Лідара нацыяналістычнага руху «Рускія» Дзмітрыя Дзёмушкіна выклікалі на размову ў Федэральную службу бяспекі (ФСБ), паведамляе »ОВД-Инфо».

Па словах Дзёмушкіна, яго выклікалі на аўторак 16 чэрвеня, не назваўшы прычыну для гутаркі.

Таксама нацыяналіст распавёў АУС-Інфа, што ў аддзел паліцыі, дзе знаходзяцца затрыманыя падчас турніру па нажавым баі, прыйшло распараджэнне ФСБ ўстанавіць асобы ўсіх дастаўленых у АУС Зяблікава.

Як удакладніў Дзёмушкін, удзельнікі турніру па нажавым баі былі затрыманыя па даручэнні ФСБ. Ён адзначыў, што сярод затрыманых ёсць і ўдзельнікі спаборніцтва, і супрацоўнікі спарткомплексу, у якім павінен быў прайсці турнір. Усяго сілавікі затрымалі 49 чалавек.

Паводле інфармацыі АУС-Інфа, супрацоўнікі аддзела паліцыі адпускаюць затрыманых без складання пратаколаў, але прымусова праводзяць ім дактыласкапію.

Паводле паведамленняў у групе школы нажавога бою, якая ўдзельнічала ў арганізацыі турніру, ва «УКантакце», спаборніцтва сарвалі АМАП і ФСБ.

У групе распавялі, што супрацоўнікі ФСБ, якія ўдзельнічалі ў сённяшнім затрыманні, прысутнічалі пры затрыманні Дзёмушкіна і яшчэ 40 чалавек падчас нібыта вечарынкі ў гонар Гітлера. Тады нацыяналіст заявіў, што сустрэча была прысвечана падрыхтоўцы чарговага турніру па нажавым баі, а не дню нараджэння Гітлера.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?