«Гэта закон для нейкай асобнай маленькай групы людзей»
— Закон аб альтэрнатыўнай службе ўрэшце прыняты. Вы задаволены?
— Безумоўна, не. Так, пяцігадовая праца скончылася мінімальным, але поспехам. Але гэта закон не для ўсіх, а для асобнай маленькай групы людзей. Чаканні былі іншыя.
— Каго Вы маеце на ўвазе пад «усімі»?
— Калі пачыналася наша кампанія, мне самому было 23 гады, і яшчэ 4 гады для мяне была актуальнай праблема прызыву. У той час я займаўся моладдзю ў АГП, і для мяне, як палітычнага актывіста ліберальнага кшталту, было важна, выступаючы за прафесійнае войска, выкарыстоўваць законныя шляхі для паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. Гэты шлях мы пабачылі ў 57 артыкуле Канстытуцыі.
Палітыкі павінны прымаць такія законы, якімі самі маглі б скарыстацца. Не толькі вернікам — кожнаму чалавеку Канстытуцыя дазваляе выбраць альтэрнатыўную службу.
Не варта было рабіць з альтэрнатыўнай службы такі жупел, які зрабіла з яе наша Міністэрства абароны. Гэта праблема Мінабароны, што людзі не хочуць служыць у войску. Мы ж не кажам, што ўсе павінны ісці на альтэрнатыўную службу. Не — стварайце добрыя ўмовы, каб чалавек хацеў служыць у войску.
У Германіі ў свой час амаль 50% прызыўнікоў абіралі альтэрнатыўную службу ў медычных і іншых установах. І пасля адмены прызыву немцы сутыкнуліся з праблемай, што ім не было кім замяніць гэтых людзей у шпіталях. І для нашай дзяржавы гэта быў бы добры шанец выправіць гэтую крывую стасункаў паміж моладдзю і дзяржавай. У свой час тыя ж немцы ў рамках альтэрнатыўнай службы прыязджалі ў Беларусь і працавалі ў нашых хоспісах. І было нармальна. А беларуская моладзь тую ж самую справу для сваіх жа старых рабіць магла б.
topwar.ru
«Грамадзянін сам павінен хацець ісці абараняць сваю дзяржаву»
— Вы за прафесійнае войска. А як жа прыклад Літвы, якая вяртае прызыў?
— Прыклад Літвы мне падаецца тут не вельмі карэктным. Справа ў тым, што краіны Усходняй Еўропы, у тым ліку і Літва, не выконваюць абавязкаў НАТА па бюджэце арміі. І на прыкладзе Украіны мы бачым, што ратаванне тых, хто тоне, з’яўляецца справай выключна саміх тых, хто тоне. І таму літоўцаў я разумею, бо гісторыя паказвае, што ў выпадку войнаў Францыі, Англія і іншыя саюзнікі не адразу прыходзяць на дапамогу. Таму ў балтыйскіх краін проста няма выбару — ім патрэбна паказаць, што ў выпадку вайны яны здольныя хаця б некалькі дзён пратрымацца да падыходу войскаў НАТА.
Я не вайсковы аналітык – не буду адбіраць хлеб у спадара Алесіна, які лепей разважае на гэтую тэму, але скажу толькі, што Беларусі патрэбна вайсковая дактрына, згодна з якой і будзе вырашацца пытанне аб тым, якім будзе войска. Я абсалютна ўпэўнена магу сказаць, што ў новай Беларусі патрэбны новыя рэзервовыя службы, у якія нават дарослыя людзі маглі б пайсці і атрымаць вайсковую спецыяльнасць. Іншая справа, што стасункі паміж грамадзянінам і дзяржавай павінны быць іншымі: каб грамадзянін сам хацеў ісці абараняць сваю дзяржаву, а яна стварала належныя ўмовы, каб чалавек не проста прыйшоў і падмятаў плац.
— Наколькі я Вас разумею, што Вы і за прызыў, і адслужыць бы гатовыя, але ў іншых умовах…
— Некалькі гадоў таму я ўдзельнічаў у акцыі Міністэрства абароны «блогеры ў войску». Нас чатыры дні ганялі па розных вайсковых практыкаваннях у гэтых умовах. Нам паказалі, што яны могуць зрабіць нармальныя ўмовы для службы. Могуць — але не ўсюды.
Узяць пытанне таго ж самага вегетарыянца ў войску, пра якога мы пісалі. Ну не есць ён мяса, а ўсе смяюцца. Магчыма, я таксама смяюся. Але ж кожны чалавек — унікальны. І праблема не ў тым, што ён мяса не будзе есці, а што яго зачмараць там: «Ты што, не такі? Можа ты гей наогул?» Ва ўмовах закрытага мужчынскага калектыву ўрубаецца зусім іншая псіхалогія. І тут пытанне да дзяржавы, што ёй патрэбна — нармальная служба ці перафарматаванне грамадзяніна пад свае патрэбы.
У мяне сябар служыў у ізраільскім войску і расказваў мне пра тамтэйшы досвед. А гэта войска, якое, у адрозненну ад беларускага, пастаянна — і паспяхова! — вядзе баявыя дзеянні. У іх нават да веганаў выпрацаваны асобны падыход! Там, калі сістэма не можа выпрацаваць належныя ўмовы для сваёй адзінкі — гэта праблема сістэмы.
— Я асабіста ведаю такіх вегетарыянцаў, якія самі зачмараць каго заўгодна. Мужчынскі калектыў — ён заўжды злы па вызначэнні, мне здаецца. Па-мойму, праблема не ў ім.
— Так, згодны. Давайце я Вам іншы прыклад прывяду. Калі спадарыня Шчоткіна выносіла на разгляданне гэты законапраект, яна сказала, што разлічвае на тое, што гэтым законам скарыстаецца каля ста чалавек. Але мы з сябрамі адкрылі сайт Міністэрства працы і паглядзелі, колькі вольных месцаў было ў медычных установах для тых жа санітараў. Мы знайшлі некалькі сотняў па ўсёй краіне! Заробак там быў 3 мільёны, працоўны тыдзень — 5 дзён. Яны не могуць знайсці людзей нават на такія ўмовы. І тут у мяне пытанне: «Спадарыня Шчоткіна, калі Вы не можаце знайсці санітараў нават на вольны кантракт і маеце такую выдатную магчымасць вырашыць гэтую праблему, чаму Вы ёй не карыстаецеся? Вы хочаце сітуацыю ў Беларусі палепшыць ці проста Міністэрству абароны дапамагчы?». Мы знайшлі тысячы такіх вакансій па ўсёй краіне і пісалі лісты галоўным дактарам медычных устаноў і дэпутатам з інфаграфікай аб гэтым, каб яны спрыялі прыняццю закона аб альтэрнатыўнай службе.
Давайце нават не будзем глядзець так, што маўляў, «ты казёл, ліберал, не хочаш служыць у войску». Лепей паглядзім так, што ў пэўным раёне ў нейкім шпіталі бракуе 10 санітараў. Што, вы думаеце, юнак, які пройдзе праз гэта ў 18—21 год, стане горшым ці менш карысным для грамадства, чым той, які страляў?
фота Сяргея Гудзіліна
«Закон скроены па горшых лякалах»
— Карацей кажучы, мэта Вашай кампаніі не дасягнута. Што Вы будзеце рабіць далей?
— Нельга сказаць, што зусім не дасягнута. Зразумела, што цяпер вернікаў, як раней, не змогуць прыцягнуць да адказнасці за адмову трымаць у руках зброю. Гэта, безумоўна, ужо вынік. Мы будзем далей займацца праблемамі прызыўнікоў, якія да нас пачалі звяртацца яшчэ з 2012 года. У нас ёсць зарэгістраваная ўстанова «Цэнтр правоў прызыўніка», якая мае свой сайт і досыць плённа працуе. Што яшчэ датычыць дапрацоўкі закона, дык праблема ў палітычным полі — калі ў краіне няма сапраўднага парламента, то нічога тут не зробіш.
Што тычыцца бліжэйшых планаў, то на бліжэйшыя два гады, у сувязі з сітуацыяй ва Украіне, калі мы будзем прапаноўваць адмену прызыву, грамадскае меркаванне нас проста парве. У нас ёсць ідэі па праекце, які дапамог бы прафесіяналізацыі беларускага войска. Бо праблема ж таксама ў тым, што дарослыя, разумныя і адукаваныя ў войска цяпер не ідуць, а ідуць тыя, хто сябе ў жыцці не знайшоў ці з універа вылецеў.
— Добра. Як тады гэты закон павінны выглядаць у ідэале?
— Гэты закон трэба цалкам перапісваць.
Самая першая рэч — падставы для атрымання дазволу на альтэрнатыўную службу. У сённяшнім варыянце гэта выключна рэлігійныя перакананні. Мы выступалі за заяўляльны прынцып, каб любы прызыўнік мог свабодна абраць альтэрнатыўную службу.
Другі момант — працягласць службы. Расія была тут найгоршым прыкладам. У іх тэрмін альтэрнатыўнай службы ў 1,75 разу даўжэйшы за тэрмін вайсковай службы. Па гэтай прычыне ў іх усяго каля 300 чалавек за год абіраюць альтэрнатыўную службу. А каб тэрмін быў у два разы даўжэйшы — гэта адназначна не, выбачайце.
Трэцяя рэч — гэта ўмовы: чалавек атрымлівае фіксаваны заробак. Я нават параўноўваў гэта з «хатняй хіміяй» — там умовы лепшыя атрымліваюцца! Чалавек на «хатняй хіміі» можа змяняць месца працы — галоўнае, каб працаваў. А фіксаваны заробак без залежнасці ад умоў працы і яе якасці — гэта, мне падаецца, камунізм. Гэта выпадак, калі дзяржава не хоча атрымаць эфектыўную працу.
Чацвёрты момант — гэта тое, што чалавек мусіць служыць шэсць дзён на тыдзень. Маўляў, ён не звычайны супрацоўнік, а прызыўнік, дык няхай шэсць дзён служыць.
Ідэальны закон павінен быць такі, каб сістэма была карыснай і для асобы, і для дзяржавы.