* * *

Дачка знаёмай мастачкі, пераняўшыся беларусацэнтрычнымі развагамі маці пра паходжанне народаў свету, кажа:

— Мама, цябе паслухаць, дык выйдзе, што ўсе людзі на зямлі ад нас, беларусаў, пайшлі.

Мастачка — мая колішняя студэнтка, адна з тых, прафесійнаму ўзрастанню якіх нязменна радуюся, знаёмствам­сяброўствам з якімі ганаруся. Але такога яе, хай сабе нават і жартоўнага прыпушчання — усе і ўсё ад беларусаў! — штосьці прыняць не хочацца. Гэта ж такая кіслая памяркоўнасць, такая нудотная звышабачлівасць запанавала б тады на свеце, што і схавацца б ад яе не знайшлося дзе.

* * *

Напэўна, няблага быць запабежлівым. Але ж, мусіць, і складана такім людзям: пад усё, як той казаў, рук не падкладзеш, усяго не прадугледзіш, усюды сам сабе не падсцелеш. Ад расчаравання ж ці няспраўджанага намеру да неўрозу — рук лекацення ды вырачаных вачэй — адзін крок.

* * *

Лагерны каваль з аповеду В. Шаламава «У стремени» расказвае нашу, беларускую, прыпавесць пра тое, як тры паны пры цары Мікалаю тры дні і тры ночы запар, без перадыху, лупцавалі мужыка, а ён толькі плакаў і крычаў: «А як жа я не еўшы?»

«Да чаго гэтая прыпавесць? — хітравата пытаецца напрыканцы аўтар і сам адказвае: — Ды ні да чаго. Прыпавесць — і ўсё».

* * *

Быццам енк аб чысціні, харастве, дабрыні і іншых станоўчасцях, што ў жыцці, што ў творчасці, — абавязкова ўжо запарука панавання добрых намераў у душы. Змушэнне да добрага, тым больш калі яшчэ з дуляю ў кішэні, — гэткая ж гідкасць, як і наўпроставае навязванне гідкага.

Чэхаўскі Павел Васілевіч з «Драмы» надта пытаннямі чысціні, хараства і дабрыні, відаць, не пераймаўся. Квэцнуў навязлівай драматургесе Мурашкінай тэчкаю па галаве — і нічога: мараль у тагачасным расійскім грамадстве калі і пацярпела, дык зусім не праз такі яго чалавеканенавісніцкі ўчынак.

* * *

І раптам такое гучыць з тэлеэкрана з вуснаў не дурнога ж чалавека: «Чэхаў не любіў людзей!»

Не людзей ён не любіў, а тое, што не варта ў людзях любіць. Тое, што не варта, але дзякуючы нашым перакуленым уяўленням аб катэгорыях маральнага — быццам бы ўжо і след.

* * *

Цынізм — гэта калі ставішся аднолькава цынічна як да іншых, так і да сябе. І найперш, можа, менавіта да сябе. Бо скіраваны на іншых людзей цынізм і назоў іншы мае — зласлівасць. Ганаровае званне цыніка так сабе, без дай прычыны, за прыгожыя вочы не даецца — яго заслужыць трэба.

* * *

Дзеці і ўнукі ва ўсіх народаў ёсць. Але, напэўна, ні ў аднаго факт іх наяўнасці не з’яўляецца сродкам спекуляцый і апраўдання паскудных учынкаў у такой ступені, як у нас, беларусаў.

* * *

Просценькі гарнітур Віктара Астаф’ева ў фільме пра наведанне пісьменнікам родных мясцін — проста царскі строй і адначасна пляма дысгармоніі на фоне татальнага вясковага расійскага бязладдзя, безгаспадарчасці. Рэзруху, на якім нават старонняму воку спыняцца ніякавата.

* * *

Дзіўны Дастаеўскі ў сваіх развагах датычна вядомай перадсмяротнай цыдулы дачкі Герцэна, дзе яна просіць у выпадку няўдалага самагубства адсвяткаваць яе ўваскрасенне з мёртвых з келіхамі Кліко, а ў выпадку ўдалага — пахаваць, дарэшты ўпэўніўшыся, што мёртвая, бо, маўляў, «зусім непрыемна прачнуцца ў труне пад зямлёю. Надта ж не шыкоўна атрымаецца». Пры агульнай танальнасці спачування да няшчаснай абурылі пісьменніка згадка пра шампанскае ды слова «шыкоўна», у якіх убачылася яму штосьці вывертна­мярзотнае.

Але што ў тых словах вывертнага? Прачнуцца ў труне пад зямлёю — не паскудства? Застацца жыць, хай сабе і супраць уласнай волі, — хіба не варта келіха добрага напою? Усё згодна з уяўленнямі аб мэтазгоднасці. Крыху, можа, сапраўды цынічна, але гэта яшчэ як паглядзець. Хіба нашае ўпартае чаплянне за жыццё, то бок імпэт рабіць насуперак законам прыроды, нашы істэрычныя прэтэнзіі да ўсяго свету падчас нейкай няўдачы, нашы енкі пры набліжэнні апошняе хвіліны, іншымі словамі — гружэнне ўласных праблем на плечы і галовы як блізкіх, так і старонніх, — больш прывабныя?

* * *

Любім трымаць іншых за дурняў. І нярэдка, забавіўшыся такой нікчэмнай гульнёю, страчваем нюх да цвярозай ацэнкі здольнасці гэтых іншых аналізаваць прыхаваныя матывы ды паводзіны нас саміх.

* * *

Скажаш, што ў касцёл на літургію ходзіш, і заўважаеш, як адразу выраз твару ў суразмоўцы мяняецца. Ого, маўляў, молішся, вечнага жыцця прагнеш… Не будзеш жа тлумачыць кожнаму стрэчнаму нюансы сваіх няпростых стасункаў з Богам. Напрыклад, што смяротнага прысуду ў якасці пакарання за забойства не адмаўляеш, што мараторыя на эўтаназію не падтрымліваеш і г.д. І што, як бы часам ні ішлі твае погляды ўразрэз з Божымі запаведзямі ды прынцыпамі так званай паліткарэктнай большасці, цвёрда перакананы: уласнымі ўзаемаадносінамі з Богам, як і ўласным жыццём, маеш права распараджацца без пасярэднікаў­падказчыкаў. Якіх сярод дабраслівых, зычлівых, памяркоўных, але часам вунь як злых, ды зайздрослівых, ды напышлівых беларусаў больш чым дастаткова.

* * *

Слова Бібліі — дэкларацыя аб намерах. А з улікам дваістасці асобных яе пастулатаў — і не надта выразных. Да таго ж Святое пісьмо часта супярэчыць самому сабе. Напрыклад, у плане павучанняў датычна непрымальнасці асуджэння. Бо любое ж павучанне само па сабе — ужо асуджэнне. Дык ці дзіва, што пры гэткіх пярэчаннях кожны інтэрпрэтуе тэксты Бібліі так, як яму ў гэтую хвіліну выгадна.

* * *

Першае ўражанне ад прачытання борхесавай «Эмы Цунц» — недавер. Ці магла Эма не ведаць, што ўсе яе захады пазбегнуць пакарання за забойства — марныя? Аддалася аднаму, каб прыпісаць згвалтаванне іншаму, — ход цікавы, але ж наўрад дазнаўцы з іх сённяшнім арсеналам медыцынскага аналізу міма такога ляпу пройдуць. То хай бы і быў працяг з мінорнаю канцоўкай, тым больш што гэткай, як у аўтара, сюжэт і не вымагаў, і не вырашала яна нічога. Апроч хіба агульнапрынятага, што зло, маўляў, заўжды павінна быць пераможана.

* * *

Чытач — адмысловец спажывання. Яму начхаць на літаратарскія шчыраванкі­міжсабойчыкі, ён шукае адпаведнага ўласнаму светапогляду, настрою, жыццёвым прыярытэтам. Падабаецца нам гэта ці не, але пісьменніцкія эківокі на адрас адно аднаго, папіканкі бляклым ці, наадварот, захаплянкі бліскучым для яго, аматара, які і на свой адрас, бядак, чаго толькі ад нас жа, інжынераў душаў чалавечых, ні наслухаецца, — пусты гук. І правільна: калі ўжо паходня свабоды выбару, дык і таму ж чытачу няхай у лабірынце літаратурных сутарэнняў спраўна свеціць.

* * *

Для шараговага чытача, слухача, гледача, нязвыклага ўспрымаць постаць літаратара, музыкі, мастака ва ўсёй яе шматстайнасці ды супярэчлівасці, вынесеныя на шырокую публіку непрывабныя бакі яго натуры — шок, расчараванне. Для рэпутацыі творцы ў вачах грамадскасці — заніжка маральнага ўзроўню, у пэўным сэнсе нават — дыскрэдытацыя асобы. Для лёсу творчае спадчыны — шанец падтрымання цікавасці публікі. Для гісторыі — акт справядлівасці. Што важней — кожны сам для сябе вырашае.

* * *

Такія даўгія літаратурныя пасядзелкі — проста жах. Гадзіна, паўтары, дзве з паловаю… А ўсё, што прамаўлялася, можна было б, калі з розумам, і за трыццаць хвілін сказаць. Потым яшчэ нудотнае, як нядзельнае казанне святара ў шведскай кірсе, чытанне твораў. Такою цягамоцінай хутчэй адвернеш ад тых твораў, чым навернеш да іх.

* * *

Адзін і той жа сон колькі начэй запар: няўрымслівы пры жыцці аматар творчых выступленняў, спачылы актор К., з таго свету імпрэзы ў прыцемненай гардзінамі зале з дапамогаю нябачнага пульта ладзіць. Поўнае памяшканне народу, сядзяць, слухаюць дэкламаванне праз дынамік.

* * *

У дзяцінстве ўсё высока было, усюды, як кінуць вокам, — неба ды аблокі, шыр нясветная; цяпер, на схіле дзён зямных, — тое самае, дзякаваць Богу. Кватэра высока, ніякіх табе сценаў насупраць, ніякіх закуткоў. Таму, мабыць, і скончыць усё на гэткай ноце вольнасці хацелася б: цела грэшнае ў печ, а попел — па ветры, дзе асядзе, там і будзе мець прыстанак. Галоўнае, каб душы было вольна.

* * *

Воля воляю, а як лета на падыходзе, дык і чакаеш яго з напругай: што як занадта будзе гарачае? Вокны кватэры — на поўдзень, у спякотныя дні тэмпература на балконе — пад 50. Таму расчыніць з пакоя дзверы на яго можна сама раней а восьмай увечары, калі сонца схаваецца за дахам суседняй шматпавярхоўкі. І то не заўсёды. Нагрэтыя дазвання за дзень сцены астываюць павольна, дык у асобныя дні і да поўначы ледзь­ледзь надарыцца палёгка. А то яшчэ камар, быдлячына бязрогая, заляціць з ракі, ашчаслівіць на ўсю ноч дадатковым клопатам. І атрымліваецца, што з 24 гадзін сутак добра калі 4—5 для нармальнага існавання прыдатныя.

* * *

Украінцы і самі, без нашае падказкі ведаюць, што імі задуманае, у сэнсе намеру перакуліць свет ды зрабіць яго не тое што дазвання, а хаця б збольшага людскім, — хутчэй за ўсё марнае. І разумеюць, мабыць, тое, і пра расчараванні, што наперадзе чакаюць, не могуць, канечне ж, не здагадвацца. І ўсё адно не можа не выклікаць павагі гэткая прага ісці насуперак цемры. Як выспа сапраўднага, адзіна вартага на фоне нашых штодзённых енкаў аб вартасці жыцця ды клопату пра тое, як бы яго хоць на якой, хоць на самай фальшывай ноце, але затрымаць, прадоўжыць, працягнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0