17.02.2008 / 20:55

Косава абвесьціла незалежнасьць 106

У дэклярацыі, якую зачытаў прэм’ер‑міністар Косава, былы партызанскі камандзір Хашым Тачы, гаворыцца, што Косава будзе дэмакратычнай краінай, якая паважае правы ўсіх этнічных грамадаў. «Мы вельмі доўга чакалі гэтага дня», — заявіў Тачы. Прэзыдэнт Сэрбіі Барыс Тадзіч заявіў сёньня, што ягоная краіна «ніколі не прызнае незаконнай незалежнасьці Косава».


Парлямэнт Косава, які сабраўся ў нядзелю на экстранае паседжаньне, у другой палове дня адзінагалосна — 109 чалавек — прагаласаваў за абвяшчэньне незалежнасьці краю ад Сэрбіі.

«Мы вельмі доўга чакалі гэтага дня», — заявіў Тачы перад тым, як пачаць зачытваць тэкст дэклярацыі пра незалежнасьць краю, насельніцтва якога складае 2 мільёны чалавек.

Былы партызанскі камандзір Тачы заявіў, што Косава будзе імкнуцца стаць дзяржавай для ўсіх народаў, якія насяляюць край.

На вечаровай прэс-канфэрэнцыі Хашым Тачы і прэзыдэнт Фатмір Сэйдзіу заявілі, што будуць імкнуцца да прыязных адносінаў з усімі суседзямі, у тым ліку сербамі. Тачы і Сэйдзіу заявілі, што мэта новай дзяржавы – эўраінтэграцыя, у тым ліку і ўваходжаньне ў НАТО.

Сёньня таксама была зацьверджана новая сымболіка незалежнай краіны – да гэтага выкарыстоўваўся альбанскі чырвоны сьцяг з арлом.

Ад сёньня сьцягам Косава зьяўляецца сіні штандар з абрысам дзяржавы жоўтага колеру пасярэдзіне. Над абрысам – шэсьць зорак белага колеру, якія сымбалізуюць колькасьць этнічных груп, што насяляюць Косава – альбанцы, сербы, цыганы, басьнійцы, туркі і ашкалі.

* * *

Увечары ў сталіцы новай краіны павінны пачацца сьвяточны канцэрт.

На вуліцах сталіцы – Прышціны – працягваюцца народныя гуляньні.

* * *


Дзяржаўныя сымбалі Косава,
прынятыя сёньня парлямэнтам

Як чакаецца, ЗША і некаторыя краіны Эўразьвязу, у тым ліку Брытанія, Францыя, Нямеччына й Італія ўжо ў панядзелак прызнаюць незалежнасьць Косава. Асабліва пасьлядоўна падтрымлівалі незалежніцкія памкненьні Косава амэрыканцы — маніфэстанты ў Прышціне разам з нацыянальнымі штандарамі ў дзень абвяшчэньня незалежнасьці масава размахвалі зоркава-паласатымі.

Аднак прынамсі шэсьць членаў ЭЗ — Кіпр, Грэцыя, Славаччына, Гішпанія, Баўгарыя й Румынія — далі зразумець, што ня будуць адразу прызнаваць новую дзяржаву. Гэтыя краіны баяцца, што факт незалежнасьці Косава актывізуе сэпаратысцкія рухі ў гэтых дзяржавах.

Супраць незалежнасьці Косава катэгарычна пярэчыць Сэрбія, якая па‑ранейшаму лічыць край сваёй правінцыяй. Бялград пагражае прымяніць супраць краю эканамічныя й палітычныя санкцыі, аднак выключае выкарыстаньне вайсковай сілы. У той жа час праваслаўны япіскап Косава Арцемі заклікаў сэрбаў прывезьці на дапамогу расейскіх добраахвотнікаў і са зброяй у руках бараніць «калыску сэрбскае айчыны».

Пра сваё жаданьне прызнаць незелажнасьць абвесьціла Літва, якая сама нядаўна знаходзілася ў стане «самаабвешчанай незалежнасьці». У той жа час уплывовая польская «Газэта Выборча» вуснамі свайго камэнтатара піша, што гэтымі днямі «Сэрбія патрабуе маральнае падтрымкі». Прэзыдэнт Сэрбіі Барыс Тадзіч заявіў сёньня, што ягоная краіна «ніколі не прызнае незаконнай незалежнасьці Косава».

Тадзіч сказаў, што Бялград мае права ўжыць эканамічныя і палітычныя санкцыі, аднак выключае ваеннае ўмяшальніцтва. «Хопіць, Сербія ўжо наваявалася», — неаднаразова заяўляў Тадзіч падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі.

Косава пачало барацьбу за незалежнасьць у 1970-я гады, калі край нават ня меў дзяржаўнага статусу ў былой Югаславіі. Агмянём нацыянальна-вызвольнае барацьбы быў унівэрсытэт Прышціны, а маральным лідэрам руху — філёзаф Ібрагім Ругова, які памёр нядаўна, так і не пабачыўшы сваю краіну цалкам незалежнай, але засьпеў фармаваньне самастойных дзяржаўных структураў пад апекай Эўропы і ЗША.

* * *

Плошча Косава складае 10 тыс. кв. кілямэтраў (чвэрць Менскай вобласьці), а насельніцтва крыху больш за 2 млн чалавек. Больш за 90 % новай краіны складаюць альбанцы. 120 тыс. сербаў пражываюць у раёнах на поўначы Косава, а таксама анклявах. На тэрыторыю новай краіны дзейнічае таксама сьвет праваслаўных сэрбскіх манастыроў: Мітравіца, Грачаніца, Дэкані, Прызрэн, Печ і іншыя.

АГ; МБ; СМ

0
беларусы / Адказаць
17.02.2008 / 21:31
віншуем!
0
Генерал Вітушка / Адказаць
17.02.2008 / 21:32
незалежнасць гэта крута!
0
Капусьцінскі / Адказаць
17.02.2008 / 21:54
мдзямс, гісторычная сэмантыка з нацыянальных сымбаляў так і прэ....
Паказаць усе каментары/ 106 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру