09.06.2015 / 15:34

Жарлівыя вусені рухаюцца з-пад Маладзечна ў бок Валожына 10

Няпарныя шаўкапрады знішчаюць усю зеляніну на сваім шляху: агароды і стогадовыя дубы, а спробы сабраць шкоднікаў сканчаюцца алергіяй.

Напачатку іх выявілі ў вёсцы Канюхі Маладзечанскага раёна. 

У інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Маладзечанскага раёна мяркуюць, што змагацца з шаўкапрадам павінны самі людзі і пазбавіцца ад шкоднікаў можна толькі хімічным метадам.

Як распавёў старшыня Гарадзілаўскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Станішэўскі, нашэсце закранула і тэрыторыю пасёлка Беразінскае.

Каб прадухіліць непажаданыя наступствы, кіраўніцтва населенага пункта, які знаходзіцца паблізу вёскі ачага нашэсця (вёскі Канюхі), выклікала спецыялістаў.

«Пакуль у нас зачапіла толькі самы пачатак пасёлка. Але калі вусеня не спыніць, хто ведае, што будзе. А ў нас пладовыя дрэвы, кляны, дубы векавыя. Таму не ведаю, што робяць нашы суседзі (Палачанскі сельвыканкам), але мы звярнуліся ў станцыю аховы раслін і чакаем заўтра іх спецыяліста. Калі ён вызначыць маштабы нашэсця і від вусеняў, будзем думаць, што рабіць», — падзяліўся старшыня сельвыканкама.

Па словах Віктара Станішэўскага, яшчэ летась да яго звярталіся некалькі жыхароў з алергіяй, на гародах якіх пасяліўся вусень шаўкапрада. Тады эксперты, якіх выклікалі ў пасёлак, далі рэкамендацыю жыхарам Беразінскага: не чапаць вусеняў рукамі.

— Рэч у тым, — адзначае старшыня сельвыканкама, — што гэта ўжо другая цёплая зіма і яны проста не замярзаюць. Вось у гэтым годзе яна зноў дала патомства.

На памяці старшыні Гарадзілаўскага сельвыканкама нічога такога ў іх яшчэ не было.

А начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Маладзечанскага раёна Дзяніс Балдоўскі мяркуе, што ў вёсцы Канюхі вусені распладзіліся ў такой колькасці па віне саміх уладальнікаў садоў і агародаў.

«Жыхары вёскі не знішчылі павуціністыя коканы восенню, што і прывяло да масавага размнажэння, і як вынік — знішчэння дрэў і іншай расліннасці», — падкрэсліў спецыяліст.

Паводле слоў спецыяліста, такі выпадак быў і ў Палачанскім сельсавеце. З мінулага года вусені «перазімавалі», а потым распладзіліся на дрэве і з'елі ўвесь сад.

— Што тычыцца барацьбы з вусенем, то ў Маладзечанскім раёне няма канкрэтнай арганізацыі, спецыялісты якой прыедуць і знішчаць шкоднікаў.

Інспекцыя таксама не можа даць жыхарам вёскі матэрыяльныя рэсурсы — прэпараты, тэхніку. Наш абавязак — дапамагаць толькі інфармацыйна: у выпадку звароту пракансультаваць і расказаць, якія прэпараты выкарыстоўваць, у якіх дозах. Таксама мы працуем і з сельгаспрадпрыемствамі, аказваючы ім інфармацыйную дапамогу. Усе прэпараты ў барацьбе з шкоднікамі сельгаспрадпрыемствы купляюць за ўласныя сродкі, — адзначыў спецыяліст.

Змагацца з шкоднікамі павінны самі людзі, адзначыў Дзяніс Балдоўскі. Зараз жыхары вёскі Канюхі могуць пазбавіцца ад вусеняў толькі хімічным метадам.

— Калі выконваць тэхніку бяспекі і строга прытрымлівацца рэгламенту выкарыстання прэпаратаў, хімікаты не прычыняць здароўю ніякай шкоды. Мы раскажам людзям, як правільна і якімі прэпаратамі апрацоўваць дрэвы і расліннасць, — адзначыў Дзяніс Балдоўскі.

Няпарны шаўкапрад — гэта не прышлы монстр, а звыклы для Беларусі від. Не трэба яго блытаць з тутавым шаўкапрадам, які разводзяць для вырабу шоўку. Але калі раней няпарны шаўкапрад сустракаўся найбольш на поўдні і лакальна, то цяпер міграваў і стаў імкліва размнажацца. Прычына гэтага сёлета — цёплыя, сухія зіма і вясна гэтага года. Спыніць распаўсюд яго можа дажджыстае надвор'е, якое замінае параванню матылькоў шаўкапрадаў і прыводзіць да адкладання неаплодненых яек.

Навукоўцы зафіксавалі, што, калі ў наваколлі няма ўлюбёных дубоў, ліпаў, сліваў, шаўкапрады грызуць нават маладыя дрэўцы хваёвых парод. Сапраўдная з'ежа!

 

0
Юрась Беларус / Адказаць
09.06.2015 / 15:39
У нас ёсць адзін вусень, які вызывае аллергію, і невыдзіраймы з крэсла.
1
Inhvar / Адказаць
09.06.2015 / 16:04
Вусені не жамяры,хвалявацца ня трэба.
1
будынак галавы / Адказаць
09.06.2015 / 16:12
шкоднікі ў прыродзе толькі людзі і тыя чужародныя віды, якія яны завезлі свядома ці не.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру