Цана імпартаванага Беларусьсю прыроднага газу ў 2008 г. вырасьце ў сярэднім на 25,3% у параўнаньні зь мінулым годам, паведаміў Міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц. Ён падкрэсьліў, што ў зьвязку з падаражаньнем імпартаванага газу, перад міністэрствам стаіць задача стрымліваць цэны для ўнутраных карыстальнікаў. «Пры росьце цаны імпартаванага Беларусьсю прыроднага газу ў сярэднім за 2008 г. на 25,3% тарыфы на электраэнэргію для спажыўцоў рэальнага сэктара эканомікі зь 1 студзеня бягучага году павялічаныя толькі на 0,9%, на цеплавую — на 1,36%», — адзначыў А. Азярэц.
Арганізацыям, што займаюцца распрацоўкай сацыяльна скіраваных інвэстыцыйных праграмаў па энэргазьберажэньні зь бюджэту выдзеляць кампэнсацыю ў памеры 405,8 млрд. рублёў.