16.06.2015 / 17:22

Почему трактор не конь — 7 принципиальных отличий 20

Праз тое, што і першае, і другое шырока выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, праз тое, што конь ходзіць на чатырох капытах, а трактар — на чатырох колах, апошнім часам зноў пачалі сустракацца выказванні, у якіх людзі блытаюць каня і трактар.

Між тым, нельга аспрэчыць аб’ектыўныя факты: адметнасці, якія сфармавалі менталітэт каня і трактара, іх духоўнасць, іх выгляд, не дазваляюць і надалей назіраць за змяшэннем гэтых даволі заўважна адрозных паняццяў.

  1. Конь мае хвост, трактар — пакуль не. Звычайна за трактарам можна пабачыць механічную навесную сістэму, якая бывае маятнікавая, рычажна-маятнікавая ці проста рычажная. Але цалкам памылкова блытаць гэтую сістэму з хвастом. Функцыя хваста — маханне, якое дазваляе каню адганяць мух і аваднёў. Авадні пракусваюць скуру каня і наносяць яму маральныя і фізічныя пакуты, што ў сваю чаргу істотна зніжае яго працаздольнасць. Функцыя навеснай механічнай сістэмы — пасярэдніцтва паміж рухальнымі здольнасцямі трактара і агрэгатам, які ідзе за ім. Так, напрыклад, на ўніфікаваную маятнікавую навеску можна начапіць насос і палівальны агрэгат: першы будзе напампоўваць ваду ў другі, што дазволіць забяспечыць вадкасцю вялікія плошчы сельскагаспадарчых палеткаў. У сваю чаргу, усе спробы ўсталяваць насос і палівальны агрэгат на хвост каня не дадуць высокаэфектыўнага выніку і скончацца псаваннем каштоўнай тэхнікі і, магчыма, хваста каня.
  2. Трактары бываюць прапашнымі, прамысловага і агульнага карыстання. У сваю чаргу, коні акрамя сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюцца яшчэ ў спорце і адпачынку (так званыя «выездка», «канкур» і г. д.). Такім чынам, нават функцыянальнае прызначэнне коней і трактароў мае істотныя разыходжанні. Існуе нават асобная спецыяльнасць чалавека, які стала выкарыстоўвае каня па-за сельскай гаспадаркай, яго завуць «жакей». «Жакеяў», якія б кіравалі трактарамі, у прыродзе не існуе.
  3. Конь выкарыстоўваецца ў геральдыцы і можа быць, у прыватнасці, заўважаны на гербе Літоўскай рэспублікі, дзе на ім сядзіць вершнік з мячом і шчытом. У 1990-я з ініцыятывы палітызаваных груп дэпутатаў Вярхоўнага Савета былі здзейсненыя спробы прыцягнуць каня да аздаблення дзяржаўнага герба і Рэспублікі Беларусь, але яны не знайшлі падтрымкі шырокіх мас насельніцтва. З тае пары гербам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца размешчаны ў сярэбраным полі зялёны контур дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промнi ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Наверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб аблямаваны вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай. Кожны беларус абавязаны любіць і шанаваць свой герб. Трактары ў геральдыцы не выкарыстоўваюцца зусім — яшчэ адно выбітнае адрозненне іх ад коней.
  4. Трактары шырока выпускаюцца прамысловасцю нашай краіны, у прыватнасці, прадпрыемствам МТЗ. Кожны дзясяты трактар у свеце зроблены МТЗ. Прадпрыемства было заснаванае ў 1946 годзе, на ім па стане на 2013 год працуе 21 тыс. чалавек. Знутры завод — гэта цэлы горад, з вуліцамі, кветнікамі, крамамі і зонамі адпачынку. У сваю чаргу, вытворчасць коней належыць выключна татам коней і мамам коней. У дадзены момант вылучаюць 3 асноўныя спосабы вытворчасці коней з дапамогай кабыл і жарабцоў: табунны, варковы і ручны. Усе гэтыя спосабы не вымагаюць сталеліцейнага працэсу, вытворчасці кампанентаў, вузлоў і агрэгатаў, з якіх складаецца конь: усё адбываецца «само сабой» і рэгулюецца «прыродай».
  5. Трактары «Беларус» сёння выпускаюцца ў чырвона-чорнай гаме. За савецкім часам яны былі ў асноўным блакітнымі. У той час як блакітных коней не бывае ў прынцыпе, блакітнымі яны могуць стаць толькі калі іх адмыслова пафарбаваць. Фарбаванне коней у блакітны — справа даволі бессэнсоўная, бо акварэльныя і акрылавыя фарбы будуць з іх змывацца дажджамі, а алейныя створаць эфект цеплавой падушкі, што будзе замінаць працаздольнасці каня і выкананні іх асноўных функцый на полі.
  6. Сапраўды, і трактар, і конь вымагаюць сілкавання і без яго могуць спыніць выкананне асноўных функцый на полі. Але трактар сілкуецца дызельным палівам, а спробы падсілкаваць дызельным палівам каня, у тым ліку ўнутрывенна, не прыводзілі да жаданага рэзультату. Конь, у сваю чаргу, есць авёс, які можа цалкам знішчыць дызельны рухавік, калі паспрабаваць замяніць ім сумесь паліва і алівы. Арыентаванымі на гаспадарку навуковымі інстытутамі Рэспублікі Беларусь вядуцца спробы выпрацоўкі ўніфікаванага «біяпаліва» на рапсавай аснове, якое, гіпатэтычна, можа стаць прыдатным для трактароў і, у той ці іншай ступені, зацікавіць і заводчыкаў коней. Але да ўстойліва станоўчага выніку тут пакуль далёка.
  7. Адна з прынцыповых адметнасцяў трактара — наяўнасць малаабароцістага рухавіка, а таксама каробкі перамены перадач з шасцернямі пастаяннага зачаплення, якія дазваляюць выкарыстоўваць атракцыі, што дае малаабароцісты рухавік. Да таго ж трактар мае мець браніраваную ніжнюю частку адсеку рухавіка — для абароны рухавіка ад камянёў, што пераскокваюць праз адвал. Калі мы звернемся да кампанентаў каня, мы пабачым што ён складаецца з шыі, тулава, ног, хваста і галавы з вушамі:няма ні малаабароцістага рухавіка, ні каробкі перадач, ні абароненага адсеку рухавіка. Каня трэба сядлаць ці запрагаць, у той час як сядло прысутнічае ў структуры кабіны трактара ўвесь час, гэтак жа як і навесная механічная сістэма: рычажная, маятнікавая ці рычажна-маятнікавая.

P.S. Гэты тэкст — мой унёсак у палеміку маіх шаноўных сучаснікаў Сяргея Дубаўца, Андрэя Дынько і Яўгена Ліпковіча на тэму таго, чым беларусы адрозніваюцца ад расіян і наадварот. Калі сур’ёзныя людзі старанна шукаюць аргументы, зазіраюць у гісторыю, каб абгрунтаваць тое, што ніякага абгрунтавання не вымагае, гэта выглядае гэткім жа сюрам, як і пададзены вышэй тэкст.

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

0
бібліёграф / Ответить
16.06.2015 / 15:41
Мабыць нехта ўжо напіша нешта кшталту "Чаму В.Марціновіч не Янка Купала?" P.S Пачаў чытаць адразу з P.S
0
Аршанец / Ответить
16.06.2015 / 15:50
Што за хрэнь
0
Ліцьвін / Ответить
16.06.2015 / 16:02
Дзякуй аўтару, цікава было прачытаць! І Віктар Марціновіч мае безумоўна рацыю - мы не маскалі, маскалі не мы :-)
Показать все комментарии/ 20 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера