З 10 чэрвеня пачынае дзейнічаць забарона на наведванне лясоў у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Мясцовы выканаўчы камітэт вырашыў такім чынам засцерагчы лясы з-за высокай верагоднасці пажараў у рэгіёне. Гэта не адзіны раён Беларусі, дзе нельга хадзіць у лес і распальваць там вогнішчы.
Забарона дзейнічае таксама ў:
- Хойніцкім раёне (Гомельская вобласць)
- Брагінскім раёне (Гомельская вобласць)
- Пінскім раёне (Брэсцкая вобласць)
- Столінскім раёне (Брэсцкая вобласць)
- Чэрыкаўскім раёне (Магілёўская вобласць)
- Мсціслаўскім раёне (Магілёўская вобласць)
- Касцюковіцкім раёне (Магілёўская вобласць)
- Бабруйскім раёне (Магілёўская вобласць).
Дзяржаўная лясная ахова, раённыя аддзелы па НС, міліцыя і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам патрулююць лясы ў пошуках парушальнікаў забароны.
Да 8 чэрвеня з пачатку пажаранебяспечнага сезона ў лясным фондзе Мінлясгаса адбылося 286 пажараў на агульнай плошчы 1.386,89 га:
- Гомельская вобласць — 114 выпадкі (1125,7 га)
- Брэсцкая вобласць — 65 выпадкаў (75,13 га)
- Магілёўская вобласць — 64 выпадкі (134,74 га)
- Мінская вобласць — 31 выпадак (12,08 га)
- Гродзенская вобласць — 5 (1,28 га)
- Віцебская вобласць — 9 (19,96 га).
0
0
0
0
0
0