06.06.2015 / 09:45

У аграгарадку Белавежскі праваслаўныя патрабуюць прыбраць каталіцкі крыж 145

У пасёлку Белавежскі (гэта Камянецкі раён на Берасцейшчыне) каталікі ўсталявалі каталіцкі крыж побач з праваслаўным, а праваслаўныя абурыліся. Адны хочуць каб каталіцкі крыж перанеслі ў іншае месца, другія — каб яго зусім прыбралі. Мясцовыя чыноўнікі кажуць, што канфлікт «патыхае падзеямі ва Украіне».

У доме культуры Белавежскага з гэтай прычыны адбыўся сход жыхароў, чыноўнікаў і святароў.

Крыж разладу

У пасёлку Белавежскі больш за дзве тысячы жыхароў. Асноўная колькасць — праваслаўныя, больш за 20 сямей каталікоў, ёсць і мусульманская сям’я.

Каталікі не маюць свайго касцёла і прыпісаныя да Высокаўскай парафіі. На ўездзе ў мястэчка стаяў праваслаўны прыдарожны крыж. А нядаўна каталікі паставілі побач і свой. Гэта і абурыла праваслаўную грамаду.

Высокаўскі ксёндз Андрэй Бародзіч патлумачыў на сходзе, што крыж усталяваў адзін з ягоных вернікаў, выдаць якога ён ня можа, бо «гэта таямніца споведзі».

Ксёндз тлумачыць, што без крыжа ў Белавежскім ёсць пэўныя цяжкасці для каталікоў — калі хто памірае, даводзіцца везці труну да крыжа ў Высокім — памаліцца, а потым вяртацца, каб пахаваць.

Праваслаўны сьвятар: «Ня трэба таптаць нашу веру нагамі»

Айцец Аляксандр, белавежскі праваслаўны святар:

«У наш час ёсць шмат розных канфесій, розных веравызнанняў. Але цяпер паміж пастырамі цэркваў — каталіцкай ды праваслаўнай — стаіць задача, каб не было ніякіх канфліктаў, каб усё было законна, каб усё рабілася ў згодзе з законамі. Трэба ўлічваць, што ў нас у пасёлку больш за 90 працэнтаў — праваслаўныя. І не трэба таптаць нашу веру нагамі. І калі зараз большасць прагаласуе за тое, што не трэба гэты крыж у пасёлку, то тады прыбіраем».

У часе дыскусіі святара Аляксандра і ксяндза Андрэя.

Каталіцкі святар: «Няўжо нам каталіка несці пад праваслаўны крыж?»

Пасля праваслаўнага далі слова каталіцкаму святару айцу Андрэю:

«Мой бацька быў праваслаўны, ён быў панамаром у царкве. Я ўсіх паважаю праваслаўных, малюся за іх, я ў царкве хаваў свайго бацьку… Але нашы пакуты з крыжам пачаліся не цяпер, ёсць дакумент, дзе я пісаў з гэтай прычыны ў райвыканкам амаль год таму… Потым мы пайшлі да дырэктара «Белавежскага», ён сказаў, што катэгарычна супраць таго, каб ставіць крыж. Але ж гэта не толькі тут разам праваслаўны і каталіцкі крыж. У іншых месцах таксама. Ну няўжо нам, як памрэ, то каталіка несці пад праваслаўны крыж? Я паважаю праваслаўны крыж, але ў нас жа каталіцкі…»

Айцец Андрэй распавёў, што ў вернікаў «накіпела», што доўга няма дазволу на ўсталяванне крыжа, таму яны і паставілі яго самавольна.

Праваслаўны айцец Аляксандар на гэта запярэчыў:

«Праваслаўны храм калі будуецца, то таксама да пяці гадоў атрымліваюць толькі дазвол на зямлю. Але самавольна ніхто крыжы ніякія ня ставіць, самавольна храмы не растуць. Хоць вас 50 чалавек, а нас…»

Таксама праваслаўны святар выказаўся, што каталікі не маюць права ставіць свой крыж, бо іхняя парафія тут не зарэгістраваная. Аднак айцу Аляксандру запярэчылі нават чыноўнікі: вернікі прыпісаныя да Высокаўскай каталіцкай парафіі, і ім не абавязкова тут рэгістраваць абшчыну, каб паставіць крыж.

Праваслаўны святар запытаўся ў каталіцкага, ці прыбяруць яны крыж: «А мы дапаможам. Вы скажыце, я заўтра пайду, прыбяру…»

Ксёндз Андрэй адказаў: «Добра, калі ў вас такая сіла ёсць крыжы скідаць, то калі ласка… Калі вы не баіцеся…»

Тады святар Аляксандр кажа: «А калі хочаце, то я зраблю з яго праваслаўны і пастаўлю ў Мальчаках сабе… Навошта гэты цырк ладзіць? Раз вы такі добры пастыр, то бярыце сваіх прыхаджан і вязіце ў Высокае…»

Праваслаўны святар выказаў меркаванне, што каталіцкія крыжы могуць стаяць побач з праваслаўнымі ў тых населеных пунктах, дзе «ёсць гісторыя, дзе спакон веку стаяў касцёл».

«У нас жа ніколі не было ні каталіцкай царквы, ні каталікоў амаль няма, ніякай абшчыны не зарэгістравана. Якія адносіны мае гэты крыж да нас?» — дадаў айцец Аляксандар.

Чыноўнікі: «Патыхае падзеямі ва Украіне»

На сходзе прысутнічалі чыноўнікі — галоўны архітэктар Камянецкага раёна, ідэолаг райвыканкама, старшыня райсавета дэпутатаў, дырэктар Белавежскай школы ды іншыя.

Чыноўнікі распавялі, што ксёндз Андрэй Бародзіч звяртаўся да іх па дазвол на ўсталяванне крыжа, але пакуль гэтае пытанне было на разглядзе.

Пазіцыя чыноўнікаў зводзіцца да таго, што яны ня супраць каталіцкага крыжа ў Белавежскім, але іх абурае, што крыж быў усталяваны незаконна, да атрымання афіцыйнага дазволу.

«Я каталік, жонка — праваслаўная. Але мне не падабаюцца гэтыя размовы. Крыху патыхае падзеямі ва Украіне… Але я ня бачу тут ніякага пагарджання верай праваслаўнай», — кажа дырэктар школы.

Не забыўся прыгадаць Украіну, звяртаючыся да ксяндза, і праваслаўны святар:

«Давайце будзем выконваць закон, каб не было другой Украіны, дзе адну царкву разбураюць, а іншую будуюць. Тыя людзі, якія ставяць крыж без дазволу свецкай улады, яны не нясуць разлад? Гэта пачатак Украіны…»

Эмоцыі падчас абмеркавання

Начальнік аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі Камянецкага райвыканкама Мікалай Громік распавёў, што канфлікт на рэлігійнай глебе для яго прыкры:

«У партыі камуністычнай я не быў, не магу сказаць, што быў атэістам, бо быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Любая рэлігія заслугоўвае, каб да яе ставіліся з павагай. Але ў любой дзяржаве — улада ёсць улада, і яе павінны паважаць. Якая яна ёсць — добрая ці, як нехта лічыць, дрэнная».

Спадар Громік растлумачыў, што зварот ксяндза аб усталяванні крыжа ў Белавежскім быў у райвыканкаме, разглядаўся на каардынацыйнай радзе, і было вырашана правесці сход, каб высветліць думку жыхароў.

Дом культуры ў Белавежскім.

У прыватнай гутарцы ідэолаг выказаў карэспандэнту «Свабоды» меркаваньне, што яму «па-чалавечы хацелася б», каб святары дамовіліся наконт крыжоў найперш між сабой, а не ўсчыналі нейкія дыскусіі ды канфлікты.

Пасля выступаў прысутным прапанавалі прагаласаваць па пытаннях, ці патрэбен у Белавежскім каталіцкі крыж і дзе яму стаяць — побач з праваслаўным або ў іншым месцы. Перад галасаваннем залю дэманстратыўна пакінула каталіцкая меншасць, якая дагэтуль і не выступала, толькі слухала спрэчкі.

У выніку сход фактычна ні да чага не прывёў. Праблема каталіцкага крыжа ў Белавежскім будзе разглядацца адпаведнай камісіяй у Камянецкім райвыканкаме.

Галасуюць супраць каталіцкага крыжа.

«Праваслаўны бацюшка ня хоча, каб тут былі каталікі»

На сходзе прысутнічаў вядомы берасцейскі гісторык, краязнаўца, рэдактар грэка-каталіцкай газеты «Царква» Ігар Бараноўскі. Ён лічыць, што праваслаўны святар «бароніць тут сваю кананічную тэрыторыю»:

Ігар Бараноўскі.

«Крыж — гэта той сімвал, які павінен яднаць хрысціян. І тое, што вакол гэтых крыжоў, праваслаўнага і каталіцкага, такая вайна — гэта нядобра. Адзінае, што тут ёсць падводныя камяні, якія мне відавочныя. Праваслаўны бацюшка праяўляе вялікую актыўнасць, ён вельмі не хоча, каб тут былі каталікі. Каталікі паставілі крыж, не дачакаўшыся дазволу. З пункту гледжання ўладаў я б вырашыў аштрафаваць за гэта каталікоў, але па факце пакінуў бы крыж ужо на месцы, бо зносіць крыж — ужо і не па-хрысціянску, не па-чалавечы», — кажа Бараноўскі.

0
Левы нацыяналіст / Адказаць
06.06.2015 / 09:47
Мясцовыя чыноўнікі кажуць, што канфлікт «патыхае падзеямі ва Украіне». ==================== сразу видна безграмотность "чиновников"
0
Генэрал Голад / Адказаць
06.06.2015 / 10:08
Ды не "праваслаўныя" хочуць прыбраць крыж, а мясцовы поп РПЦ, з кучкай "беснаватых" бабак з ягонага прыходу! Я жыву ў мясцовасьці спрэс праваслаўнай, але не ўяўляю, каб нашыя людзі выказаліся супраць каталіцкага крыжа. Калі гэта і магчыма, то толькі ад шкоднага падбухторваньня да такіх падзей. А тое што крыж каталіцкі..... Колькі памятаю, стаялі паўсюль простыя 4-х канцовыя крыжы, без усялякіх перакладзін. Васьміканцовыя крыжы пачалі ставіць толькі апошнім часам, пасьля распаду СССР. Раней стаялі вялікія счарнелыя крыжы, перавязаныя рушнікамі, падпярэзаныя фартушкамі. А цяпер - пафарбаваныя ў вясёленькія колеры і абвешаныя стракатымі стужкамі...
0
михаил / Адказаць
06.06.2015 / 10:11
да кризис просто, верующие денег мало дают, вот и бесятся некоторые представители церкви. всегда умиляло, что у православной церкви есть четкий тариф чтобы умереть (отпевание). т.е. с точки зрения православной церкви - нет у тебя денег, то и помирать не имеешь права :)
Паказаць усе каментары/ 145 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру