Міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс заявіў, што перашкодай для экспарту газу ва Украіну з'яўляецца пазіцыя «Газпрома», перадае Reuters.

Па словах міністра, Літва гатовая пачаць пастаўкі ва Украіну з тэрмінала па прыёме звадкаванага газу «Незалежнасць» у любы час, аднак «Газпром» адмовіў у транзіце праз Беларусь.

«Мы прасілі апэратара беларускай газатранспартнай сістэмы прапусціць наш газ. Аператарам сістэмы з'яўляецца «Газпром». Мы атрымалі адмоўны адказ, што газ транспартаваць немагчыма. Мы не згодныя з гэтым», — заявіў Масюліс. «Гэта палітыка, якая ўскладняе справу… Мы маглі б пачаць экспарт сёння, калі б нам дазволілі», — дадаў Масюліс.

Міністр таксама дадаў, што пашырэнню літоўскага экспарту перашкаджаюць кантракты «Газпрома», завязаныя на схему «бяры або плаці». Паводле Рокаса Масюліса, уплыў літоўскага тэрмінала па прыёме звадкаванага газу выявіцца на працягу наступных пяці гадоў. «Усе ведаюць, што могуць выкарыстоўваць яго і будуць памятаць пра гэта пры заключэнні новых пагадненняў», — дадаў ён.

У сакавіку 2015 года Масюліс казаў пра ролю, якую новы тэрмінал адыграе ў рэгіёне. «Я думаю, што «Газпрому» ёсць чаго баяцца. Наша мэта — каб нашы спажыўцы плацілі за газ як мага менш <…> Пабудаваўшы тэрмінал, мы ўжо можам весці перамовы з кожным, і гэта забяспечвае атрыманне газу па лепшай цане — будзь-то «Газпром» або будзь-то звадкаваны газ», — цытаваў міністра партал Delfi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?