12.06.2015 / 12:36

За 175 квадрыльёнаў зімбабвійскіх даляраў дадуць 5 амерыканскіх 20

35 000 000 000 000 000:1.

Фота: 3news.co.nz

Цэнтрабанк Зімбабвэ абвесціў пра канчатковую адмову ад нацыянальнай валюты зімбабвійскага даляра. Дэманетызацыя пачнецца 15 чэрвеня і мае завершыцца 30 верасня. Краіна канчаткова пяройдзе на амерыканскі даляр і іншыя замежныя валюты.

Банкаўскія рахункі ў зімбабвійскіх далярах будуць пераведзеныя ў даляры ЗША. Калі на рахунку 175 квадрыльёнаў (мільёнаў мільярдаў) зімбабвійскіх даляраў ці менш, будзе выплачана 5 амерыканскіх даляраў.

Калі на рахунку больш за 175 квадрыльёнаў, уладальнікі атрымаюць па даляры ЗША за кожныя 35 квадрыльёнаў зімбабвійскіх даляраў.

Насельніцтва можа здаць наяўныя зімбабвійскія даляры ў банкі. Адзін амерыканскі даляр дадуць за 250 трыльёнаў (тысяч мільярдаў) зімбабвійскіх узору 2009 года альбо за 250 трыльёнаў узору 2008 года.

***

Зімбабвэ перайшла на «многавалютную сістэму» (фактычна — замяніла сваю валюту на даляр ЗША) у 2009 годзе пасля працяглай гіперінфляцыі. Інфляцыя набыла ў Зімбабвэ пагрозлівыя тэмпы (20-60% за год) на пачатку 1990-х і дасягнула піку ў 2008 годзе (быў усталяваны сусветны рэкорд — 89 700 000 000 000 000 000 000% за год).

Нягледзячы на няспынную інфляцыю, Зімбабвэ працягвала выпускаць і перавыпускаць банкноты і нават манеты. Самая «многанулявая» купюра мела намінал 100 трыльёнаў.

Краінай з 1987 года па сённяшні дзень кіруе Роберт Мугабэ. У 2015 годзе яму споўніўся 91 год, канстытуцыя дазваляе яму заставацца прэзідэнтам да 99 гадоў.

Глядзіце таксама: Інфляцыя ў Беларусі — інфаграфіка

Аляксандр Арсёнаў

0
Юзік Крулеўскі / Адказаць
12.06.2015 / 12:59
Штосьці мне гэтае фота нагадвае 1993 год на Беларусі... Я сам хадзіў з торбай у краму, дзе былі цэлыя блокі нераспакаваных у цэлафане вавёрак і баброў. І ніхто іх ніколі не распакоўваў і не пералічваў... Так блокамі на касе і разлічваліся ўсе.
0
харэ харарэ / Адказаць
12.06.2015 / 13:00
Я б сабе прыдбаў у калекцыю купюру зымбабвійскую...
0
LMI / Адказаць
12.06.2015 / 13:18
Ну вось, а вы тут на Лу наракаеце :) Вучыцесь як трэба рабіць у Мугабэ :), прычэпамі бы грошы вазілі
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру