У Швэцыю прыехала дэлегацыя ад «Гусарскай харугвы Яна Казлоўскага», маршалка паморскага ваяводзтва. Узначальвае дэлегацыю паручнік Яраслаў Стручыньскі. У залі каралеўскага арсэналу дэлегаты ўрачыста абвясьцілі пасланьне да яго каралеўскай вялікасьці, Карла XVI, з просьбай вярнуць частку польскіх трафэяў, якія былі вывезеныя швэдамі падчас вайны з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне XVI ст.

Гусарская харугва — гістарычны клюб, які ладзіць рэканструкцыю гістарычных баталіяў Польшчы і Рэчы Паспалітай. Нагодай да паездкі прадстаўнікоў харугвы ў Швэцыю стала выстава ў Стакгольмскім каралеўскім арсэнале «Ваенныя трафэі», дзе былі выстаўленыя каштоўнасьці і мастацкія творы. Гэтыя трафэі былі здабытыя швэдамі ў 17‑18 стагодзьдзях падчас шматлікіх войнаў з Чэхіяй, Даніяй, Нарвэгіяй, Рэччу Паспалітай і Расеяй. Сярод каштоўнасьцяў фігуруюць кніга з пазначэньнямі Мікалая Каперніка, рог апошняга беларускага тура ў срэбнай аправе, шэраг каштоўных іконаў і чашаў з польскіх і беларускіх касьцёлаў.

Нягледзячы на «пагрозу» рэканструктараў «высадзіцца і разьбіць швэдаў», іхняя просьба мае мала шанцаў на посьпех. Аднак тэма вяртаньня каштоўнасьцяў можа стаць галоўнай на канфэрэнцыі, прымеркаванай да выставы.

Яраслаў Сьцешык, паводле http://susvet.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0