Будаўніцтва другой Мінскай кальцавой аўтадарогі з 20 чэрвеня будзе весціся кругласутачна, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін.
Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, 15 чэрвеня Калінін азнаёміўся з ходам будаўніцтва другой МКАД. Ён наведаў участак ад Астрашыцкага Гарадка да скрыжавання з аўтадарогай Р28 Мінск — Маладзечна.
Паводле слоў Анатоля Калініна, сёлета закуплена і ўстаноўлена абсталяванне для дзвюх вытворчасцей цяжкага бетону, дагэтуль бралі матэрыял у пабочнай кампаніі. «Хуткасць укладкі дарогі — адзін метр у хвіліну. Літаральна праз пяць дзён мы плануем выйсці на кругласутачны рэжым працы», — адзначыў віцэ-прэм'ер.
Адкрыццё руху па першым участку ад Астрашыцкага Гарадка да скрыжавання з аўтадарогай Р28 Мінск — Маладзечна запланавана на верасень.
На будаўніцтва другой МКАД Банкам развіцця выдзелена прыкладна 2 трлн. рублёў. «Акрамя таго, мы вядзем будаўніцтва дарогі Р23. Сёлета павінны выйсці да 102 км», — канстатаваў віцэ-прэм'ер.
Анатоль Калінін звярнуў увагу на стварэнне элементаў азелянення ўздоўж дарожнай паласы другой кальцавой. «Чыстая дарога манатонная, вадзіцелі ад яе стамляюцца. Калі дарога адрозніваецца элементамі добраўпарадкавання, азеляненнем, то і выгляд, і камфорт у яе іншы», — патлумачыў ён. Так, восенню плануецца аформіць некалькі ўчасткаў, пасля чаго адбудзецца абмеркаванне і выбар найбольш прымальнага варыянта.
Як паведамляў БелаПАН, работы па будаўніцтве другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы былі адноўлены ў сакавіку 2014 года. МКАД-2 будуюць па параметрах першай катэгорыі. Прадугледжаны чатырохпалосны рух, па дзве паласы ў кожным напрамку, асвятленне асобных участкаў, двухбаковая бар'ерная агароджа з раздзяляльнай паласой, шумаахоўныя экраны паблізу жылых забудоў. Агульная працягласць складзе каля 160 км, з іх 85 — новыя ўчасткі.
Нагадаем, раней планавалася завяршыць першы этап да 1 студзеня 2016 года. На другім этапе будзе пабудаваны ўчастак, які будзе звязваць гродзенскі напрамак з брэсцкім, тэрмін заканчэння работ — 1 студзеня 2017 года.
Новыя ўчасткі МКАД-2 будуць у цэментабетонным выкананні.