Новы праект Янкі Маўзэра «МАМА» прадстаўляе на Tuzin.fm сьвежы трэк «Будзь злой», які возьме ўдзел у апошнім туры ў музычным сэзоне 2014-2015.

Колішні лідэр гурта Mauzer прадставіў свой праект «МАМА» год таму песьняй «Вам!», якая цяпер уваходзіць у тройку самых запатрабаваных беларускіх гітоў на Tuzin.fm за ўвесь час. З таго моманту новы гурт Яна Маўзэра перад публікаю так і не зьявіўся, затое плённа працаваў у студыі. Адзін з сьвежых трэкаў музыкі прадстаўляюць у 16-м туры аўдыёчарту.

«Гэтая песьня была напісаная ў 2012 годзе ў Кіеве. Я не прыхільнік тлумачэньня сэнсу сваіх твораў на словах, зьнікае фішка ў такім разе. Песьня для мяне – гэта спроба па-іншаму паглядзець на зразумелыя рэчы, таму лічу, што слухачу будзе цікава разгадаць код, а ня проста ўзяць у рукі ўжо сабраны кубік-рубік, нібы школьную хрэстаматыю пачытаўшы», – кажа Ян пра кампазыцыю «Будзь злой» і прадстаўляе людзей, зь якімі ён працуе ў межах праекту і якія вызначаюць яго гучаньне.

«Перш за ўсё – гэта гітарыст Сяргей Нікалайчанка. Чалавек, які граў трэш у 80-я, папсу з Анжалікай Агурбаш і «Віртуальнымі тэхналёгіямі» ў 90-я й нулявыя, а зараз грае са мной. Чаму я бясконца рады.Басыстам у нас Уладзімер Развадоўскі. Мультыінструмэнталіст і разумны пазытыўны чалавек, які дакладна адчувае, што й як трэба сыграць. Акрамя нас, грае таксама на клавішах у «Без билета». І нягледзячы на свой зусім малады ўзрост, пасьпеў ужо пабыць удзельнікам Yellow Brick Road, ансамблі Ларысы Грабалёвай. Бубнач – Арцём Крышчановіч. Таксама мультыінструмэнталіст – гітара, скрыпка, фартэпіяна, містэр інтэлігентнасьць і спакой. Да «Мамы» граў у «Тэзаўрус» і «Скімэн». Нарэшце, запіс, зьвядзеньне, майстраваньне, клавішы – Уладзімер «Kolxz» Селядцоў – колішні гітарыст Mauzer – мой верны баявы таварыш. Чалавек складаны, тонкі й глыбока таленавіты».

Пакуль музыкі вызначаюць свой стан, як «набіраньне моцы». У працы ў іх знаходзіцца яшчэ некалькі трэкаў і яны ўжо гатовы прадставіць праект ужывую. Выступ гурта «МАМА» у Менску плянуецца на восень-2015.

МАМА – Будзь злой (музыка Яна Маўзэра і Сяргея Нікалайчанкі, словы Яна Маўзэра). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Будзь злой
Будзь са мной злой, калі ласка,
Каб высахла імя твайго мора,
Каб памяць не разрывала на часткі
І не душыла гальштукам чорным.
Сябар, ты мне паняшчасьціў,
Замкні на ключ свае дзьверы,
У нас з табой няма часу –
Твой цень забудуць шпалеры.

Будзь са мной злой, калі ласка,
Бо падушка яшчэ табой пахне,
Бо агульная зубная паста
Яшчэ на палічцы ў ванным.

Будзь са мной злой, калі ласка,
Бо адзін я ў чужым горадзе.
Будзь, каб я ня быў плаксам,
Каб трымаў сваё сэрца ў холадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?