У Беларусі наймальнікі прапануюць шэсць вакансій з зарплатай Br30—37 млн, тры вакансіі — Br45—49 млн і адну — з зарплатай Br85 млн у месяц, паведамілі ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Самы высокі ўзровень аплаты працы для саіскальніка (Br85 млн) — у адным з ТАА ў Мінску, дзе патрабны дырэктар па тэхнічных пытаннях, які будзе свабодна валодаць англійскай і ўкраінскай мовамі. Ёсць магчымасць працаўладкавацца на зарплату Br49 млн у адну з кампаній Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) — там патрэбны генеральны дырэктар з вопытам работы ў галіне лагістыкі і веданнем кітайскай мовы. Прывабнай з'яўляецца і вакансія генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства ў Мінску — з зарплатай Br45 млн 882 тыс. (прэтэндэнту на гэту пасаду неабходна мець вопыт работы ў буйных будаўнічых арганізацыях, ведаць сербскую, славенскую і англійскую мовы). ААТ «Авіякампанія «Белавія» прапануе зарплату Br45 млн для камандзіра (пілота, лётчыка) паветранага судна — інструктара з веданнем замежных моў.

1 чэрвеня з'явілася прапанова ад ЗТАА ў Мінску, якому патрабуецца адразу 10 інжынераў-праграмістаў з веданнем англійскай і ўкраінскай моў — з зарплатай Br30 млн кожнаму.

Паводле даных на 5 чэрвеня бягучага года, у агульнарэспубліканскім банку вакансій налічвалася 25,4 тыс. свабодных рабочых месц (дарэчы, гэта ўдвая менш, чым было год таму).

Кожная трэцяя вакансія — у Мінску (амаль 7,7 тыс.).

У цэлым па Беларусі больш як палавіна ўсіх вакансій прызначаны для рабочых (58,8 працэнта).

Зыходзячы са звестак наймальнікаў на пачатак чэрвеня, у рэспубліцы за год удзельная вага свабодных рабочых месц з зарплатай Br6001…8000 тыс. узрасла з 3,5 працэнта да 4,3 працэнта, з зарплатай Br8001…10000 тыс. — з 0,8 працэнта да 1,3 працэнта. Больш як у два разы ўзрасла доля вакансій з зарплатай звыш Br10 млн — з 0,3 працэнта да 0,7 працэнта. Прычым у Брэсцкай і Віцебскай абласцях такіх вакансій наогул няма, а ў Мінску іх цяпер — 1,8 працэнта ад агульнай колькасці свабодных рабочых месц. Практычна кожная трэцяя вакансія ў сталіцы — з зарплатай Br4001…6000 тыс., кожная дзясятая — Br6001…8000 тыс., кожная трыццатая — Br8001…10000 тыс.

Ёсць, вядома, у банку вакансій і прапановы рабочых месц з ніжэйшай зарплатай: 26 працэнтаў вакансій — Br3001…4000 тыс., 21,2 працэнта — Br4001…6000 тыс.

Для сумяшчальнікаў і тых, хто хоча працаваць няпоўны рабочы дзень, таксама ёсць нямала магчымасцей зарабіць.

У цэлым па рэспубліцы на адну вакансію цяпер умоўна прэтэндуе 1,7 беспрацоўнага. Пры гэтым у Мінску — па паўтары вакансіі на аднаго беспрацоўнага.

Зарэгістраванае беспрацоўе ў Беларусі за май бягучага года не змянілася — яно захавалася на 1 чэрвеня на ўзроўні 1 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва.

Да гэтага ў рэспубліцы адзначаўся рост зарэгістраванага беспрацоўя: на 1 студзеня гэты паказчык складаў 0,5 працэнта, на 1 лютага — 0,7 працэнта, на 1 сакавіка — 0,8 працэнта, на 1 красавіка — 0,9 працэнта, на 1 мая — 1 працэнт. Узрастае і колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных: калі на 1 сакавіка 2015 года іх налічвалася 35,9 тыс. чалавек, на 1 красавіка — 39 тыс., на 1 мая — 43,4 тыс., то на 1 чэрвеня — 44,7 тыс. (на 104,1 працэнта больш, чым год таму).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?