Жанна Пцічкіна атрымала адказ з Генеральнай пракуратуры на сваю скаргу аб спыненні крымінальнай справы па факце смерці яе сына Ігара Пцічкіна ў СІЗА-1, паведамляе spring96.org.
У адказе пазначана, што Пастанова аб спыненні крымінальнай справы ад 2014/12/29 адменена і справа зноў накіравана ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь на новы разгляд. Акрамя таго, у Следчы камітэт таксама перададзеныя дадатковыя матэрыялы, прадастаўленыя Жаннай Пцічкінай, для азнаямлення і далучэння іх да справы. Сярод іх і фота Ігара Пцічкіна ў момант паступлення ў Следчы ізалятар і праз 4 дні, ужо пасля смерці.
Фоты Пцічкіна за 4 дні да смерці і пасля смерці.
Здаецца, гэта зусім розныя людзі. Ці як мінімум — чалавек у значна адрозныя часовыя перыяды. На самой справе — не. Паміж здымкамі — 4 дні. На першым фота: так выглядаў Ігар Пцічкін, калі паступіў у СІЗА на Валадарскага. Другое фота: такім ён пакінуў СІЗА праз 4 дні.
І хаця маці Ігара забаронена пад страхам крымінальнай адказнасці распавядаць, ад якіх дзеянняў службовых асобаў СІЗА адбылося тое, што адбылося, часам фота гавораць красамоўней за ўсялякія словы.
***
Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 ад спынення сэрца, прычыны якого не высветлены. Блізкія нябожчыка думаюць, што смерць наступіла ў выніку збіцця Ігара ахоўнікамі ізалятара, бо на яго целе было мноства сінякоў.