Поўнае месяцовае зацьменьне 2008 году пройдзе ўначы з 20 на 21 лютага, калі Месяц будзе знаходзіцца ў задыякальным знаку Панны. Пры бясхмарным надвор’і беларусы змогуць пабачыць гэтую незвычайную астранамічную зьяву, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абсэрваторыі БДУ.

Прыватнае месяцовае зацьменьне пачнецца ў 3 гадзіны 43 хвіліны, у 5 гадзін 4 хвіліны наступіць поўнае зацьменьне, якое дасягне свайго піку ў 5 гадзін 26 хвілін і скончыцца ў 7 гадзін 9 хвілін. Зацьменьне лепш за ўсё будзе бачнае ў Амэрыцы, Заходняй Афрыцы, паўднёвым захадзе Азіі ды Эўропе. Немагчыма будзе яго назіраць ва Ўсходняй Азіі й Аўстраліі. Працягласьць поўнай фазы — каля 51 хвіліны.

У абсэрваторыі БДУ адзначылі, што поўнае месяцовае зацьменьне — адна з самых відовішчных астранамічных зьяў. Месяц пагружаецца ў конус зямнога ценю (Зямля пры гэтым знаходзіцца на лініі, якая злучае Сонца й Месяц) і набывае чырванаватае ці карычневае адценьне. Ягоны колер залежыць ад стану верхніх слаёў зямной атмасфэры.

Назіраць гэты працэс можна два разы на год у любой кропцы Зямлі, у якой Месяц знаходзіцца над гарызонтам. Другое й апошняе зацьменьне 2008 году, частковае месяцовае зацьменьне ў Вадаліве, адбудзецца 17 жніўня й будзе візуальна назірацца ва ўсходняй Паўднёвай Амэрыцы, Эўропе, Афрыцы й Азіі.

Першае поўнае месяцовае зацьменьне зарэгістравана ў старадаўніх кітайскіх летапісах. З дапамогай разьлікаў удалося высьветліць, што яно адбылося 29 студзеня 1136 году да нашай эры. Яшчэ тры поўныя месяцовыя зацьменьні зафіксаваныя ў «Альмагесьце» Клаўдзія Пталемея (19 сакавіка 721 году да нашай эры, 8 сакавіка й 1 верасьня 720 году да нашай эры).

БЕЛТА

Глядзі яшчэ:
Зацьменьне Месяца ў Менску. Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0