Ствараць у Беларусі новы ўніверсітэт, які б узяў на сябе ролю нацыянальнага, няма патрэбы, лічыць рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка.

Такое меркаванне ён выказаў 4 чэрвеня пасля падпісання пагаднення аб выпуску першай партыі шматфункцыянальных інтэлектуальных пасведчанняў супрацоўнікаў БДУ. 

«Наш універсітэт — гэта вядучая вышэйшая навучальная ўстанова краіны, і ён выдатна спраўляецца з роляй нацыянальнага ўніверсітэта, — сказаў ён. — Мы выконваем тыя ж функцыі, што і вядучыя ВНУ нашых суседзяў — Маскоўскі і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўныя ўніверсітэты, хоць словы «нацыянальны» ў іх назвах няма, акрамя Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, але такі статус маецца на ўвазе». 

Паводле слоў Абламейкі, стварэнне нейкага новага ўніверсітэта — працэс працяглы, шматгадовы і затратны. «Яшчэ адно пытанне — гэта акадэмічны, выкладчыцкі склад. Дзе яго ўзяць?» — сказаў ён. 

Адказваючы на пытанне пра ролю БДУ ў рэалізацыі ўмоў уваходжання Беларусі ў Балонскі працэс, рэктар сказаў: «Зробім усё, што прапануе нам Міністэрства адукацыі, якое за гэта адказвае. Думаю, што нічога кардынальна мяняць не давядзецца, я не бачу тут ніякіх праблем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?