Джым Бойсэн. Фота: The Independent

Джым Бойсэн. Фота: The Independent

Лекары Х’юстанскага метадычнага шпіталя і анкалагічнага цэнтру імя Андэрсана ў Тэхасе, ЗША, зрабілі першую ў гісторыю аперацыю па частковай перасадцы чэрапу і скуры чалавеку, піша The Independent.

Донара шукалі паўтара года, у 15-гадзіннай аперацыі ўзялі ўдзел 12 дактароў і 40 асістэнтаў.

Пацыентам стаў 55-гадовы тэхасец Джым Бойсэн. Разам з абноўленым чэрапам ён атрымаў новую нырку і новую падстраўнікавую залозу.

У 1992 годзе ён перанёс перасадку падстраўнікавай залозы дзеля лекавання дыябету, ад якога цярпеў з 5 год. Імунападаўляльныя лекі, неабходныя пасля перасадкі донарскіх органаў, выклікалі рэдкую форму раку — лейміасаркому (злаякасную пухліну гладкіх цягліц). Радыётэрапія, якой лекавалі рак, разбурыла частку яго чэрапу, а раны дрэнна зажывалі праз тыя самыя імунападаўляльныя лекі, праз што ён не мог атрымаць новую падстраўнікавую залозу — старая донарская пачала даваць збоі.

«Гэта быў дасканалы шторм, які не дазваляў ранам зажываць», — апісвае свой стан Бойсэн. Цяпер, магчыма, ён зможа весці нармальны лад жыцця.

Бойсэн выказаў падзяку сям’і донара за тое, што атрымаў не толькі чэрап, але і скуру, якая нават падышла па колеры. «Цяпер у мяне нават больш валос, чым было ў 21 год», — смяецца ён.

Раней лекары з Нідэрландаў праводзілі перасадку зробленай на 3D-прынтары часткі чэрапа, але тэхаскі выпадак — першая аперацыя па перасадцы такога кшталту донарскага органа.

Чытайце таксама: Навукоўцы вырасцілі лапку пацука з жывых клетак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?