты задзел іншаму рэдактару — Ігару Герменчуку, які тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Заўважу, што перадавалася не прадпрыемства і не ў поўнай меры газета, а толькі задзел, эскіз, брэнд, які ўжо меў сваіх чытачоў.

Ігар узяўся за справу, і нашы канцэптуальныя падыходы пайшлі паралельнымі шляхамі. «Наша Ніва» хілілася да высокае культуры, да інтэлектуальных тэкстаў, да спасціжэння беларускае сутнасці і пошуку новых паняткаў ды ідэй, да мадэрнізацыі беларушчыны і ўпісання яе ў кантэкст сусветнай культуры. «Свабода» ў руках Ігара імкліва ператваралася ў самую масавую апазіцыйную газету, якую чытала і ведала ўся краіна. Вось калі ягоны прафесіяналізм і загартоўваўся і рэалізаваўся адначасова. І гэта быў сапраўдны рэдактарскі палёт, а сам Ігар станавіўся ў вачах калег і публікі ідэальным рэдактарам на ўсе часы.

Уявім сабе гэты палёт Ікара. У ім зразумелая эйфарыя вольнае прасторы і захапленне вышынёй, і пераадоленне зямнога прыцягнення. Словам, дзіва што такое. Але вось што незразумела. Кожны, каму даводзілася скокаць з парашутам ці, скажам, з вышкі ў ваду ці хоць бы лятаць на самалёце, ніколі не страчваў думкі пра бяспеку — пра страхоўку, адпаведную глыбіню вады ці надзейнасць лятальнага апарата. Пры ўсёй эйфарыі гэтае ўсведамленне заўсёды прысутнічае, хоць бы на самым краі свядомасці. У выпадку з Ікарам уражвае тое, што ў яго такой думкі не было. Ён проста ляцеў, набіраючы вышыню і зусім не думаючы пра тое, што будзе далей. Чаму?

Верагодна, ён не бачыў нічога, ніякай іншай будучыні для сябе, апроч гэтага самага палёту. Альбо бачыў сонца як цалкам рэальную мэту. Гэта я не да таго, што ў Ікара цалкам адсутнічала пачуццё асцярогі, а да таго, што нашу звычайную асцярогу ў выпадку Ікара нешта мусіла замяніць. Інакш кажучы, ягоная безагляднасць мусіла б нечым тлумачыцца. Але чым?..

І гэта зноў быў вельмі насычаны і плённы для нас з Ігарам час.

Мы шмат супрацоўнічалі, раіліся і спрачаліся. Найбольш спрачаліся з‑за мовы.

Памятаю, аднойчы зайшоў у Ігараў кабінет, а там ужо быў нейкі наведвальнік. Рэвізор з амерыканскага фонду, падобны да вялікага зайца, пытаўся на ламанай расійскай мове: «Пакажыце, дзе ў вас у газеце рускі язык». Дзіўна мне стала — быццам самае галоўнае, што цікавіць амерыканца ў папулярнай дэмакратычнай газеце — гэта прысутнасць расійскай мовы.

Для мяне гэта дагэтуль вялікае пытанне. Пытанне да нашых — пра білінгвізм, і пытанне да іх — якія чамусьці так дбаюць пра тое, каб дэмакратыя ў Беларусі, крый божа, не развівалася ў сваім нацыянальным рэчышчы — як тое адбылося ва ўсіх нашых суседзяў. Што гэта і навошта? Для мяне неаспрэчным застаецца тое, што ніякае дэмакратыі ў неўсвядомленай Беларусі дасягнуць немагчыма. Перш чым захацець свабоды, ты павінен адказаць сабе на пытанне — а хто я такі? Нездарма ва ўсіх вядомых нам прыкладах, дзе адбылася дэмакратычная трансфармацыя, яна ішла побач з нацыянальным адраджэннем. А інакш што б нас аб’ядноўвала і падымала на перамены? Насельніцтва можа толькі бунтаваць, а на тое, каб змяніць сістэму, патрэбны народ. І менавіта родная мова ператварае людскі тлум у народ.

Ігар падзяляў такія думкі, але мусіў падпарадкоўвацца і таму асяроддзю, у якім працаваў, і заакіянскім спонсарам, якіх тое самае асяроддзе і настройвала адпаведным чынам. Аднойчы я прапанаваў Ігару: калі ўжо ўсё так безвыходна, давай тэксты па‑руску ставіць асобнай старонкай. Назавем іх «рашн пэйдж», і пісаць гэтыя старонкі буду я. Нейкі час гэтая схема працавала і стала, па‑мойму, цікавым прэцэдэнтам. Бо пасля меркавалася ўвесці «інгліш пэйдж» і яшчэ іншыя, але пасля нешта зламалася. Як кажуць у такіх выпадках, «сілы былі няроўныя» — маю на ўвазе націск нашых «чыстых дэмакратаў» і «чыстых бізнесоўцаў». Для мяне не было дзівам, што такі падыход прывядзе да заняпаду газеты. Бо «Свабода» ніколі не была і не магла ў тых умовах стаць бізнес‑праектам. Яна была газетай‑пасланнем. І пасланне яе ў тым і заключалася — ідзем да дэмакратыі праз усведамленне сябе народам. Білінгвізм ставіў на гэтым пасланні крыж. Бо яго сутнасць на старонках аднаго выдання — гэта раскол свядомасці на дзве часткі, тое, што ў псіхіятрыі называецца шызафрэніяй.

Ігар быў абсалютна апантаны ідэяй «залатой сярэдзіны», што, зрэшты, і выяўляе ў ім сапраўднага рэдактара‑прафесіянала. Але, відаць, не ў нашым асяроддзі. Нават пасля, у часопісе «Кур’ер», ён строга пралічваў працэнт мовы, што дазволіць яму збіраць дастатковую рэкламу ўсялякіх модных гадзіннікаў. Як паказаў час, для такой дзейнасці патрэбная была іншая краіна, іншая Беларусь. У Ігаравым выпадку асяроддзе станавілася ўсё больш варожым, бізнес урэшце цалкам перастаў рэкламавацца нават у памяркоўнай прэсе.

У нас ніколі не было разыходжанняў што да роднае мовы ў прынцыпе. Але Ігар, як большы за мяне рэаліст і практык, свядома і балесна (я гэта бачыў) саступаў абставінам у спадзеве ўрэшце перайграць сітуацыю. На жаль, каб давесці гэтую гульню да перамогі, яму не хапіла жыцця.

У кожным сваім інтэрв’ю Ігар паўтараў: галоўнае — прафесіяналізм. А ўжо што такое журналісцкі прафесіяналізм, ён за гады сваёй працы і зразумеў, і акрэсліў для сябе дасканала.

Гэта быў якраз той выпадак, калі ўсе сілы былі кінутыя на адзін фронт, калі яйкі былі складзеныя ў адзін кошык, калі брамніка замянілі шостым палявым гульцом. Не столькі «поўная самааддача», але поўная канцэнтрацыя асобы на адным накірунку. Што ў такіх выпадках бывае — ведаюць усе. Пан або прапаў.

Ён так і жыў — максімальна сканцэнтраваны на мэце, заўсёды адкрыты наперад.

А завалілі яго ззаду. З крыл.

…Калі Ікар настолькі захапіўся палётам, што не зважаў ужо ані на вышыню, ані на вокрыкі свайго бацькі Дзядала, ані на тое, што крылы рассыпаюцца на ягоных руках, тады ён зразумеў раптам, што бяда будзе сувымерная шчасцю ягонага палёту. Бо ні пра якія падстрахоўкі ён папросту не думаў. Кажуць, рак паражае чалавека ў момант самага вялікага псіхалагічнага стрэсу. Кажуць, рак — гэта ўвогуле не хвароба. Гэта такое членістаногае, такі амшэлы вадзяны жук, які поўзае па марскім дне задам наперад і толькі чакае моманту, калі яму ў клюшні зваліцца з неба мёртвае цела Ікара. А які яшчэ мог быць найбольшы стрэс для Ігара, што абсалютызаваў свой журналісцкі палёт і беззапаветна верыў у сілу сваіх крылаў, як не «адстаўка з паста рэдактара за непрафесіяналізм»?

У герояў не бывае маленькіх пачуццяў. Таму адстаўка з прафесіі была ўспрынята як адстаўка з жыцця…

***

Упершыню фрагмент «Метамарфозаў» Авідзія, у якім распавядаецца гісторыя Ікара, на беларускую мову перакладаў Максім Багдановіч. Было гэта ў нашаніўскую пару, на пачатку ХХ стагоддзя. Загадка гэтага перакладу ў тым, што там няма гібелі Ікара. Дайшоўшы да таго месца, дзе Дзядал і Ікар падняліся ў паветра і кожны, хто бачыў іх з зямлі, прымаў за дзівосных багоў, паэт спыніў пераклад. І кожны, хто сёння чытае стары міф па‑беларуску ў інтэрпрэтацыі Максіма Багдановіча, застаецца перакананы, што палёт Ікара працягваецца.

Сяргей Дубавец, Народная воля

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0