Урад зацвердзіў стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адходамі Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы (Гродзенская вобласць).

Адпаведная пастанова Савета міністраў № 460 апублікаваная 6 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як зазначаецца ў тэксце Стратэгіі, у сувязі з эксплуатацыяй атамнай электрастанцыі асаблівую актуальнасць набывае праблема стварэння розных тыпаў і катэгорый радыеактыўных адходаў (РАА), якія ўяўляюць патэнцыяльную небяспеку для чалавека і навакольнага асяроддзя.

У адпаведнасці з праектам БелАЭС прадугледжваюцца функцыянаванне сістэмы абыходжання з РАА і іх захоўванне ў прыстанцыйным сховішчы на працягу дзесяці гадоў з наступным іх перамяшчэннем у пункт пахавання РАА, пабудова якога праектам не прадугледжана.

Адказнасць за забеспячэнне бяспечнага і надзейнага функцыянавання сістэмы абыходжання з РАА ўскладаецца на дзяржаву і арганізацыю, якая яе эксплуатуе.

Сістэма абыходжання з РАА ўключае ў сябе збор, сарціроўку, ачыстку, перапрацоўку, кандыцыянаванне, транспарціроўку і захоўванне РАА, якія ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі атамнай электрастанцыі. 

Пры эксплуатацыі атамнай электрастанцыі ўтвараюцца РАА розных тыпаў (газападобныя, вадкія і цвёрдыя) і катэгорый (вельмі нізкаактыўныя, нізкаактыўныя, сярэднеактыўныя і высокаактыўныя).

У мэтах бяспечнага абыходжання з РАА ў межах рэалізацыі праекта неабходна вырашыць пытанні ачысткі РАА перад выкідам у атмасферу да стану, які б адпавядаў санітарным нормам, — пры абыходжанні з газападобнымі РАА; ачысткі РАА ад радыенуклідаў, канцэнтравання радыенуклідаў у мінімальным аб'ёме і пераводу вадкіх канцэнтраваных РАА ў формы, зручныя для захоўвання, — пры абыходжанні з вадкімі РАА; мінімізацыі аб'ёмаў РАА і іх бяспечнага і надзейнага захоўвання на працягу праектнага тэрміну эксплуатацыі атамнай электрастанцыі — пры абыходжанні з цвёрдымі РАА.

Згодна з дакументам, на працягу тэрміну эксплуатацыі атамнай электрастанцыі (60 гадоў) прагназуецца ўтварэнне 9360 куб. метраў цвёрдых РАА розных катэгорый і 60 куб. метраў высокаактыўных РАА. 

Згодна з папярэдняй ацэнкай, прагназуемы аб'ём ўтвараемых нізкаактыўных і сярэднеактыўых цвёрдых РАА ў выніку вываду АЭС з эксплуатацыі складае 2.050 куб. метраў на адзін энераблок атамнай электрастанцыі, высокаактыўных цвёрдых РАА — 85 куб. метраў.

«З улікам чаканых аб'ёмаў утварэння РАА існуе аб'ектыўная неабходнасць стварэння пункта пахавання РАА для забеспячэння бяспечнага захоўвання вельмі нізкаактыўных, нізкаактыўных і сярэднеактыўных РАА пасля ўводу атамнай электрастанцыі ў эксплуатацыю. Будаўніцтва гэтага пункта пахавання мэтазгодна ажыццявіць з выкарыстаннем прыпаверхневага спосабу лакалізацыі адходаў з магчымасцю яго пашырэння для забеспячэння пахавання РАА, што ўтвараюцца пры вывадзе атамнай электрастанцыі з эксплуатацыі», — гаворыцца ў Стратэгіі. 

Зазначаецца, што ў склад пункта пахавання РАА могуць быць уключаны спецыяльна абсталяваныя адсекі для працяглага захоўвання ўпаковак сярэднеактыўных РАА, колькаснае ўтрыманне доўгажывучых радыенуклідаў у якіх не дапускае іх прыпаверхневага пахавання ў адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі. Апрача таго, неабходна прапрацаваць пытанне аб пабудове пункта пахавання высокаактыўных РАА ў глыбокай геалагічнай фармацыі пасля вываду атамнай электрастанцыі з эксплуатацыі.

Аб'ём фінансавых сродкаў для будаўніцтва пункта пахавання РАА, ацэнка якога зроблена па кошце пабудовы аналагічнага аб'екта ў Літоўскай Рэспубліцы (могільнік радыеактыўных адходаў Ігналінскай АЭС), складае каля 60 млн. долараў ЗША. Ацэначны кошт будаўніцтва аб'ектаў першай чаргі пункта пахавання РАА складае 10 млн. долараў ЗША. Кошт пабудовы згаданых аб'ектаў будзе вызначаны па выніках распрацоўкі адпаведнага праекта.

Беларуская АЭС будуецца прыкладна за 20 кіламетраў ад Астраўца па праекце расійскай кампаніі «Атамбудэкспарт». Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ «НДАЭП» — ЗАТ «АСЭ». Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?