«Наша Ніва» ўжо пісала пра сітуацыю ў прыватным сектары, які знаходзіцца амаль што ў цэнтры Мінска. Жыхары вуліц Чарвякова і Ураджайнай чакаюць зносу сваіх старых дамоў амаль 15 гадоў.

Што рабіць, яны не ведаюць: забудоўшчык, ТАА «Метадос», пастаянна пераносіць тэрміны зносу. Тым часам дамы разбураюцца, а жыхары баяцца ўкладваць грошы ў іх рамонт – а што, калі праз некалькі месяцаў усё ж знясуць?

Праўда, і цярпенне ў мясцовых жыхароў паціху заканчваецца. У канцы мая яны падалі заяўку на правядзенне мітынгу насупраць будоўлі, якую побач з іх дамамі вядзе «Метадос». Праўда, Мінгарвыканкам іх заяўку адхіліў, палічыўшы, што месца правядзення мітынгу спецыяльна не прызначана для правядзення такога роду масавага мерапрыемства. Ён таксама сцвярджае, што «ў непасрэднай блізкасці да паказаных пляцовак вядзецца будаўніцтва жылога дома і правядзенне масавых мерапрыемстваў на абмежаванай і не прыстасаванай для гэтага тэрыторыі можа негатыўна адбіцца на прапускной здольнасці названай вуліцы, стварыць перашкоды руху грузавога і спецыяльнага аўтатранспарту, а таксама руху пешаходаў». Хаця, адзначае адзін з абураных жыхароў вуліцы Чарвякова, Георгій Плашчынскі, мітынгаваць збіраліся пасля 19 гадзіны, то бок, калі працоўны дзень у будаўнікоў скончыцца, і ніякіх перашкодаў мітынг бы не стварыў.

Жыхары нават стварылі сайт stopmetados.wordpress.com, на якім дэтальна распісалі свае праблемы, і выкладваюць усе крокі барацьбы з забудоўшчыкам.

А 7 чэрвеня адбылася сустрэча жыхароў з кіраўніцтвам ААТ»Метадос». У выніку двухгадзіннай дыскусіі кіраўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска абавязала забудоўшчыка на працягу двух тыдняў прапрацаваць і прапанаваць канкрэтныя варыянты кампенсацыі уласнікам зносімых дамоў, а уласнікаў - прадставіць сустрэчныя прапановы ў той жа тэрмін. У ходзе сустрэчы жыхары настойвалі на прыпынненні будаўніцтва да рэалізацыі маёмасных правоў і змене забудоўшчыка, калі ён не гатовы рэалізаваць іх маёмасныя правы ў найбліжэйшы час. Права карыстання зямельным участкам у забудоўшчыка заканчваецца праз 25 дзён, і людзі поўныя рашучасці прыняць усе меры, каб пытанне рэалізацыі іх маёмасных правоў вырашыўся як мага хутчэй.

Пры гэтым, адзначыў Георгій Плашчынскі, жыхары, хутчэй за ўсё паспрабуюць падаць яшчэ адну заяўку на правядзенне мітынгу. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?