08.06.2015 / 22:27

Што лепей — УКантакце ці Фэйсбук?  13

Спрэчка пра тое, што лепшае, УКантакце альбо Фэйсбук, даўно можа быць занесеная ў класічныя тэмы для абмеркаванняў — гэта як Кола і Пэпсі, Айфон і Андроід, Пазняк і Лукашэнка. Адэпты кожнай пазіцыі маюць свае непрабіўныя аргументы, і прымаць пазіцыю апанента ў такіх размовах не прынята.

«Наша Ніва» паспрабавала быць максімальна аб’ектыўнай і разабрацца, якія перавагі мае кожная з сацсетак.

УКантакце

Музыка і відэакантэнт

Менавіта гэты аргумент можна пачуць часцей за ўсё, і гэта, па словах карыстальнікаў часта з’яўляецца прычынай іх знаходжання ў УК. «Калі музыку прыбяруць, сыходжу з УК», — так і кажуць. Пірацкія кампазіцыі і фільмы перманентна збіраюцца прыбраць з прастораў сацсеткі, апошні раз такія чуткі хадзілі пры канцы красавіка, але нічога не змяняецца — нават многія замежнікі абіраюць УК у якасці музычнага плэера.

Пару год таму музыку з УК спрабавалі прыбраць, і дагэтуль лічаныя кампазіцыі не прайграюцца, а фільмы перыядычна знікаюць з доступу па запыце праваўладальнікаў. Але паспрабуйце крыху змяніць назву, і ўсё адшукваецца, а калі песні Ланы дэль Рэй не прайграюцца, ведайце, яна ў УК называецца яшчэ і «Ванна без дзвярэй».

Пошук па пастах

Карыстальнікі Фэйсбука часта скардзяцца на тое, што пасты «знікаюць». І сапраўды, адшукаць свой альбо чужы стары запіс у амерыканскай сацсетцы складана. Няма пошуку па ўсіх запісах. Хэштэгі ратуюць сітуацыю, але не напоўніцу — калі запісаў пад тэгам шмат, пошук ператворыцца ў доўгі працэс.

Наогул, прагрэс па пошуку звязаных з карыстальнікам пастоў ёсць — шукаць можна, але паслядоўнасць вынікаў мне, напрыклад, незразумелая — я шукаю пасты, дзе быў пазначаны, і адлюстраваныя вынікі ўтрымліваюць і 2009 год, і 2013, і запісы апошняга тыдня.

Ва УК агулам пошук па ўсіх запісах сацсеткі зручнейшы — можна пазначаць від паведамленняў, шукаць толькі па каментарах, па фотаздымках ці прымацаваных відэа, дадаваць геалакацыю, згадкі суполкі, шукаць толькі па папулярных запісах. Існуе магчымасць і пошуку па ўласнай сценцы.

Пошук людзей

УКантакце не проста дае ўнікальныя для нашых шыротаў магчымасці па пошуку, напрыклад, саслужыўцаў, але і якасна шукае вашых аднакурснікаў, аднакласнікаў і жыхароў аднаго з вамі горада. Фільтры ўключаюць і пол, і ўзрост, і наяўнасць фотаздымка, і нават рэлігійныя перакананні. Знайсці калегу ці знаёмага ў ФБ нашмат складаней.

Народнасць

І знаходзіць людзей ва УК прасцей праз ягоную масавасць — у Беларусі каля 4,5 млн карыстальнікаў УК супраць 900 тысяч зарэгістраваных у Фэйсбуку. Тут той самы загадкавы беларускі народ, да якога часта апелююць і пытаннямі якога задаюцца. Тут дасылаюць адзін аднаму бел-чырвона-белыя сцяжкі, ёсць версія на беларускай тарашкевіцы, і самы папулярны падарунак — георгіеўская стужачка. Усё як ёсць, праўда, карыстальнікі ВК крыху маладзейшыя за аўдыторыю ФБ.

Паблікі

Ва УК прасцей вядуцца паблікі, публічныя групы. Яны проста зручнейшыя. Плюс, калі казаць пра рэкламу для Беларусі, таргетаванне аўдыторыі ва УК больш дэталёвае — скажам, у ФБ немагчыма паказваць рэкламу толькі жыхарам Салігорска, ва УК можна выбраць нават нежанатых салігорскіх шахцёраў. Ну, а запрашэнні і аўтаматычнае дадаванне ў нейкія незразумелыя групы ў ФБ — звычайная і пакутная практыка.

Аплікацыя

Яна адна. І яна хуткая. У ФБ асобна існуе мэсэнджар, праграма для вядзення груп і ўласна сам Фэйсбук. Тут усё гэта ў адным. Праўда, апошнія версіі для айфонаў больш не прайграюць музыку — барацьба з пірацтвам для кампаніі Apple не пусты гук.

Facebook

Стужка навін

Ва УК навіны адлюстроўваюцца па часе дадавання. Можна, вядома, абраць больш папулярныя, але прынцып захоўваецца — вышэй адлюстроўваюцца навіны, дадзеныя раней. Проста і зразумела, але важныя запісы сяброў проста губляюцца, калі вы не заходзіце адмыслова на іх старонку. Стужка ФБ зусім не паказвае і не імкнецца паказаць абсалютна ўсё запісы, як гэта ва УК, але паказвае тое, што каментуецца і чытаецца. І не важна, калі дададзены запіс — калі да нейкага старога паста альбо фатаздымка дадаюцца новыя каменты — ён з вялікай верагоднасцю з’явіцца ў вашай стужцы. Дарэчы, ФБ дае персаніфікаваную статыстыку — што і каго вы бачыце ў стужцы за тыдзень.

Месцы, чэкіны і меркаванне сяброў

Фэйсбук дазваляе вам не проста адзначыць месца, дзе вы цяпер знаходзіцеся, але і паглядзець, хто з вашых сяброў там быў, што ён пра гэта думае, што адтуль посціў і якія фотаздымкі рабіў. Плюс бары, спартзалы і ўсё, куды ходзяць людзі, можна ацаніць, і адзнака і парады вашых сяброў ці іншых карыстальнікаў могуць рэальна дапамагчы ў вандроўках ці проста ў пошуку месца для вячэры.

Міжнароднасць

Маючы сяброў з Польшчы ці Індыі, наўрад вы абераце УК як пляцоўку для камунікацыі. Плюс Фэйсбука ў яго глабальнасці — на сёння ў сетцы зарэгістравана 1,3 млрд карыстальнікаў з усяго свету.

Элітарнасць

У ФБ вядуцца дыскусіі і наогул, самі карыстальнікі ствараюць арыгінальны кантэнт. Гэтага не стае сёння УК — рэпосты і лайкі замянілі іншыя віды сацыяльнай актыўнасці для большасці карыстальнікаў. Паглядзіце, тут цэлы спіс тых, на каго варта падпісвацца ў ФБ. Ва УК такога няма.

Бяспека

Заснавальнік УК Павел Дураў сышоў менавіта пасля спробаў расійскіх уладаў усталяваць кантроль над змесцівам сацыяльнай сеткі. Непрацяглую барацьбу ён прайграў, а свой новы сэрвіс Telegram пазіцыянуе як бяспечны сродак камунікацыі паміж карыстальнікамі. У супрацьвагу УК. Карыстацца гэтай сацсеткай на тэрыторыі такіх краін, як Беларусь, фактычна азначае не мець гарантый бяспекі прыватных дадзеных перад спецслужбамі. Да Фэйсбука ёсць пытанні, але кампанія сочыць за сваім іміджам, публікуе справаздачы аб супрацы з нацыянальнымі ўладамі і гарантуе дакладна больш, чым расійская сацсетка.

Фэйсбук для розных людзей

Скажам, аднаполыя пары могуць пазначыць свой статус. Як ні дзіва, такога ва УК няма.

Альбо кожны карыстальнік можа дадаваць да сваёй біяграфіі значныя падзеі — ці то пераадольванне алкагольнай залежнасці, ці вандроўка на другі кантынент. Да таго ж, да кожнай падзеі можна прымацаваць смайлікі з эмоцыямі – і, галоўнае, людзей, з якімі вы гэта перажываеце. Адпаведна, гэта будзе адлюстроўваецца ў іх стужках. Ва УК такога няма.

Успаміны і мілыя ролікі

Паколькі мы ўсё больш паглыбляемся ў сацсеткі, у нас ужо з’яўляюцца лічбавыя ўспаміны — напрыклад, пяць год таму нейкі пост сабраў сотню лайкаў, ці вы сталі сябрамі з вашай сённяшняй жонкай. Фэйсбук мае функцыю ўспамінаў — сацсетка выбера памятныя падзеі з вашага мінулага «анлайнавага жыцця» і будзе паказваць іх у выглядзе згадак.

Плюс ФБ дазваляе карыстальнікам кампіляваць іх уласны кантэнт да розных значных дат у мілыя ролікі — будзе гэта 10-ці годдзе сацсеткі, дзень сяброў ці Новы год. Выходзіць неяк так.

Падзеі

Як і з месцамі, куды ходзяць карыстальнікі, ФБ абыходзіць УК па зручнасці стварэння і пошуку падзей — у стужцы бачна, куды і хто з вашых сяброў збіраецца ў бліжэйшы час. Ну і для тых, каго цікавіць, напрыклад, куды пойдзе нейкая дзяўчына на наступным тыдні — на яе старонцы зверху будзе адлюстроўвацца найбліжэйшая падзея, куды яна збіраецца. Зручны сэрвіс.

 

Іван Шыла

0
даневажно / Адказаць
08.06.2015 / 22:39
Пазняк і Лукашэнка? :) Хто такі Пазняк?
0
для Іван / Адказаць
08.06.2015 / 22:40
гэта правал(
0
Himley / Адказаць
08.06.2015 / 22:46
С тех пор, как ВК выкупило мыло.ру, в ВК делать нечего. Врядли мыльники захотят параллельно развивать ВК и ОК параллельно, сама репутация мыльников и их забота о пользователях была мною проверена на своей шкуре. Вобщем гнилая контора и в отличие от Дурова они не будут сильно волноваться о пользователях, когда к ним придут дяди из ФСБ, более того - сами еще заносить начнут нужные данные. Ну и в том, что они рано или поздно начнут(если еще не начали) вводить провластную цензуру - я ни разу не сомневаюсь.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру