Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікае перагледзець адносіны Еўрасаюза з Расіяй і больш не лічыць Маскву стратэгічным партнёрам Бруселя.
Рэзалюцыя заклікае дзяржавы Еўрасаюза заняць у дачыненні да Масквы адзіную пазіцыю, заснаваную на непрызнанні анексіі Крыма і асуджэнні збройнага канфлікту ў Данбасе.
Дакумент рэкамендуе дзяржавам ЕС устрымацца ад якіх-небудзь здзелак з Масквой, якія ідуць насуперак гэтай пазіцыі. Акрамя таго, рэзалюцыя заклікае да хутчэйшага стварэння еўрапейскага энергетычнага саюза.
Дакумент таксама прапануе больш актыўна змагацца з расійскай прапагандай і, у прыватнасці, стварыць рускамоўныя СМІ, якія маглі б канкурыраваць з дзяржаўнымі СМІ ў Расіі і прапаноўваць альтэрнатыўны пункт гледжання на актуальныя пытанні.
За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі амаль дзве траціны дэпутатаў. У аснову дакумента лёг даклад аб становішчы спраў у Расіі, падрыхтаваны дэпутатам ад Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам.