Слупкі тэрмометраў у Беларусі ў нядзелю ўзнімуцца да 34 градусаў. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу «Надвор'е на лета» начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

«Цяпер у Беларусі ўсталявалася камфортнае надвор'е, дзьме паўночны вецер, але з чацвярга да нас пачне паступаць паўднёвае паветра, тэмпература будзе павышацца. Самае пекла чакаецца ў выхадныя дні — днём у суботу паветра прагрэецца да 25-32 градусаў, у нядзелю слупкі тэрмометраў узнімуцца да 27-34 градусаў», - сказаў Дзмітрый Рабаў.

Ён адзначыў, што пры такой тэмпературы знаходзіцца ў межах горада вельмі складана, гэта моцна ўплывае на метэазалежных людзей: пажылых, маленькіх дзяцей, таму ім трэба вельмі ўважліва ставіцца да свайго здароўя і пастарацца не выходзіць з дома, асабліва апоўдні.

Паводле слоў Дзмітрыя Рабава, з панядзелка праз паўночна-заходнія рэгіёны Беларусі будуць праходзіць цыклон і актыўныя атмасферныя франты, таму на большай частцы тэрыторыі чакаюцца дажджы.

У панядзелак месцамі гэта будуць моцныя дажджы і навальніцы, пры навальніцах шквалістае ўзмацненне ветру да 15-20 м/с. У асобных раёнах магчымы град.

У аўторак на большай частцы тэрыторыі таксама прагназуюцца дажджы і навальніцы. У панядзелак тэмпература паветра па паўночным захадзе складзе 21-26 градусаў, а на большай частцы тэрыторыі - 27-34 градусы. У аўторак гарачыня крыху спадзе, днём будзе 16-22, па паўднёвым усходзе захаваецца - 23-28 градусаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?