У маі 2015 года спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў Беларусі выраслі ў параўнанні з красавіком на 0,7%, са снежнем 2014 года — на 6,5%, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта. 

Цэны на харчовыя тавары за месяц выраслі на 0,6%. Найболей істотна падаражэлі: цукар — на 9,4%, чай — на 2,6%, кандытарскія і макаронныя вырабы — на 1,3%, садавіна — на 1,1%. 

Знізіліся цэны на рыбу і морапрадукты — на 0,02%, сыры — на 0,1%, яйкі — на 0,3%, алей (акрамя аліўкавага) — на 0,4%, харчовыя кансервы — на 1,1%, бульбу — на 1,2%, масла — на 1,5%, агародніну — на 5,5%. 

Цэны на нехарчовыя тавары ў маі ў параўнанні з красавіком павялічыліся на 0,7%. Больш за ўсё ў маі падаражэлі сінтэтычныя мыйныя сродкі — на 2,4%, медыкаменты — на 2,3%, пісьмовыя прылады і парфумерна-касметычныя тавары — 1,7%, гадзіннікі — на 1,5%, веласіпеды і матацыклы — на 1,2%. 

Знізіліся цэны на абутак — на 1,3%, на мэблю — на 0,2%. 

Цэны і тарыфы на платныя паслугі за месяц павялічыліся на 0,7%. Больш за іншыя падаражэлі паслугі чыгуначнага міжнароднага транспарту — на 2,9%, паветранага транспарту — на 2,5%, аздараўленчыя і турыстычныя — на 1,3%, медыцынскія і тэатраў — на 1,2%. 

Знізіліся тарыфы на паслугі аўтамабільнага транспарту — на 0,05%, культуры — на 0,5%, кінатэатраў і відэасалонаў — на 1%, канцэртных арганізацый — на 1,3%. 

Нагадаем, асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2015 год прырост цэн быў прадугледжаны на ўзроўні не больш як 12%. Аднак у канцы студзеня мэтавы арыенцір інфляцыі ў 2015 годзе быў вызначаны Нацбанкам на ўзроўні 18% з дапушчальным адхіленнем у 2%. 

У 2014 годзе інфляцыя ў Беларусі значна перавысіла прагнозны параметр і склала 16,2%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?