Былы дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан пачала прэзідэнцкую перадвыбарчую гонку з выступу перад тысячамі прыхільнікаў у Нью-Ёрку.
У прамове на востраве Рузвельта 67-гадовая Клінтан нагадала пра свой знешнепалітычны досвед: «Я давала адпор супернікам тыпу Пуціна і ўмацоўвала саюзнікаў тыпу Ізраіля, і я была ў сітуацыйным цэнтры ў той дзень, калі мы дасталі бін Ладэна».
Большая частка прамовы Клінтан, зрэшты, тычылася ўнутрыпалітычных праблем, перш за ўсё растучай няроўнасці даходаў.
«Багацце не можа быць толькі для топ-менеджараў і кіраўнікоў інвестыцыйных фондаў; дэмакратыя не можа быць толькі для мільярдэраў і карпарацый», — заявіла Клінтан, звяртаючыся да тысяч сваіх прыхільнікаў.
Нагадаем, гэта другая спроба Хілары Клінтан стаць прэзідэнтам ЗША.