Таццяна Сайганава патлумачыла, што ўпакоўка, якую выкарыстоўвалі два падпольныя цэхі, якія выпускалі какававы парашок і аўсяныя шматкі пад брэндам «Камунарка», падобная на арыгінальную. «У нас на прадпрыемстве ў кожнага цэха свой колер маркіроўкі. Нават такая дробязь была падроблена. Колер маркіроўкі шакаладнага цэха, які ў нас вырабляе какававы парашок, сапраўды, карычневы. Аднак інфармацыя на маркіроўцы састарэлая — ёю карысталіся да снежня 2014 года. Адразу кідаецца ў вочы, што ў цэхах антысанітарыя: прадукцыя стаіць на падлозе «, — сказала Таццяна Сайганава.

Аператыўная інфармацыя пра тое, што на тэрыторыі Украіны дзейнічае падпольная арганізацыя, якая незаконна выпускае прадукцыю пад брэндавай маркай «Камунарка», паступіла ў 2014 годзе.

Звесткі былі правераныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў пры садзейнічанні прадстаўнікоў СААТ «Камунарка», Інтэрпола ў Беларусі, украінскіх калегаў. У выніку праведзенай працы супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю УМУС Украіны ў Чарнігаўскай вобласці спынілі дзейнасць па вытворчасці прысмакаў, якія выдавалі за прадукцыю кампаніі «Камунарка». Далейшыя праверачныя мерапрыемствы на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці дапамаглі выявіць завод, які складаўся з двух цэхаў па вытворчасці кантрафактнай прадукцыі (какававы парашок і аўсяныя шматкі) і які выкарыстоўваў гэты брэнд. Пры правядзенні ператрусаў у вытворчых і складскіх памяшканнях падпольнай вытворчасці аператыўнікі канфіскавалі гатовую прадукцыю, абсталяванне і сыравіну на агульную суму больш за 2 млн грыўняў (амаль Br1,5 млрд).

Акрамя таго, у офісных памяшканнях былі знойдзеныя падробленыя бухгалтарскія дакументы, пячаткі і штампы, этыкеткі са знакамі для тавараў і паслуг «Камунарка».

У дачыненні да падазроных асоб распачата крымінальная справа па ч.3 арт.229 КК Украіны (незаконнае выкарыстанне знака для тавараў і паслуг, фiрмавага наймення, кваліфікаванага ўказання паходжання тавару). Расследаванне працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?