Сёння ў Кіеве прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці праводзілі «Марш роўнасці» на Абалонскай набярэжнай. У пачатку шэсця каля 30 агрэсіўна настроеных маладых людзей прыйшлі на месца збору ўдзельнікаў «Марша роўнасці». Яны распылілі ў натоўп слезацечны газ, кідалі дымавыя шашкі і петарды.

Праваахоўнікі выстраіліся кардонам і не дапусцілі адкрытага сутыкнення паміж удзельнікамі маршу і праціўнікамі ЛГБТ-акцыі. Аднак пацярпелі некалькі супрацоўнікаў міліцыі.

За супрацьпраўныя дзеянні на месцы здарэння праваахоўнікі затрымалі 25 чалавек.

У іх канфіскавалі петарды, адвёрткі, нажы і іншыя небяспечныя прадметы. Пачата крымінальная вытворчасць па ч. 4 арт. 296 КК Украіны (хуліганства).

Колькасць пацярпелых міліцыянтаў падчас сутыкненняў на «Маршы роўнасці» сёння ў Кіеве ўзрасла да дзевяці, паведамілі ў Аддзеле сувязяў з грамадскасцю Галоўнага ўпраўлення МУС у Кіеве.

Мэр Кіева Віталь Клічко адзначыў, што ў Кіеве няма ўціску ні па якіх прыкметах, і кожнаму чалавеку гарантуецца свабоднае выказванне поглядаў і перакананняў.

Ён патрабуе пакараць тых, што ўчынілі правакацыі і сутыкненні з праваахоўнымі органамі ў Кіеве.

«Я лічу, што палітычныя сілы, якія выступалі супраць маршу, «падагрэлі» сітуацыю, спрабуючы стварыць сабе сумніўны піяр на тэме правоў меншасцяў. За некалькі дзён да маршу я заклікаў палітычныя сілы і грамадскія арганізацыі не распальваць варожасць і не ствараць супрацьстаянне ў сталіцы вакол «Маршу роўнасці», — цытуе Клічко прэс-служба мэра.

Ён падкрэсліў, што міліцыя выконвала свой абавязак, забяспечваючы парадак, і падобныя выпадкі нападу агрэсіўна настроеных асоб на праваахоўнікаў з'яўляюцца недапушчальнымі.

«Ва ўмовах, калі краіна супрацьстаіць знешняй агрэсіі, правапарадак на месцах, бяспека — гэта галоўнае. Таму ўсе, хто зладзіў беспарадкі, павінны быць жорстка пакараныя. Я асабіста бяру гэтае пытанне пад кантроль «, — падкрэсліў Клічко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?